362-гі дзень на вайне. Зяленскі заявіў, што для ўкраінцаў істотна абараніць Бахмут, але не любым коштам

Самае галоўнае, што адбылося на вайне да гэтай хвіліны — у нашай штодзённай падборцы.

Фота: «Reuters»

Фота: «Reuters»

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў у інтэрв'ю «Corriere della Sera», што Кіеў не будзе змагацца за Бахмут любым коштам.
«Мы будзем ваяваць, пакуль гэта разумна. Расійцы потым жадаюць далей да Краматорска і Славянска, да меж Данбаса і да Дняпра, калі яны змогуць. Мы супраціўляемся, а тым часам рыхтуем свой контрнаступ», — сказаў Зяленскі.
Баі за Бахмут у Данецкай вобласці ідуць са жніўня 2022 года, калі ўкраінскія войскі адступілі, а расійскія нацэліліся на Славянск і Краматорск.
Ён таксама зазначыў, што нягледзячы на планы Крамля зацягнуць канфлікт Украіна рыхтуецца да кароткай вайны і да перамогі ў ёй.
«Чым хутчэй яна будзе, тым менш у нас будзе ахвяр. Нашы салдаты больш матываваныя, таму што яны абараняюць свае сем'і, свае дамы. З іншага боку, мы бачым, што эканамічныя санкцыі супраць Масквы — гэта вялікая дапамога, яны даюць нам час і прастору для самаарганізацыі», — дадаў украінскі прэзідэнт.
*****
За мінулыя суткі расійскія войскі нанеслі 10 ракетных і 25 авіяцыйных удараў па Луганскай, Данецкай і Запарожскай абласцях. Таксама УС РФ здзейснілі 62 абстрэлы з РСЗА.
Армія РФ працягвае засяроджваць асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Шахцёрскім кірунках.
Расійскія вайскоўцы здзяйсняюць ціск на грамадзянскае насельніцтва на часова акупаваных тэрыторыях. У Херсонскай вобласці расійцы арганізуюць месцы для незаконнага ўтрымання грамадзян Украіны, якіх падазраюць у супрацоўніцтве з УСУ.
Авіяцыя УСУ нанесла 20 удараў па раёнах засяроджвання асабовага складу і ваеннай тэхнікі арміі РФ, сем удараў — па пазіцыях зенітна-ракетных комплексаў ВС РФ і два ўдары па іншых істотных аб'ектах.
Таксама ўкраінская авіяцыя збіла расійскі самалёт Су-25, два беспілотнікі «Арлан-10» і два робаты-камікадзэ «Ланцэт-3»
*****
20 лютага ва Украіне адзначаюць Дзень Герояў Нябеснай Сотні. У Рэвалюцыі Годнасці ў 2014 годзе прынялі ўдзел 4 мільёны чалавек з усёй Украіны. Толькі 20 лютага на Майдане ў Кіеве загінулі 47 чалавек.
*****
У Луганскай вобласці працягваецца асноўны этап наступу расійскіх войскаў, паведамляе ISW. Аналітыкі дадаюць, што Расія, хутчэй за ўсё, не мае дастатковай колькасці незадзейнічаных рэзерваў, каб павялічыць маштаб або інтэнсіўнасць наступу гэтай зімой.