399-ты дзень вайны. Зяленскі патлумачыў упартую абарону Бахмута
Расія працягвае наступ на Бахмут і коштам вялікіх стратаў дамагаецца нязначных поспехаў. Гэты горад, які расійскія войскі штурмуюць ужо 10 месяцаў, падаецца, мае псіхалагічнае значэнне для абодвух бакоў.
Бахмут
Украінскі Генштаб у зводцы на раніцу серады вельмі лаканічна паведамляе, што расійцы атакуюць на паўночным адрэзку фронту і ў раёнах Аўдзееўкі і Мар'інкі, але іх атакі беспаспяховыя. У адносінах да атак праціўніка ў Бахмут Генштаб гэтае слова — «беспаспяховыя» — не ўжывае.
«На Бахмуцкім кірунку вораг працягвае штурмавыя дзеянні ў горадзе Бахмут. Тым не менш, нашы абаронцы мужна трымаюць горад, адбіваюць шматлікія атакі праціўніка», — паведамляе Генштаб і далей распавядае аб адбітых, як ён сцвярджае, нападах у раёнах на паўночны захад і паўднёвы захад ад Бахмута.
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) у апошняй зводцы піша, што, паводле яго ацэнак, расійцы за апошні тыдзень узялі пад кантроль яшчэ прыкладна пяць адсоткаў тэрыторыі Бахмута, і цяпер займаюць каля 65% тэрыторыі горада.
ISW піша, спасылаючыся на паведамленні расійскіх крыніц і геалакаванныя відэа, што з поўдня часткі ПВК «Вагнер» прасунуліся да самага цэнтра, да рынку і Палаца культуры, размешчанага побач з будынкам гарсавета; на паўночным захадзе горада ПВК «Вагнер» цалкам узялі тэрыторыю АЗОМ — завода па апрацоўцы каляровых металаў — і прасунуліся ў прамзону на поўдзень.
Варта адзначыць, што плошча Бахмута — гэта крыху больш за 40 квадратных кіламетраў. Такім чынам, 5% тэрыторыі горада — гэта каля двух квадратных кіламетраў.
Уладзімір Зяленскі падчас паездкі з Сумскай вобласці ў Кіеў даў інтэрв'ю агенцтву Associated Press. У ім ён патлумачыў значэнне Бахмута.
«Калі Бахмут будзе захоплены расійскімі войскамі, Уладзімір Пуцін прадасць гэтую перамогу Захаду, свайму грамадству, Кітаю, Ірану», — сказаў Зяленскі.
На яго думку, цяпер практычна любая параза можа паставіць пад пагрозу тэмпы супраціву Украіны. «Мы не можам прапускаць крокі, таму што вайна — як пірог — складаецца з кавалачкаў перамог. Маленькія перамогі, маленькія крокі», — сказаў ён.
Іншыя напрамкі фронту
Самыя «гарачыя» баі з акупантамі ідуць у раёнах Белагораўкі, Бахмута, Аўдзееўкі і Мар'інкі. Войскі РФ засяроджваюць асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. У эпіцэнтры баявых дзеянняў застаюцца Белагораўка, Бахмут, Аўдзееўка, Мар'інка і іх наваколлі, паведаміў Генеральны штаб УСУ ў ранішняй зводцы 29 сакавіка.
Адзначаецца, што дзякуючы прафесійным і зладжаным дзеянням сілы абароны за мінулыя суткі адбілі 57 атак праціўніка.
З 24 лютага 2022 года па 29 сакавіка 2023 года агульныя страты асабовага складу расійскіх войскаў на тэрыторыі Украіны меркавана склалі 172 340 чалавек (+610 за суткі).
У той жа час расійскія войскі абстралялі чатыры грамады Сумскай вобласці, у адной з іх зафіксавана 90 трапленняў з аўтаматычнага гранатамёта і 10 трапленняў з супрацьтанкавага гранатамёта.
Таксама за мінулыя суткі расіяне 34 разы абстралялі Херсонскую вобласць, у тым ліку горад Херсона абстралялі тройчы, выпусціўшы 17 снарадаў. Адзін чалавек паранены.
У Прыгожына — прэзідэнцкія амбіцыі?
Верхавод ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын выкарыстоўвае свой уплыў на медыяполе ў Расіі, каб прадставіць сябе як прэтэндэнта на прэзідэнцкіх выбарах у 2024 годзе, гаворыцца ў аналітыцы Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Нядаўна ўласнае навінавае агенцтва Прыгожына апублікавала інтэрв'ю з ім, якое візуальна капіюе розныя інтэрв'ю з расійскім кіраўніком Уладзімірам Пуціным. Да гэтага відэа з Прыгожыным выглядалі інакш — ён выбіраў кадры ў дынаміцы або нагадваюць поле бою.
«Прыгожын таксама выкарыстаў гэтае інтэрв'ю, каб паўтарыць свае папярэднія аргументы аб неабходнасці прышчапіць расійскім байцам жорсткую ідэалогію і намякнуць, што Мінабароны Расіі наўмысна пазбаўляе групу “Вагнера” артылерыйскіх боепрыпасаў», — піша ISW.
Аналітыкі мяркуюць, што пародыя кінематаграфічнага стылю інтэрв'ю Пуціна можа быць выкарыстаная ў рамках большай кампаніі тролінга з мэтай нападу на Крэмль, або правесці маўклівыя паралелі паміж Прыгожыным і Пуціным.
Аналітыкі лічаць, што нядаўнія паводзіны Прыгожына — незалежна ад яго намеру распаўсюджваюць у расійскім грамадстве наратыў, што ён мае вялікія палітычныя памкненні ў Расіі.
The Wall Street Journal піша, што праз вайну і ўведзеныя супраць Расіі санкцыі эканоміка Расіі пачынае абрынацца. Выданне адзначае, што першыя месяцы расійскага ўварвання ва Украіну летась выклікалі рост коштаў нафты і прыроднага газу, што прынесла Маскве велізарныя прыбыткі, аднак гэтыя дні прайшлі.
Вайна працягваецца ўжо другі год, а заходнія санкцыі становяцца ўсё больш жорсткімі, дзяржаўныя даходы Расіі скарачаюцца, а яе эканоміка перайшла на траекторыю больш нізкіх тэмпаў росту, верагодна, на доўгатэрміновую перспектыву.
Найбуйнейшыя экспартныя тавары краіны — газ і нафта – страцілі асноўных пакупцоў. Рубель знізіўся больш чым на 20% з лістапада ў адносінах да долара. Рабочая сіла скарацілася, паколькі моладзь сыходзіць на фронт або бяжыць з краіны з-за боязі быць прызванай у войска. Таксама нявызначанасць стрымлівае інвестыцыі ў бізнес.
Паводле РБК-Україна, ВВС, Карэспандэнт, Украінская праўда