452-гі дзень вайны. Прыгожын зноў «узяў Бахмут» і зноў сыходзіць адтуль
Кіраўнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын заявіў пра поўны захоп Бахмута. Мінабароны Расіі спрабуе прымазацца да «перамогі», Пуцін рыхтуецца святкаваць, а ўкраінскія ўзброеныя сілы кажуць, што баі ў Бахмуце працягваюцца.
Бахмут захоплены? Не факт.
20 траўня кіраўнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын заявіў, што яго баевікі цалкам кантралююць горад. Праз паўдня пасля заявы Прыгожына аб поўным захопе Бахмута з аналагічнай заявай выступіла Мінабароны Расіі. У афіцыйным тэлеграм-канале Мінабароны напісалі, што горад узяты «ў выніку наступальных дзеянняў штурмавых атрадаў “Вагнер” пры падтрымцы артылерыі і авіяцыі Паўднёвай групоўкі войскаў».
Неўзабаве пасля гэтага расійскія дзяржагенцтвы са спасылкай на Крэмль паведамілі, што прэзідэнт Уладзімір Пуцін «павіншаваў вагнераўцаў і вайскоўцаў ВС РФ з вызваленнем Арцёмаўска» (так расійскія ўлады называюць Бахмут). У Крамлі абяцалі прадставіць да дзяржузнагародаў тых, хто «адзначыўся» ў баях, перадаў ТАСС. На сайце Крамля паведамленне аб віншаванні Пуціна і абяцанне ўзнагарод пакуль адсутнічаюць.
Украінскія вайскоўцы ўзяцце Бахмута не пацвярджаюць. «Нашы падраздзяленні працягваюць баі ў Бахмуце», — казаў учора днём агенцтву Reuters спікер Усходняй групоўкі войскаў УСУ Сяргей Чараваты. Намеснік міністра абароны Украіны Ганна Маляр заяўляла, што сітуацыя ў Бахмуце крытычная, але ўкраінскія вайскоўцы кантралююць некаторыя аб'екты.
Паводле зводкі Геншаба УСУ на раніцу 21 траўня, «праціўнік працягвае засяроджваць асноўныя намаганні на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім кірунках. На Бахмуцкім кірунку вораг працягвае весці наступальныя дзеянні. Не спыняюцца баі за горад Бахмут. Увогуле, за мінулыя суткі, адбылося 53 баявыя сутыкненні на названых участках фронту, у эпіцэнтры баявых дзеянняў застаюцца Бахмут і Мар'інка».
Ацэнка экспертаў: узяцце Бахмута пакуль не пацвярджаецца
Свежая зводка Амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) прысвечана сітуацыі вакол Бахмута. ISW піша, што на момант публікацыі зводкі не бачыў геалакаваных кадраў, якія пацвярджаюць заявы Прыгожына.
Пры гэтым, кажуць эксперты, нават калі заява кіраўніка ПВК «Вагнер» — праўда, гэтая «перамога» ўсё роўна з'яўляецца сімвалічнай. Заяўлены Прыгожыным захоп пакінутых кварталаў у Бахмуце не мае стратэгічнага значэння, і гэта не дазволіць знясіленым сілам ПВК або расійскай арміі стварыць значны плацдарм для далейшых наступальных аперацый, гаворыцца ў зводцы. Украінскія контратакі на поўнач, захад і паўднёвы захад ад Бахмута ўскладняць любое далейшае прасоўванне расійскіх войскаў за межы горада ў бліжэйшай перспектыве.
ISW таксама звяртае ўвагу на тое, што Прыгожын не толькі заявіў аб узяцці горада, але і абвясціў, што ПВК «Вагнер» 25 траўня перадасць адказнасць за горад расійскім вайскоўцам. Аднак эксперты адзначаюць, што адыход у судотыку з праціўнікам — надзвычай складаная задача, з якой сілы ПВК «Вагнер» наўрад ці справяцца ў пяцідзённы тэрмін, адведзены Прыгожыным.
Заява Прыгожына аб намеры адступіць можа быць спробай увесці ў зман украінскія сілы, каб правесці контратаку праз Бахмут, гаворыцца ў зводцы.
Ваенныя эксперты лічаць, што расійскай арміі, верагодна, усё роўна спатрэбіцца перакінуць дадатковыя сілы на бахмуцкі кірунак, нават калі «Вагнер» застанецца ў Бахмуце. Гэтыя дадатковыя сілы могуць быць прызначаныя для ўдзелу ў аперацыі па замене «Вагнера» (што памяншае, але не адмяняе апісаныя вышэй сцэнары), але больш верагодна, што яны будуць прызначаныя для забеспячэння бяспекі флангаў Бахмута, заключаюць у ISW.
Навошта Прыгожыну Бахмут?
Прадстаўнік Усходняй групоўкі УСУ Сяргей Чараваты ў каментары для «Вільні радіо» патлумачыў заяву Прыгожына аб поўным захопе Бахмута тым, што кіраўнік ПВК хоча як мага хутчэй вывесці сваіх наймітаў з разбуранага горада, які можа быць акружаны ўкраінскімі вайскоўцамі.
З Чараватым згодныя і некаторыя эксперты. Напрыклад, тэлеграм-канал CYNIC піша, што «"Вагнер" заканчвае (на дадзены момант) сваё ваеннае існаванне ў рамках вайны з Украінай. Прычына ў гэтым самая простая — скончыліся людзі. Пры гэтым Прыгожыну “стужачкай” закруцілі жэст ўключэння ў пятлю. У пятлю (у аператыўнае акружэнне) пры гэтым будуць узятыя не самі “вагнераўцы”, а расійцы, якія прыйдуць на змену наймітам Прыгожына».
Вайна з мірнымі жыхарамі
Расійцы па-ранейшаму наносяць удары па Украіне. Аднак у мінулыя суткі не было маштабных ракетных удараў, як у папярэднія дні. Мабыць, ракеты скончыліся.
Расійскія войскі 20 траўня абстралялі горад Тарэцк у Данецкай вобласці з РСЗА «Град», у выніку чаго параненыя 6 цывільных, уключаючы дзіця, пашкоджаныя грамадзянскія аб'екты.
У суботу 20 траўня Харкаў атакавалі дронам-камікадзэ «Ланцэт», ён трапіў у будынак аб'екта інфраструктуры ў Слабадскім раёне. Акрамя таго, у горадзе Купянск праз абстрэл пацярпелі двое мужчын.
У Сумскай вобласці за дзень зафіксавалі 56 выбухаў у чатырох супольнасцях, пашкоджаныя два прыватныя жылыя дамы.
За суткі войскі РФ выпусцілі па Херсоншчыне 314 снарадаў — два чалавекі загінулі, яшчэ двое атрымалі раненні.
Вакол вайны
Папа Рымскі Францыск папрасіў кіраўніка італьянскай Епіскапальнай канферэнцыі Матэа Зупі арганізаваць міратворчую місію, каб паспрабаваць дамагчыся перамір'я ва Украіне, паведаміў Ватыкан.
Паводле звестак выдання Il Sismografo, Зупі павінен быў адправіцца ў Кіеў, а ў Маскву планаваў паехаць прэфект Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці.
Францішак упершыню загаварыў пра намер арганізаваць міратворчую місію, калі вяртаўся з паездкі ў Венгрыю ў красавіку, але тады ён не паведаміў падрабязнасцяў.
На саміце G7 прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі распавёў формулу міру. «Пакуль расійскія захопнікі застаюцца на нашай зямлі, ніхто не сядзе за стол перамоваў з Расіяй. Каланізатар павінен сысці. Але свет мае сілу, дастатковую для таго, каб крок за крокам прымусіць Расію аднавіць мір. Мы даказалі гэта», — заявіў Зяленскі.
Паводле яго, «перамір'е не працавала. Яно доўжылася сем гадоў, і за гэты час загінулі тысячы людзей. Цяпер нічога не змянілася, акрамя таго, што мы, абараняючыся, значна аслабілі Расію».
Ён падкрэсліў, што цяпер Масква адкрыта шукае замарозкі вайны, каб нарасціць сілы і зноў ударыць. «Вось чаму патрэбныя наша формула міру і міжнароднае права», сказаў ён.
ЗША вылучаюць для Украіны новы пакет ваеннай дапамогі. Ён уключае ў сябе дадатковыя боепрыпасы, артылерыю і браняваную тэхніку. Адпаведную заяву зрабіў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. Амерыканскі лідар анансаваў новы пакет падчас сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім на палях саміту G7.