462-гі дзень вайны. Вайна ў Расіі. Жыхарам Масквы раяць прывыкаць да атак беспілотнікаў

Вайна прыходзіць у Расію. У Белгародскай вобласці і Краснадарскім краі паведамляюць аб абстрэлах і нападах дронаў, а ў Маскве раяць прывыкаць да атак беспілотнікаў. Тым часам Бахмут як найбольш гарачая кропка вайны знікае са зводак.

Ілюстрацыйнае фота 

Ілюстрацыйнае фота 


Зводка Генштаба Украіны

Як паведамілі ў Генштабе, расійцы нанеслі 64 авіяцыйныя і адзін ракетны ўдар, здзейснілі 88 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. За мінулыя суткі СПА Украіны знішчыла 32 ударныя БПЛА тыпу «Shahed».

На бахмуцкім напрамку на працягу мінулых сутак войскі РФ наступальных дзеянняў не праводзілі. На аўдзееўскім армія РФ вяла наступальныя дзеянні ў кірунку да Паўночнага, поспеху не мела. На мар'інскім УСУ адбілі ўсе атакі праціўніка ў раёне горада Мар'інка, а таксама ў напрамку населеных пунктаў Перамога і Новаміхайлаўка.

На валынскім і палескім кірунках (з боку Беларусі) аператыўная абстаноўка без асаблівых змен.

Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што тэмпы наступальных дзеянняў Расіі і Украіны на бахмуцкім кірунку на 30 траўня засталіся нізкімі. Генштаб Украіны паведаміў, што 30 траўня расійскія войскі не рабілі там наступальных дзеянняў.

Намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр заявіла, што на бахмуцкім кірунку расійскія войскі робяць замену і перагрупоўку сіл, а ўкраінскія сілы сканцэнтраваны на іншых задачах і ўжо некалькі дзён не прасоўваюцца на паўночную і паўднёвую ўскраіны Бахмута.

Прадстаўнік Усходняй групы войскаў Украіны палкоўнік Сяргей Чараваты заявіў, што ўкраінскія сілы знішчылі наступальны патэнцыял «Вагнера» і што ўкраінскія ўдары па расійскіх войсках наносяць значныя страты — 80 забітых і 119 параненых па стане на 30 траўня — падчас аказання дапамогі на месцы.

Чараваты адзначыў, што за апошнія дні на бахмуцкім напрамку адбыліся толькі два-тры баявыя дзеянні, а 30 траўня ніводнага баявога сутыкнення не было. Аднак некаторыя расійскія крыніцы сцвярджаюць, што ўкраінскія сілы праводзілі абмежаваныя контратакі.


Атака дронаў

Атака дронаў на Маскву стала галоўным прадметам абмеркавання ў экспертным і палітычным асяроддзі. Аналітыкі ISW пішуць, што Уладзімір Пуцін спрабуе паменшыць значэнне атакі дронаў на Маскву 30 траўня, каб не раскрываць абмежаваныя магчымасці РФ для «адказу» Украіне, якой Крэмль прыпісвае адказнасць за налёт БПЛА.

Пуцін заявіў, што войскі РФ нібыта нанеслі ўдар па штаб-кватэры ўкраінскай вайсковай выведкі «два-тры дні таму» і што Расармія прадаўжае рэагаваць на «вайну Украіны супраць Данбаса», наносячы ўдары па ўкраінскай «вайсковай інфраструктуры». І намякнуў, што ўдар беспілотнікаў па Маскве быў адказам Кіева на расійскія ўдары.

Акцэнт Пуціна на мінулых і бягучых ракетных ударах, верагодна, з'яўляецца спробай паказаць, што РФ ужо актыўна прымае меры ў адказ і ёй не трэба рэагаваць «на далейшыя ўкраінскія правакацыі», лічаць эксперты.

«Пуцін паслядоўна рэагаваў на сапраўдныя і меркаваныя дзеянні Украіны, аддаючы загады аб масіраваных ракетных і беспілотных кампаніях, магчыма, праз няздольнасць расійскіх войскаў дамагчыся якіх-небудзь вызначальных вынікаў на полі бою», — гаворыцца ў публікацыі.

Ва ўрадзе Расіі парэкамендавалі расійцам прывыкаць да нападаў дронаў, паведамляе «The Moscow Times» са спасылкай на неназванага высокапастаўленага чыноўніка. «Думаю, нам давядзецца з гэтым жыць дастаткова доўга. Канфлікт з Украінай зацягваецца. У такіх умовах рызыкі растуць для ўсіх — і для простых расійцаў, і для эліт», — сказаў чыноўнік.

Кіраўнік камітэта Дзярждумы ПФ па інфармацыйнай палітыцы, інфармацыйных тэхналогіях і сувязі Аляксандр Хінштэйн заявіў, што атака дронаў на Масвку — «новая рэальнасць, якую трэба будзе ўсвядоміць».

У МЗС Вялікабрытаніі заявілі, што Украіна мае законнае права ўжываць ваенную сілу за межамі сваёй тэрыторыі для самаабароны, каб падрываць здольнасць Расіі выкарыстоўваць ваенную сілу ва Украіне. Пра гэта, каментуючы атаку дронаў на Маскву, заявіў кіраўнік МЗС Вялікабрытаніі Джэймс Клеверлі.

Спікер Генеральнага сакратара ААН Стэфан Дзюжарык заявіў, што ААН асуджае любыя атакі на грамадзянскія аб'екты, аднак адзначыў: «Ніяк нельга параўноўваць напад дронаў на Маскву з тымі абстрэламі Украіны, якія адбываюцца ўвесь час».

347266304_815387743262847_819151559394317021_n.jpg


Расія губляе ініцыятыву ў вайне

З пачатку траўня 2023 года Расія ўсё часцей саступае ініцыятыву і рэагуе на дзеянні Украіны, а не актыўна рухаецца да ўласных вайсковых мэт, піша Міністэрства абароны Вялікабрытаніі ў Twitter.

Як адзначаецца ў зводцы, у аператыўным дачыненні расійскае камандаванне, імаверна, спрабуе сфарміраваць рэзервовыя сілы і размясціць іх там, дзе, на іх думку, можа адбыцца контрнаступленне з боку Украіны. Аднак гэтыя дзеянні зрываюцца ў сувязі з неабходнасці адпраўляць войскі для запаўнення праломаў на лініі фронту вакол Бахмута.

Акрамя таго, адзначаюць у Брытанскай выведцы, у траўні Расія цягам 20 начэй наносіла ўдары дронамі-камікадзэ і крылатымі ракетамі ўглыб Украіны.

«Расія не дамаглася вялікіх поспехаў у сваіх верагодных мэтах па нейтралізацыі ўдасканаленай сістэмы СПА Украіны і знішчэнні ўкраінскіх сіл контрнаступлення. На месцах яны перадыслацыравалі сілы бяспекі, каб рэагаваць на атакі партызан на захадзе Расіі», — гаворыцца ў паведамленні Мінабароны Брытаніі.


Вайна ўжо ў Расіі

У Расіі зноў заявілі аб масіраваным абстрэле памежнага горада Шабекіна, які знаходзіцца за 7 км ад мяжы з Украінай у Белгародскай вобласці Расіі, у сераду, 31 траўня. Чацвёра чалавек паранены, паведаміў губернатар Белгародскай вобласці Вячаслаў Гладкоў.

Паводле яго слоў, абстрэл Шабекіна адбыўся каля 3 гадзін раніцы: удар па горадзе быў масіраваным, пацярпелі чатыры чалавекі. Горад атакавалі нібыта з «Граду», наступствы абстрэлу не суцяшальныя: выбітыя вокны, пасечаныя фасады і дахі ў 8 шматпавярхоўках, 4 прыватных дамах, а таксама ў школе і 2 адмінбудынках. Адна крама цалкам згарэла, пашкоджаны 12 аўтамабіляў.

Гладкоў прызнаў, што сітуацыя ў Шабекіна «пагаршаецца», з сённяшняга дня з горада пачнуць эвакуіраваць дзяцей. «Першыя 300 дзяцей будуць адпраўлены ў Варонеж», — сказаў ён.

Ва Украіне катэгарычна адмаўляюць дачыненне да гэтых нападаў. У прыватнасці, прэзідэнт Уладзімір Зяленскі не раз настойваў на гэтым.

Тым часам расійцы заяўляюць пра новыя атакі дронаў на Ільскі нафтаперапрацоўчы завод у Краснадарскім краі. Акрамя таго, у тым жа краі загарэўся Афіпскі нафтаперапрацоўчы завод, верагодная прычына ўзнікнення пажару — траплянне беспілотнікаў. Выбух адбыўся каля трох гадзін ночы, у 4:40 губернатар краю паведаміў, што пажар ліквідаваны.

Паводле ўкраінскіх СМІ