481-шы дзень вайны: Украіна вярнула Пяціхатку, Расія працягвае атрымліваць удары па сваёй тэрыторыі
Сабралі самае істотнае, што адбылося на вайне да гэтай гадзіны.

Фота: Reuters
Намеснік міністра абароны Украіны Ганна Маляр паведаміла, што УСУ вызвалілі сяло Пяціхаткі на поўдні Запарожскай вобласці.
Усяго, напісала Маляр у тэлеграме раніцай 19 чэрвеня, за два тыдні наступу былі вызвалены восем населеных пунктаў: Навадараўка, Ляваднае, Старажовае, Макароўка, Благадатнае, Лабковае, Нянуднае і Пяціхаткі.
Днём раней аб пераходзе Пяціхатак пад кантроль УСУ заяўляў прадстаўнік прызначаны Расіяй адміністрацыі акупаванай часткі Запарожскай вобласці Уладзімір Рогаў. У Мінабароны РФ, у сваю чаргу, сцвярджалі, што атака ўкраінскіх войскаў на Пяціхаткі была адбітая.
Расія пачала перакідваць войскі з левага берага Дняпра на Запарожскі і Бахмуцкі кірункі, паведамляе ваенная выведка Вялікабрытаніі.
Як адзначаецца ў штодзённай зводцы, расійскае камандаванне, верагодна, перакідвае падраздзяленні групоўкі войскаў «Дняпро» на працягу дзесяці апошніх дзён.
У манеўры патэнцыйна ўдзельнічаюць некалькі тысяч вайскоўцаў 49-й арміі, уключаючы 34-ю асобную мотастралковую брыгаду, а таксама часткі ПДВ і марской пяхоты.
Як мяркуюць аўтары зводкі, перадыслакацыя сведчыць аб тым, што Расія лічыць малаверагоднай буйную наступальную аперацыю УСУ з фарсіраваннем Дняпра пасля падрыву плаціны Кахоўскай ГЭС і выкліканай гэтым паводкі.
Расія не дала ААН доступ у раёны, якія пацярпелі ў выніку катастрофы на Кахоўскай ГЭС
«Мы заклікаем расійскія ўлады дзейнічаць паводле іх абавязальніцтваў у адпаведнасці з міжнародным гуманітарным правам. Нельга адмаўляць у аказанні дапамогі людзям, якія маюць у ёй патрэбу. ААН працягне рабіць усё, што можа для падтрымкі ўсіх людзей, у тым ліку пацярпелых у выніку нядаўняга разбурэння дамбы, якім тэрмінова патрэбна жыццёва неабходная дапамога, дзе б яны ні знаходзіліся», — заявіла гуманітарны каардынатар ААН у Украіне Дэніз Браўн.
Зяленскі заявіў, што ніводны пастаўлены Украіне комплекс Patriot не быў знішчаны. Пуцін сцвярджаў, што РФ знішчыла «пяць комплексаў Patriot» (усяго іх у Украіны два).
«Хто б там у Расіі не расказваў, нібыта нашы «Патрыёты» знішчаныя, усе яны ёсць, усе яны працуюць, усе яны збіваюць расейскія ракеты. І збіваюць максімальна эфектыўна. Ніводнага „Патрыёта“ не знішчана!» — Сказаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў відэазвароце па выніках 480-га дня вайны.
Як паведамілі Паветраныя сілы УСУ, у ноч на 19 чэрвеня над Украінай збілі чатыры расійскія крылатыя ракеты «Калібр» і чатыры робаты-дроны-камікадзэ «Шахед -136/131» на поўдні і ўсходзе краіны.
Мясцовыя ўлады ўдакладнілі, што расійскае войска абстрэльвала ракетамі Адэскую вобласць, а беспілотнікамі атакавала Днепрапятроўскую вобласць.
Па даных украінскіх вайскоўцаў, ракеты запусцілі з падводнай лодкі ў Чорным моры, а беспілотнікі прыляцелі з усходняга ўзбярэжжа Азоўскага мора.
Адразу некалькі населеных пунктаў Белгарадскай вобласці патрапілі пад абстрэл з боку Украіны раніцай 19 чэрвеня. Акрамя горада Валуйкі УСУ абстралялі Графаўку і Дзямідаўку.