555-ты дзень вайны: УСУ прарываюць абарону
Украінскія сілы прарвалі асноўную лінію абароны расійскіх войскаў на паўднёвым усходзе краіны.
Кірыла Буданаў: Расія захоча рэваншу, у нас ёсць 10 гадоў, каб падрыхтавацца
Кірыла Буданаў, кіраўнік украінскай выведкі, заявіў у інтэрв'ю 1+1, што Расія будзе рыхтавацца да рэваншу, і ёй спатрэбіцца дзесяць гадоў, каб аднавіцца. «У нас будзе дзесяць гадоў, каб падрыхтавацца», — дадаў кіраўнік ГУР.
Таксама ён назваў «выдатнай ідэяй» перанос вайны на тэрыторыю РФ: «Вайна павінна быць перанесеная на іх тэрыторыю... Чым шырэйшыя будуць аперацыі — тым лепш».
«Роўна 10 гадоў — гэта нармальны тэрмін для таго, каб усё гэта пераасэнсаваць. Ну, каб нанова пачаць рыхтаваць рэванш», — адзначыў ён.
Буданаў запэўніў, што ва Украіны адназначна будзе 10 гадоў, і калі можна будзе іншымі спосабамі паўплываць на тэрыторыі, якія будуць створаныя пасля перамогі Украіны енад РФ, то можа быць і значна больш.
«Але ў нас будзе не менш за 10 гадоў», — прагназаваў ён.
Удар па аэрадроме ў Пскове наносіўся з тэрыторыі Расіі, заявіў Буданаў у інтэрв'ю The War Zone. Паводле яго, два расійскія самалёты Іл-76 былі знішчаныя і два сур'ёзна пашкоджаныя. Гэта пацвярджаюць і спадарожнікавыя здымкі.
Начная атака беспілотнікаў на Расію
- У Люберцах (Маскоўская вобласць) пасля атакі БПЛА на заводзе адбыўся пажар
У падмаскоўных Люберцах пасля атакі беспілотніка гарыць цэх па вытворчасці электронікі для ракет навукова-вытворчага прадпрыемства Тамілінскі электронны завод, паведамляе «Украінская праўда» са спасылкай на крыніцу ў Мінабароны Украіны. «Аперацыя ГУР, усё паспяхова, працяг будзе», — дадаў суразмоўца выдання.
Адметна, што мэр Масквы Сяргей Сабянін заявіў аб знішчэнні беспілотніка побач з Люберцамі.
Прадстаўнік МУС Украіны Андрэй Юсаў распавёў журналістам, што пажар здарыўся ў выніку атакі БПЛА, але колькасць дронаў не ўдакладняецца. «Сабянін схлусіў — іх СПА нічога не збівала. У Люберцах гарыць, на Тамілінскім заводзе электронікі. Там расіяне вырабляюць электроніку для ракет», — сказаў Юсаў.
- Губернатар Курскай вобласці Раман Старавойт заявіў, што два «ўкраінскія беспілотнікі» нібыта атакавалі Курчатаў, пашкоджаны адміністрацыйны будынак і жылы дом.
- Яшчэ адзін БПЛА збіты ў Белгародскім раёне, паведаміў губернатар Белгародскай вобласці Вячаслаў Гладкоў.
- Расія забрала з Курыльскіх астравоў комплексы СПА з-300В4, якія стаялі там з 2020 года, паведамляе Kyodo News са спасылкай на спадарожнікавыя здымкі. На думку экспертаў, яны будуць перакінутыя на мяжу з Украінай. Акрамя таго, з Курыльскіх астравоў, верагодна, забралі старыя танкі і артылерыю. Аналітыкі лічаць, што войскі з Далёкага Усходу таксама перакідваюцца ва Украіну.
Начны ўдар па Украіне: СПА збілі адну ракету, другая трапіла ў Вінніцкую вобласць
Уначы Расія нанесла ўдар па Украіне крылатымі ракетамі «Калібр». Зафіксаваныя пускі дзвюх ракет з акваторыі Чорнага мора (раён Феадосія), паведаміла камандаванне ўкраінскіх паветраных сіл. Адну ракету ўдалося знішчыць, другая трапіла ў прыватнае прадпрыемства ў Вінніцкай вобласці.
- У выніку начнога ракетнага ўдару па прыватным прадпрыемстве ў Вінніцкай вобласці параненыя тры чалавекі, паведаміў кіраўнік АВА Сяргей Барзоў.
- У Запарожскай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў Гуляйполя і Арэхава параненыя тры чалавекі.
- У Данецкай вобласці адзін чалавек загінуў (у Мірным), яшчэ адзін атрымаў раненні.
- У Херсонскай вобласці таксама адзін чалавек загінуў і адзін паранены.
- У Харкаўскай вобласці адзін чалавек паранены ў Купянску, яшчэ адзін — у сяле Копанка Бароўскай абшчыны.
Навіны вайны
Украінскія войскі мелі поспех у напрамку Новаданілаўка-Новапракапаўка на паўднёвым фронце, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах, паведаміў спікер украінскага Генштаба Андрэй Кавалёў.
Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 1 верасня: асабовага складу — каля 263 490 (+470) чалавек.
За мінулыя суткі на фронце адбылося больш за 25 баявых сутыкненняў, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы. У прыватнасці, армія РФ вяла беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёне Новаягораўкі Луганскай вобласці і Мар'інкі Данецкай вобласці.
Навіны заходніх партнёраў Украіны
Уладзімір Зяленскі ў вечаровым відэазвароце анансаваў на наступны тыдзень важкія міжнародныя мерапрыемствы і перамовы для Украіны.
- Пентагон: Расія шукае рэжымы-ізгоі, каб атрымаць дадатковую зброю і боепрыпасы
Расія звяртаецца да такіх рэжымаў-ізгояў, як Іран, каб паспрабаваць атрымаць дадатковую зброю і боепрыпасы для вайны супраць Украіны, заявіў афіцыйны прадстаўнік Пентагона Патрык Райдэр на брыфінгу. Да таго ж Расія працягвае перамовы з мэтай атрымання дадатковых узбраенняў ад КНДР.
«Не ўдаючыся ў канкрэтыку, можна сказаць, што гаворка ідзе пра артылерыйскія боепрыпасы», — сказаў Райдэр.
Паводле яго слоў, любая здзелка па зброі паміж КНДР і Расіяй наўпрост парушае шматлікія рэзалюцыі ААН. «І, дарэчы, гэтая зброя спрыяе забойству нявінных украінцаў і працягвае незаконную вайну Расеі ва Украіне», — падкрэсліў прадстаўнік Пентагона.
Рэйдэр адзначыў, што ЗША будуць працягваць заклікаць Паўночную Карэю не весці перамовы з Расеяй і не пастаўляць ёй зброю: «Вялікая праблема заключаецца ў тым, што Расійская Федэрацыя шукае рэжымы-ізгоі, у тым ліку Іран, каб паспрабаваць атрымаць дадатковыя боепрыпасы або зброю», — дадаў ён.
- Мінабароны ЗША паведаміла, што замовіла для Украіны перадавыя ракеты класа «паветра-паветра» сярэдняй далёкасці AMRAAM. Амерыканская кампанія Raytheon павінна закупіць ракеты на суму 192 млн долараў да 29 лістапада 2024 года.
- Украіна, імаверна, атрымае першыя дзесяць амерыканскіх танкаў Abrams у сярэдзіне верасня, піша Politico са спасылкай на крыніцы. Паводле інфармацыі выдання, дзесяць танкаў з 31 абяцанага знаходзяцца ў Германіі, дзе праходзяць фінальную рэканструкцыю, пасля чаго будуць адпраўленыя ва Украіну.
- Украінскія лётчыкі будуць навучацца на F-16 у Даніі 4-6 месяцаў, а ў Вялікабрытаніі — ад аднаго года да двух гадоў, распавёў спікер паветраных сіл УСУ Юрый Ігнат. Ён растлумачыў, што ў Данію адправіліся вопытныя лётчыкі, а ў Вялікабрытанію — нядаўнія выпускнікі лётнага вучылішча.
Паводле korrespondent.net, Украінскай службы РБК, Украінскай праўды