556-ты дзень вайны. У Расіі паскардзіліся на чарговую атаку на Крымскі мост
Мінабароны Расіі заявіла пра атаку марскіх дронаў на Крымскі мост. Сцвярджаецца, што па мосце запусцілі тры беспілотнікі.
Першае паведамленне пра нібыта ўдар паўпагружным
безэкіпажным катэрам з'явілася 1 верасня каля 23.15 паводле маскоўскага часу: «Украінскі
марскі беспілотнік быў своечасова выяўлены і знішчаны ў акваторыі Чорнага мора».
Два іншыя паведамленні з'явіліся ўжо пасля паўночы, у ноч на 2 верасня.
Начальніца Аб'яднанага каардынацыйнага прэс-цэнтра Сіл абароны поўдня Украіны Наталля Гумянюк адносна новай атакі на Крымскі мост заўважыла, што напал сітуацыі вакол яго — гэта тактыка расійцаў.
«Тое, што ім увесь час нешта мроіцца навакол Крымскага моста, — гэта зразумела. Таму што дыягназ дакладны, канструкцыя лішняя. І яны проста спрабуюць адгадаць час, калі гэта стане відавочна абсалютна ўсім», — адзначыла Гумянюк.
Яна дадала, што тое, што захопнікі кожны раз спрабуюць напружваць сітуацыю вакол гэтай канструкцыі, — гэта іх тактыка. Бо ім нейкім чынам трэба апраўдваць, чаму няма магчымасці выкарыстоўваць гэты аб'ект транспартнай інфраструктуры.
«Таму што падцягванне рэзерваў, папаўненне запасаў – усё гэта павінна адбывацца менавіта праз гэты мост. Але яно не працуе, і не працуе ў тым аб'ёме, на які разлічваюць войскі. І таму, як правіла, ім неабходна неяк апраўдвацца», — адзначыла Гумянюк.
Украінскія воіны ў Запарожскай вобласці маюць сур'ёзныя дасягненні — праніклі ўнутр першага абарончага эшалона расійскіх захопнікаў.
Унутры першай лініі абароны ідуць баі, распавёў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк расійскай журналістцы Юліі Латынінай. «Не ўсе разумеюць, што такое лінія Суравікіна, ну, проста так прыгожа яно гучыць, або што такое першы эшалон. Вось давайце сабе ўявім — у глыбіню, вось, умоўна кажучы, дзесьці кіламетраў... Мінімум пяць, на некаторых участках да дзесяці кіламетраў, цалкам засыпана ўсё мінамі», — падзяліўся ён.
Дарадца дадаў, што пасля гэтага пачынаецца шматэшалонаваная акопна-інжэнерная канструкцыя з вялікай колькасцю стацыянарных кропак, з вялікай колькасцю процітанкавых рубяжоў і гэтак далей, якія ў глыбіню цягнуцца на 15-20 кіламетраў.
«У некаторых месцах першая лінія зліваецца з другім эшалонам — таксама невялікія мінныя загароды, якія пераходзяць у наступную, такую ж глыбокую. Вось, груба кажучы, нашы хлопцы на некаторых участках зайшлі ўнутр гэтай лініі, пераадолелі там кіламетр, два, тры ў гэтай лініі, яшчэ раз гэта падкрэсліваю», — сказаў Падаляк.
Паводле яго слоў, там вельмі вялікая колькасць розных фартыфікацый, якія трэба знішчаць. «Вось нашы хлопцы туды праніклі на некаторых кірунках і ўласна ўжо там... Па гэтых абарончых эшалонах праходзяць наперад. Гэта цяжкая праца. Вось гэтая праца, калі мы гаворым пра Рабоціна і крыху ніжэй спускаемся ў бок Такмака, ну, у бок, так бы мовіць, Бярдзянска і Мелітопаля, вось там пранікненне істотнае. Скажам так — акуратна. І адпаведна баі ідуць унутры першага эшалона абарончага», — патлумачыў дарадца кіраўніка ОПУ.
За мінулыя суткі на фронце адбылося 45 баявых сутыкненняў. Расійцы здзейснілі спробы наступу на чатырох
кірунках, але беспаспяхова, паведамляецца ў ранішняй зводцы Генеральнага штаба УСУ.
Так, на Купянскім кірунку праціўнік вёў беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёне Навасёлаўскага Луганскай вобласці. Вораг нанёс авіяцыйны ўдар у раёне Крухмальнага Харкаўскай вобласці. Артылерыйскім і мінамётным абстрэлам падвергліся больш за 15 населеных пунктаў.
На Бахмуцкім кірунку акупанты спрабавалі наступаць у раёне Курдзюмаўкі Данецкай вобласці. Нанеслі авіяцыйныя ўдары ў раёнах Ступачкоў, Белай Гары, Нью-Ёрка Данецкай вобласці і абстралялі з артылерыі больш за 20 населеных пунктаў. Акрамя таго, на Аўдзееўскім кірунку расійцы вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёне Севернага Данецкай вобласці.
«На Мар'інскім кірунку праціўнік вёў беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёне Краснагораўкі Данецкай вобласці. Артылерыйскім абстрэлам падвергліся больш за 10 населеных пунктаў, сярод іх Краснагораўка, Курахава, Пабеда, Канстанцінаўка, Елізаветаўка Данецкай вобласці», — гаворыцца ў зводцы.
На іншых напрамках расійцы наносілі авіяцыйныя ўдары, здзяйснялі мінамётныя і артылерыйскія абстрэлы населеных пунктаў.
«У той жа час Сілы абароны Украіны працягваюць вядзенне наступальнай аперацыі на Мелітопальскім кірунку, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах, ажыццяўляюць меры контрбатарэйнай барацьбы», — гаворыцца ў зводцы Генштаба.
Расія перакідвае свае маланавучаныя дывізіі на ўсход Украіны, каб вызваліць рэзервы, якія цяпер знаходзяцца на перадавой у Луганскай вобласці, і перадыслакаваць іх для абароны ад украінскага контрнаступлення на поўдні Украіны.
Як паведамляюць аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW), паводле інфармацыі начальніка Галоўнай управы выведкі Украіны (ГУР) Кірыла Буданава, Расія перакінула на Купянскі кірунак часткі зноў сфармаванай 25-й агульнавайсковай арміі для замены частак 41-й агульнавайсковай арміі, якія пачалі «павольную» перадыслакацыю на поўдзень Украіны.
Аналітыкі адзначаюць, што гэтыя падраздзяленні, верагодна, дэградавалі і дзейнічаюць без ратацыі на ўзроўні брыгад і палкоў.
«Раней ISW падлічыў, што адсутнасць аператыўных рэзерваў вымусіць расійскае камандаванне праводзіць далейшыя перадыслакацыі і прымаць цяжкія рашэнні аб тым, якім участкам фронту аддаць прыярытэт», — гаворыцца ў справаздачы.
У той жа час, адзначаюць аналітыкі, 25-я агульнавайсковая армія наўрад ці будзе гэтак жа баяздольная, улічваючы яе паспешнае разгортванне раней меркаванай даты ў снежні 2023 года.
«Бягучая колькасць і магчымасці падраздзяленняў 25-й дывізіі ВГА, разгорнутай ва Украіне на пяць месяцаў раней за тэрмін, няясныя. Гэта злучэнне, хутчэй за ўсё, альбо моцна недаўкамплектаванае і не адпавядае штатнай колькасці двух дывізій, альбо дрэнна навучанае, як і першыя расійскія мабілізаваныя падраздзяленні восенню 2022 года, альбо і тое, і іншае», — кажуць аналітыкі.
У ISW адзначаюць, што расійскае камандаванне, імаверна, разглядае перакідку ў Луганскую вобласць баяздольнага злучэння як умераную рызыку, улічваючы адносна невысокі тэмп баявых дзеянняў на большай частцы лініі фронту Луганскай вобласці.
«Перадыслакацыя падраздзяленняў 41-й арміі на
поўдзень Украіны з'яўляецца трэцяй буйнай
расійскай перакідкай
сіл з моманту пачатку ўкраінскага контрнаступлення ў чэрвені і другой за
апошнія тыдні. Гэта сведчыць аб павелічэнні
занепакоенасці Расіі з нагоды стабільнасці расійскай абароны
ў святле наступу Украіны ў раёне Рабоціна. <…>. Разгортванне элементаў 25-й арміі, каб
пазбегнуць стварэння праломаў у расійскай абароне,
паказвае, што непасрэдная пагроза ўкраінскага прарыву досыць
сур'ёзная», — адзначаюць аналітыкі.