579-ты дзень вайны. Пуцін загадаў спыніць контрнаступ Украіны да кастрычніка — ці атрымаецца?

Украінскія войскі павольна, але вызваляюць сваю зямлю ад расійскіх захопнікаў. А ў Крамлі, падаецца, нервуюцца з-за відавочнага правалу «спецаперацыі» ва Украіне. Сапраўды, што гэта за «спецаперацыя», для якой патрэбныя мабілізацыйныя захады?

2775578152874990602292203402396800350524404n.webp

Украіна рухаецца павольна, але рухаецца

Як паведамляе Генштаб УСУ, Украіна працягвае абараняцца на ўсходзе і поўдні, але вядзе наступальныя аперацыі на Мелітопальскім і Бахмуцкім кірунках. За мінулыя суткі на фронце адбылося больш за 32 баявыя сутыкненні.

Інстытут вывучэння вайны (ISW) паведамляе, што УСУ прымусілі расійскія войскі адступіць за чыгуначную лінію на ўсход ад Кляшчэеўкі (6 км на паўднёвы захад ад Бахмута). У Генштабе Украіны паведамілі, што ўкраінскія войскі працягваюць штурм на поўдзень ад Бахмута, а прэс-сакратар Усходняй групы войскаў УСУ капітан Ілля Еўлаш паўтарыў, што ўкраінскія пазіцыі знаходзяцца прыкладна за тры кіламетры ад расійскай наземнай лініі сувязі (GLOC) — шашы T0513.

На Бахмуцкім кірунку расійскія войскі засяродзілі рэзервы і артылерыйскія сістэмы, каб спыніць прасоўванне ўкраінцаў у гэтым раёне. У расійскіх войскаў больш жывой сілы і артылерыі, чым ва ўкраінскіх, і контратакі расійцаў цяжка адбіваць. Але, як лічаць эксперты ISW, гэта паказвае, што ўкраінскія контрнаступныя аперацыі працягваюць канцэнтраваць і замацоўваць значны кантынгент расійскіх сіл на Бахмуцкім кірунку, а менавіта гэта з’яўляецца заяўленай мэтай УСУ на гэтым напрамку фронта.

Украінскія войскі працягнулі атакаваць захад Запарожскай вобласці і прасунуліся да Вербавай (18 км на паўднёвы ўсход ад Арэхава). Апублікаваныя 24 верасня відэа з геалакацыяй баявых дзеянняў сведчаць аб прасоўванні ўкраінскіх войскаў у заходнюю ўскраіну Вербавага.

Расійскі вайсковы блогер сцвярджаў, што ўкраінскія войскі, прасунуўшыся блізу Вербавага, падышлі да наваколля Новапракапаўкі (16 км на поўдзень ад Арэхава) і палепшылі свае пазіцыі ля флангу Новафёдараўкі (21 км на паўднёвы ўсход ад Арэхава). Ён сцвярджаў, што ўкраінскія сілы працягвалі прасоўвацца ў Вербавае і Новапракопаўку цягам апошняга тыдня.

24 верасня расійскі вайсковы блогер заявіў, што ўкраінскія войскі працягваюць наступальныя дзеянні на выспы ў дэльце Дняпра. Ён таксама сцвярджаў, што ўкраінскія войскі стварылі «плацдарм» каля Алешак (7 км на паўднёвы ўсход ад Херсона) і пашырылі свае пазіцыі ў раёне Падстэпавага (19 км на ўсход ад Херсона) на ўсходнім (левым) беразе Херсонскай вобласці на мінулым тыдні. Іншы расійскі вайсковы блогер заявіў, што ўкраінскія войскі пашырылі свае пазіцыі на паўднёва-заходняй частцы выспы Казацкая (на паўночны захад ад новай Кахоўкі).

382856974_660947882884960_3741325892438758540_n.jpg

Расіяне выкарыстоўваюць супарцькарабельныя ракеты замест крылатых

Уначы 25 верасня расійскія войскі атакавалі Украіну крылатымі ракетамі «Калібр», супрацькарабельнымі ракетамі «Онікс» і ўдарнымі дронамі тыпу Shahed.

Пускі «Шахедаў» ажыццяўляліся з паўднёва-ўсходняга напрамку (Прыморска-Ахтарск, Расія), «Калібраў» — з малога ракетнага карабля і падлодкі з акваторыі Чорнага мора (раёны Феадосія, Наварасійск), «Оніксаў» — з раёна Севастопаля.

Усяго падчас начной атакі зафіксавана 33 сродкі паветранага нападу: 12 крылатых ракет марскога базавання Калібр; дзве супрацькарабельныя ракеты П-800 «Онікс»; 19 ударных БПЛА Shahed-136/131.

Сіламі супрацьпаветранай абароны Украіны ўдалося знішчыць 11 крылатых ракет «Калібр» і ўсе 19 БПЛА Shahed.

Спікер паветраных сіл УСУ Юрый Ігнат у эфіры тэлемарафона выказаў здагадку, што расійская армія здзяйсняе атакі ў напрамку Адэсы і Мікалаева супрацькарабельнымі ракетамі «Онікс», таму што ім не хапае крылатых ракет. 

У выніку атакі ў Адэскай вобласці пацярпелі збожжасховішчы, істотныя пашкоджанні атрымаў марскі вакзал, былі разбурэнні ў складскім памяшканні і адным з прыватных дамоў раёна. Пацярпела жанчына — яна атрымала траўмы і была дастаўлена ў бальніцу.

У Крывым Рогу адбыўся пажар на прадпрыемстве. Абышлося без параненых.

Расія прызнае небяспеку контрнаступу?

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) са спасылкай на інсайдарскія крыніцы ў Крамлі піша, што Пуцін даў міністру абароны Сяргею Шайгу тэрмін да кастрычніка, каб палепшыць сітуацыю на фронце, спыніць контрнаступленне УСУ і вярнуць расійскім войскам ініцыятыву. 

Па меркаванні ISW, заява інсайдара можа сведчыць, што расійскае вайсковае камандаванне, магчыма, аддае загады аб бесперапынных контратаках у надзеі давесці ўкраінскае контрнаступленне да кульмінацыі, нават калі гэта будзе каштаваць вялікіх страт для Расіі.

У справаздачы ISW згадваецца, што Пуцін упершыню прызнаў пачатак украінскага контрнаступлення 9 чэрвеня, адзначыўшы два ключавыя і пастаянныя наратывы: што ўкраінскія сілы не дасягнуць значных поспехаў з-за добра падрыхтаванай расійскай абароны і што ўкраінскія войскі панясуць вялікія страты асабістага складу і заходняй ваеннай тэхнікі.

«Пуцін і Крэмль прадстаўляюць расійскія абаронныя аперацыі як вялікую перамогу на полі бою, а сталыя расійскія контратакі дазваляюць Крамлю сцвярджаць, што гэтыя аперацыі з'яўляюцца асобнымі перамогамі на фоне ўсеагульнай адсутнасці поспехаў расійцаў на іншых участках фронту», — дадалі ў ISW.

Аналітыкі мяркуюць, што гэтыя намаганні, верагодна, маюць на мэце падарваць падтрымку і давер да ўкраінскіх сілаў ва Украіне і на Захадзе.

«Магчыма, Пуцін загадаў расійскаму вайсковаму камандаванню ўтрымліваць усе пачатковыя абаронныя пазіцыі, каб стварыць ілюзію таго, што ўкраінскае контрнаступленне не дасягнула ніводнага тактычнага або аператыўнага эфекту, нягледзячы на значную падтрымку Захаду. Аднак гэтая інфармацыйная акцыя можа мець поспех у доўгатэрміновай перспектыве толькі ў тым выпадку, калі расійскія войскі змогуць фактычна перашкодзіць украінскім сілам прарвацца і вызваліць шырокія тэрыторыі», — падкрэслілі ў ISW.

Цэнтр нацыянальнага супраціву Украіны адзначае, што расіяне працягваюць намаганні па «мабілізацыі» ў сваё войска жыхароў часова акупаваных раёнаў Запарожскай і Херсонскай абласцей Украіны. «Мясцовым жыхарам рэгулярна паступаюць позвы з патрабаваннямі з'явіцца ў мясцовы орган для пастаноўкі на ваенны ўлік», — паведамляюць у ЦНС.

Пры гэтым нагадваецца, што мабілізаваныя расійцы, паводле статыстыкі, гінуць на вайне ва Украіне ў сярэднім праз чатыры-пяць месяцаў пасля атрымання павесткі, а кожны пяты не пражыў і двух месяцаў.