609-ты дзень вайны. Расія атакуе Украіну новымі беспілотнікамі

У вайне з Украінай Расія пачала выкарыстоўваць новыя беспілотнікі — яны лягчэйшыя, але нясуць і менш выбухоўкі. Аднак удары па грамадзянскай інфраструктуры не ратуюць сітуацыю на фронце: украінскія войскі пакрысе працягваюць займаць стратэгічныя кропкі і плацдармы. Галоўнае пра вайну ва Украіне на раніцу 25 кастрычніка.

Новы расійскі беспілотнік «Italmas». Фота расійскіх СМІ. 

Новы расійскі беспілотнік «Italmas». Фота расійскіх СМІ. 

Украінскія войскі працягваюць наступальныя дзеянні на мелітопальскім і бахмуцкім кірунках. У прыватнасці, УСУ прасоўваюцца на захад ад Вербавага і на поўдзень ад Бахмута, паведаміў спікер Генеральнага штаба Узброеных сіл Украіны Андрэй Кавалёў у эфіры тэлемарафону.

З ягоных слоў, падраздзяленні сіл абароны Украіны прадаўжаюць штурмавыя дзеянні на поўдзень ад Бахмута Данецкай вобласці. Украінская армія адбіла каля дзесяці расійскіх нападаў у раёнах населеных пунктаў Багданаўка, Кляшчэеўка, Андрэеўка Данецкай вобласці.

Войскі РФ атакуюць на ўсходзе і поўдні, у прыватнасці, не пакідаюць спроб ачапіць Аўдзееўку, аднак УСУ паспяхова абараняюцца і працягваюць наступ на мелітопальскім напрамку. Беспаспяховымі былі наступальныя дзеянні ворага ў раёнах Стэпавага, Аўдзееўкі, Паўночнага, Невельскага Данецкай вобласці, дзе адбіты больш за дзесяць атак.

На мар'інскім кірунку расійцы вялі штурмавыя дзеянні ў раёнах Мар'інкі і Перамогі Данецкай вобласці, поспеху не мелі. Тут было адбіта больш за 20 атак.

* * *

Інстытут вывучэння вайны (ISW) пацвярджае, што УСУ правялі наступальныя аперацыі пад Бахмутам 24 кастрычніка, працягнулі наступальныя аперацыі ў заходняй частцы Запарожскай вобласці і мелі поспехі. Украінскія войскі прасунуліся на ўсход ад Андрэеўкі за чыгуначную лінію. Расійская крыніца сцвярджала, што ўкраінскія сілы трохі прасунуліся на ўсход ад Андрэеўкі і знаходзяцца паблізу Атрадаўкі.

Акрамя таго, у ISW пішуць, што ўкраінскія вайскоўцы ўтрымліваюць некаторыя пазіцыі і працягваюць абмежаваныя атакі на ўсходнім (левым) беразе Дняпра. У прыватнасці, украінская дыверсійна-разведвальная група (ДРГ) высадзілася блізу Падступнага і захапіла ўчастак дарогі, якая злучае Пойму, Казачыя Лагеры і Крынкі.

* * *

Спікер Сіл абароны таўрыцкага кірунку Аляксандр Штупун у эфіры нацыянальнага тэлемарафону заявіў, што Расія змяніла тактыку захопу Аўдзееўкі. За апошнія дні ўдвая зменшылася колькасць спроб штурмаў, аднак захопнікі пачалі закідваць горад авіябомбамі.

«Праціўнік толькі за дзве ночы скінуў у раён Аўдзееўкі 40 кіраваных авіябомбаў. Але колькасць штурмаў на гэты час стала меншай. Можна сказаць, нават у два разы, калі параўноўваць з пазаўчора і ўчора», — сказаў Штупун.

Спікер адзначыў, што тактыка расійцаў нядзіўная: за пяць дзён яны страцілі ў Данецкай вобласці блізу 2400 чалавек забітымі і параненымі. За гэты ж перыяд сілы абароны знішчылі каля 150 адзінак бранятэхнікі ворага.

* * *

40de9b0_vtraty_rf__genshtab_.avif

* * *

У ноч на сераду Расія зноў атакавала тэрыторыю Украіны ўдарнымі беспілотнікамі тыпу «Shahed». Усе 11 дронаў былі збіты, вынікае з ранішняй зводкі паветраных сіл УСУ.

Разам з тым улады Хмяльніцкай вобласці паведамілі пра пашкоджанні ў выніку падзення абломкаў збітага беспілотніка. У прыватнасці, у Шапятоўскім раёне Хмяльніцкай вобласці абломкі беспілотніка, які атакаваў рэгіён, упалі на аб'ект крытычнай інфраструктуры.

Паводле звестак кіраўніка МУС Украіны Ігара Кліменкі, абломкі ўпалі ў горадзе Славута, там пашкоджаны 11 шматкватэрных і 9 прыватных дамоў, дзве навучальныя ўстановы, адмінбудова, крама і аўтамабілі. Па медыцынскую дапамогу ў бальніцу звярнулася 16 жыхароў.

Супрацьпаветраная абарона УСУ працавала ў шасці абласцях Украіны.

Расійскія захопнікі атакавалі Херсонскую вобласць кіраванымі авіябомбамі. Як паведаміў кіраўнік Херсонскай вобласці Аляксандр Пракудзін, пасля 22 гадзін вораг выпусціў 13 кіраваных бомбаў: «На месцы аднаго з прылётаў працягваецца выратавальная аперацыя. Верагодна, пад заваламі людзі».

Па словах кіраўніка АВА, усяго за суткі зафіксавана «35 прылётаў КАБ».

У часова акупаваным Севастопалі 24 кастрычніка жыхары пачулі моцныя выбухі. Адзін з іх чулі нават у Бахчысараі, які знаходзіцца за 30 кіламетраў. Дэталі інцыдэнту пакуль невядомыя. Ні афіцыйныя крыніцы, ні так званыя «ўлады» горада не каментавалі сітуацыю.

У расійскім Бранску ўначы 25 кастрычніка прагучала серыя гучных выбухаў. Відавочцы паведамляюць, што ў розных раёнах горада было чуваць да дзесяці выбухаў, якія нібыта звязваюць з працай СПА па неапазнаных беспілотніках. Афіцыйнай інфармацыі аб прычынах і наступствах выбухаў пакуль не паведамлялася.

* * *

Інстытут вывучэння вайны (ISW)паведамляе, што расійская армія, верагодна, спрабуе пашырыць і дыверсіфікаваць свой арсенал беспілотнікаў, ракет і кіраваных бомбаў. У прыватнасці, 23 кастрычніка расійскія войскі ўпершыню ўжылі новыя беспілотнікі далёкага дзеяння «Italmas» і яго варыянты падчас атакі дронаў на Кіеўскую вобласць.

Расійскія крыніцы адзначылі, што дроньы« Italmas» лягчэйшыя за «Shahed», і таму іх цяжэй выявіць і збіць, а таксама яны больш танныя, што азначае, што іх можна больш вырабляць і выкарыстоўваць. Але пры гэтым яны нясуць менш карыснай нагрузкі, што абмяжоўвае іх эфектыўнасць.

У паведамленні расійскіх СМІ гаворыцца што «Italmas »працуюць на газе і выдаюць гук газонакасілкі. Кодавае найменне БПЛА на вытворчасці — «Выраб 54».

* * *

Прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Андрэй Юсаў у эфіры тэлемарафону паведаміў, што расіяне рыхтуюцца да нанясення ракетных удараў па Украіне зімой і аднаўляюць запасы ракет, аднак вярнуцца да запасаў узроўню пачатку 2022 года не атрымаецца.

«У цэлым нейкая колькасць ракет вырабляецца захопнікамі. «Калібраў» больш, «Кінжалаў» менш, але вырабляюць. Гэта значыць, што калі мы доўгі перыяд не бачым ракетных удараў, то вораг назапашвае ракетнае ўзбраенне. І так, мы на парозе новага ацяпляльнага сезона. І паколькі дзяржава-тэрарыст нікуды не падзелася, то відавочна, што тыя ўдары, якія мы бачылі мінулай зімой, могуць быць паўтораны», — адзначыў ён.

Юсаў сказаў, што назапасіць «неверагодную колькасць» ракет у РФ не атрымаецца. «Тых запасаў ракет, якія ў іх былі да 24 лютага 2022 года, цяпер няма. І мы бачылі, калі яны маглі выпускаць па 100 і больш ракет за адзін удар. Цяпер даўно такога не назіраецца. Разам з тым мы прагаворваем, што рызыкі застаюцца, а гэта азначае, што краіна рыхтуецца», — сказаў ён.