701-шы дзень вайны. Хто збіў Іл-76?

Галоўнае, што трэба ведаць да гэтай хвіліны пра вайну Расіі супраць Украіны.

Фота: АР

Фота: АР

Ранішняя зводка Генштаба УСУ. Галоўнае

Узброеныя сілы РФ за мінулыя суткі нанеслі шэсць ракетных і 97 авіяцыйных удараў, учынілі 121 абстрэл з рэактыўных сістэм залпавага агню. У ноч на 25 студзеня расійскія войскі ўдарылі па Украіне, выкарысталі 14 беспілотнікаў тыпу «Шахед». Сілы СПА Украіны знішчылі 11 дронаў.

Пад артылерыйскім агнём апынулася больш за 100 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Днепрапятроўскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей.

За мінулыя суткі адбылося 58 баявых сутыкненняў.

На Херсонскім напрамку Сілы абароны Украіны працягваюць пашыраць плацдарм на левым беразе Дняпра. Расійскія войскі не пакідаюць спробаў выбіць падраздзяленні УСУ з займаных пазіцый. За мінулыя суткі расійскія войскі ўчынілі сем беспаспяховых штурмаў пазіцый украінскіх войскаў.

На працягу сутак авіяцыя УСУ нанесла ўдары па шасці раёнах засяроджання расійскай арміі, падраздзяленнямі ракетных войскаў — па адным раёне засяроджання УС РФ

Сітуацыя са збітым Іл-76

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў пасля крушэння расійскага ваеннага самалёта Іл-76, што выклікаў прадстаўнікоў Мінабароны Украіны, УСУ, СБУ і ваеннай выведкі і заслухаў іх даклады аб сітуацыі з самалётам і абменам.

«Відавочна, што расійцы гуляюць з жыццямі ўкраінскіх палонных, з пачуццямі родных і з эмоцыямі нашага грамадства. Неабходна ўстанавіць усе дакладныя факты. Настолькі, наколькі гэта магчыма, улічваючы, што падзенне самалёта адбылося на расійскай тэрыторыі — па-за нашым кантролем. Нашая дзяржава будзе настойваць на міжнародным расследаванні».

Пры гэтым Зяленскі не сказаў, хто, на яго думку, мог збіць расійскі Іл-76 ці што стала прычынай яго падзення.

Украінскі амбудсмэн па правах чалавека: «Мы не ўбачылі прыкметаў таго, што ў самалёце Іл-76 была такая колькасць людзей — грамадзян Украіны ці не грамадзян Украіны».

«Я не магу сказаць сцвярджальна, што там [у самалёце Іл-76] сапраўды былі ваеннапалонныя. Па тым аналізе фота і відэа, якія мы бачылі, калі б там былі целы — ізноў жа, я не эксперт — але калі б у расійцаў былі нейкія фота ці відэа, якія маглі б паказаць, што там былі нашы ваеннапалонныя, то яны б іх ужо выкарыстоўвалі», — сказаў упаўнаважаны па правах чалавека Дзмітрый Лубінец у эфіры Нацыянальнага тэлемарафону.

СБУ аб'явіла, што затрымала хакера, які рыхтаваў кібератакі на ўрадавыя сайты Украіны і наводзіў расійскія ракеты на Харкаў

Па даных следства, гэта ўдзельнік хакерскай групоўкі «Народная CyberАрмія РФ», падкантрольнай ФСБ.

Па версіі СБУ, па навядзенні абвінавачанага расійскія вайскоўцы здзейснілі два ракетныя ўдары па грамадзянскай інфраструктуры Харкава, у прыватнасці, пацярпела мясцовая бальніца. Таксама абвінавачаны шукаў месцы базавання Сіл абароны на тэрыторыі Харкаўскай вобласці, у тым ліку баявыя пазіцыі артылерыі і сістэмы супрацьпаветранай абароны УСУ. Па даных следства, фігурант справы — жыхар Харкаўскай вобласці, айцішнік, якога ФСБ прыцягнула да супрацоўніцтва. Ён затрыманы.

Вядзецца расследаванне па артыкуле аб распаўсюджанні інфармацыі аб узбраенні Украіны. Затрыманаму пагражае да 12 гадоў турмы.

У акупаваным Крыме ўвялі асаблівы рэжым на мяжы з Херсонскай вобласцю

Адпаведны ўказ падпісаў прызначаны Расіяй кіраўнік анексаванага Крыма Сяргей Аксёнаў. Раней акупацыйныя ўлады ўстанавілі паміж двума анексаванымі рэгіёнамі адміністрацыйную мяжу, як паміж двума суб'ектамі РФ. Цяпер мяжа будзе дзейнічаць як паміж дзяржавамі.

Мяжу можна перасякаць толькі праз аўтамабільныя пункты пропуску і чыгуначныя «Армянск» і «Джанкай». Перасоўванне воінскіх калон будзе ажыццяўляцца па спецыяльна выдзеленых дарогах па ўзгадненню з ФСБ.