890-ы дзень вайны: Расіяне будуюць базу для Чарнаморскага флота РФ на Каўказе
Уладзімір Зяленскі заявіў, што Кітай можа прымусіць Расію спыніць вайну. Кіраўнік Пентагона Лойд Осцін заклапочаны расійскім наступам. Расія ў ліпені атакавала Украіну 426 дронамі тыпу Shahed. За той жа перыяд Украіна запусціла больш за 520 дронаў.
ЗША занепакоеныя прасоўваннем РФ ва Украіне — генерал Осцін
Злучаныя Штаты Амерыкі заклапочаныя прасоўваннем расійскіх акупацыйных войскаў ва Украіне. Пра гэта заявіў кіраўнік Пентагона Лойд Осцін, паведамляе Reuters.
Осцін дадаў, што яго натхняе здольнасць Украіны прыцягваць усё больш і больш людзей для папаўнення шэрагаў свайго войска.
Па словах кіраўніка Пентагона, Вашынгтон будзе працягваць аказваць дапамогу па бяспецы Украіны.
Зяленскі: Кітай можа прымусіць Расію спыніць вайну
Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі лічыць, што калі Кітай зойме цвёрдую пазіцыю, ён зможа прымусіць Расію спыніць агрэсію супраць Украіны. Пра гэта ён сказаў у інтэрв'ю прадстаўнікам французскіх СМІ
«Я адкажу так. Калі Кітай захоча, ён можа прымусіць Расію спыніць гэтую вайну. Так мы гаворым пра ўвесь свет. Кітай — неад'емная частка гэтага свету, адна з уплывовых. Я хацеў бы, каб яны не выконвалі пасярэдніцкую місію. Я хацеў бы, каб яны аказвалі ціск на Расію, каб яна спыніла вайну».
Па словах Зяленскага, чым мацнейшая дзяржава, чым мацней ціснуць на Расію, тым хутчэй будзе вынік. А, на яго думку, пасрэдніцкая пазіцыя не моцная.
«Таму я хацеў бы, каб Кітай меў моцную пазіцыю ў гэтай вайне, каб яны спынілі расіян.
Нам не трэба нічога лішняга. Дадатковая падтрымка не патрабуецца. Усё павінна грунтавацца на міжнародным праве. Вельмі хацелася б, каб у Кітая была такая вельмі прынцыповая пазіцыя», — сказаў на заканчэнне Зяленскі.
Таксама прэзідэнт Украіны заявіў, што пасля таго як расіяне не здолелі арганізаваць наступ на Харкаў у пачатку лета, яны змянілі галоўную мэту і цяпер прыярытэтам для іх з'яўляецца захоп Пакроўска ў Данецкай вобласці. «Увесь Усход складаны. Але сёння, паколькі не атрымалася ўзяць Харкаў — і мы разумеем, што гэта не атрымаецца ўжо, — галоўная мэта змененая. Іх кірунак галоўны — гэта не ў цэлым Усход, хоць Славянск не выключэнне, але Пакроўск, я б сказаў, на сёння — гэта для іх прыярытэт», — адзначыў Зяленскі.
Нагадаем, раней Украіна запрасіла Кітай прыняць удзел хаця б у прамежкавых сустрэчах перад другім мірным самітам, які адбудзецца ў бліжэйшы час, апроч гэтага ва Украіну быў запрошаны міністр замежных спраў КНР Ван І.
Міністр замежных справаў Украіны Кулеба заявіў, што ў выніку перамоваў з кітайскім калегам Ван І ў Гуанчжоу атрымаў ясны сігнал, што Кітай не шукае «часовых рашэнняў», а працуе над устойлівым і стратэгічным вырашэннем праблемы вайны, распачатай РФ супраць Украіны.
У канцы ліпеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што атрымаў выразны сігнал ад Кітая аб падтрымцы тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Украіны.
23-25 ліпеня міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба наведаў Кітай па запрашэнні міністра замежных спраў КНР Ван І.
Навіны вайны
Расіяне паскоранымі тэмпамі будуюць базу для Чарнаморскага флоту ў акупаванай Абхазіі, паведамляе Bellingcat са спасылкай на спадарожнікавыя здымкі ад 22 ліпеня. На іх бачныя некалькі новых пабудоў, пляцовак для новага будаўніцтва і новы перыметр. Памеры базы, верагодна, будуць большыя, чым планавалася раней. На ўсход ад порта, дзе чыгуначныя лініі падыходзяць да ваеннай базы, некалькі тыдняў будуецца вялікі бетонны падмурак памерам прыкладна 100x40 метраў.
Расія ў ліпені атакавала Украіну 426 дронамі тыпу Shahed. За той жа перыяд Украіна нанесла зваротны ўдар, — было ўжыта больш за 520 дронаў, піша Forbes. Выданне адзначае, што Расія, падобна, менш эфектыўная ў збіванні БПЛА, паколькі ўкраінскія ўдары наносяць вялікую эканамічную шкоду нафтаперапрацоўчым заводам і іншым цэлям.
- У ноч на 1 жніўня расіяне нанеслі ўдары балістычнымі ракетамі Іскандэр-М, а таксама ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed. Усе сем дронаў былі збітыя ў Кіеўскай, Палтаўскай, Херсонскай і Днепрапятроўскай абласцях, паведамілі ў паветраных сілах УСУ.
- Расіяне абстралялі з артылерыі Нікапаль Днепрапятроўскай вобласці — два чалавекі загінулі, адзін паранены, паведаміў кіраўнік АВА Сяргей Лысак.
- Уначы РФ нанесла ракетны ўдар па адной з чыгуначных станцый Харкаўскай вобласці, параненая правадніца. Пашкоджаны два лакаматывы, грузавыя і пасажырскія вагоны, шляхі і сродкі электразабеспячэння, паведаміла Укрзализныця.
- Уначы рускія войскі абстралялі з артылерыі Херсонскую грамаду. Адзін чалавек пацярпеў у Дняпроўскім раёне Херсона, яшчэ адзін — у вёсцы Садовае. Акрамя таго, у бальніцу звярнуўся жыхар Берыслава, якога некалькі дзён таму атакаваў расійскі беспілотнік. Таксама раніцай расійская артылерыя ўдарыла па Мылавым Берыслаўскім раёне, адзін чалавек паранены.
- У Кіеўскай вобласці падчас начной атакі дрон патрапіў у дом расійскага апазіцыянера Іллі Панамарова. Палітык напісаў, што сёння ў яго «другі дзень нараджэння». «Пятая спроба нападу была найбольш нестандартнай і найбольш паспяховай, супраць якой было цяжка абараніцца», — адзначыў Панамароў. Паводле звестак СМІ, пацярпелі палітык і ягоная жонка, а дрон выбухнуў за пяць метраў ад уваходных дзвярэй дома. Таксама СМІ пішуць, што напярэдадні, 31 ліпеня, на тэрыторыю ўчастка Панамарова ўжо прыляталі тры дроны, але яны былі збітыя СПА і ўпалі ў 50-100 метрах ад дома.
- Forbes піша, што УСУ, імаверна, 31 ліпеня ўпершыню ўдалося збіць расійскі верталёт у паветры з дапамогай дрона. Выданне адзначае, што гэтаму папярэднічалі не менш за дзесяць месяцаў спробаў. Паводле папярэдніх даных, аднакілаграмовы беспілотнік падбіў верталёт на ўсходняй ускраіне Данецка, прыкладна ў 16 кіламетрах ад лініі фронту.