911-ы дзень вайны: У порце «Каўказ» згарэў і патануў паром з палівам

Украіна пацэлілі ў паром з палівам у порце «Каўказ», пачаўся пажар. Рух па Крымскім мосце спынены. Атакаваная авіябаза «Марынаўка» — адзіны аэрадром РФ з укрыццямі для самалётаў.

Пажар на "Каўказе". Фота з сацсетак

Пажар на "Каўказе". Фота з сацсетак

У расійскім порце «Каўказ» згарэў і патануў паром з палівам

Расійскія ўлады паведамляюць, што УСУ нанеслі ўдар па чыгуначным пароме з паліўнымі цыстэрнамі, які знаходзіўся ў порце «Каўказ» у Краснадарскім краі. Паводле інфармацыі аператыўнага штаба рэгіёну, на месцы пачаўся пажар.

Мясцовыя тэлеграм-каналы публікуюць фатаграфіі і відэа, на якіх над портам «Каўказ» бачны вялікі слуп дыму.

«На месцы працуюць экстранныя і спецыяльныя службы. Плошча пажару і інфармацыя аб пацярпелых удакладняецца», — сказана ў паведамленні аператыўнага штаба.

Паводле звестак крымскіх тэлеграм-каналаў, у вайсковых частках Севастопаля спрацавала сігналізацыя, а рух па Крымскім мосце перакрыты.

Чыгуначны паром затануў. На месца здарэння быў накіраваны пажарны цягнік, больш за 100 чалавек і 34 адзінкі тэхнікі. Але гэта не дапамагло выратаваць карабель. На пароме было 30 цыстэрнаў з палівам. На борце знаходзіліся пяць членаў экіпажа. Пра іх лёс нічога невядома.

Тэлеграм-канал Mash піша, што ўкраінскія вайскоўцы маглі выпусціць па порце крылатую ракету Storm Shadow — і яна трапіла ў паром «Акватрэйдар», які перавозіў паліва. 

Пры гэтым крыніца тэлеграм-канала SHOT сцвярджае, што гаворка ідзе пра ракету «Няптун», якая трапіла ў паром «Конра трэйдар». Афіцыйнага пацверджання гэтай інфармацыі няма.

Аператыўны штаб Краснадарскага краю РФ паведаміў: "У выніку атрыманых пашкоджанняў паром у акваторыі порта Каўказ затануў. Ачагоў узгарання на тэрыторыі самога порта няма". 

Украіна не каментавала звесткі пра ўдар па порце «Каўказ».

parom_rf_pazar.jpg

У ліпені ўкраінскія сілы ўжо наносілі па порце «Каўказ» некалькі ўдараў, у выніку якіх быў пашкоджаны чыгуначны паром «Славянін».

Брытанская вайсковая выведка пісала, што «Славянін» заставаўся адзіным чыгуначным паромам на гэтым маршруце і быў вернуты да працы пасля таго, як папярэднія два пацярпелі ў выніку ўкраінскіх удараў, нанесеных 29 траўня.

«Славянін» перавозіў звадкаваны нафтавы газ, лічыла брытанская выведка.

У яе зводцы было сказана, што пасля ўкраінскіх удараў па порце «Каўказ» Расія будзе вымушаная перавозіць паліва ў Крым па Крымскім мосце.

Аэрадром у Валгаградскай вобласці РФ атакавалі беспілотнікі СБУ: пацэлілі ў склады з ПТРК і палівам 

У ноч на 22 жніўня Служба бяспекі Украіны сумесна з сіламі спецыяльных аперацый Узброеных сіл Украіны нанесла ўдары па складах з супрацьтанкавай зброяй і палівам на аэрадроме Марынаўка ў Валгаградскай вобласці РФ, паведамляе «Украінская праўда».

Расійская грамадскасць і СМІ пісалі, што ў ноч на 22 жніўня жыхары горада Калач-на-Доне паведамілі пра характэрныя гукі беспілотнікаў і выбухі ў небе. Мэтай беспілотнікаў стаў аэрадром Марынаўка ў пасёлку Акцябрскі, які знаходзіцца ў некалькіх кіламетрах ад горада.

Марынаўка актыўна выкарыстоўваецца войскамі РФ для бамбавання лініі фронту ва Украіне.

Авіябаза «Марынаўка» знаходзіцца ў 450 км ад лініі фронту. Адлегласць ад аэрапорта да Украіны складае 270 км.

Крыніца: РБК-Україна [ youtube ]

«Марынаўка» вядомая тым, што гэта адзіны з усіх аэрадромаў пад Украінай, дзе расіяне пабудавалі ўкрыцці для самалётаў: іх пачалі будаваць іх у лістападзе 2023-га і скончылі ў пачатку 2024-га.

Defense Express адзначае, што гэтыя сховішчы цяжка назваць абарончымі збудаваннямі. Гэта больш ангары для абароны ад непагадзі, але яны не могуць абараніць ад смецця.

 Цяпер мясцовыя расіяне заяўляюць, нібы пасля атакі ўкраінскага беспілотніка іх вайсковы аэрадром падобны на кадры з фільма аб апакаліпсісе.

Суразмоўца «Украінскай праўды» ў СБУ распавёў журналістам, што «СБУ з хірургічнай дакладнасцю працуе на аэрадромах, з якіх праціўнік атакуе Украіну. Кожная такая рэалізацыя зніжае перавагу расіян у паветры і істотна абмяжоўвае магчымасці іх авіяцыі». 

Усю ноч і раніцу на аэрадроме выбухалі склады з авіяцыйнымі КАБ, боепрыпасамі і гаруча-змазачнымі матэрыяламі.

ISW: Крэмль разгарнуў інфармацыйную кампанію, каб пераменшыць страту Куршчыны

Карта ISW

Карта ISW

Крэмль разгарнуў комплексную інфармацыйную кампанію, каб абгрунтаваць перад унутранай аўдыторыяй, чаму Расія аддае перавагу захаваць ініцыятыву ва ўсходняй Украіне, чым неадкладна вывесці ўкраінскія войскі з Курскай вобласці, паведамляе Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Крыніцы ў расійскім урадзе, блізкія да Адміністрацыі прэзідэнта РФ, заявілі расійскаму выданню «Медуза», што Крэмль актыўна спрабуе пераканаць грамадства прыняць абмежаваную прысутнасць Украіны ў Курскай вобласці як «новую норму» і прынізіць прысутнасць там украінскіх войскаў. 

Крыніцы заявілі, што Крэмль будзе выкарыстоўваць прапаганду, каб заахвоціць расіян чакаць, пакуль войскі РФ вернуць гэтыя тэрыторыі пасля «непазбежнай» паразы Украіны на Усходзе. 

Крыніцы таксама дадалі, што Крэмль перанакіроўвае занепакоенасць Расіі наконт Курскай вобласці, займаючы грамадства кампаніямі па аказанні гуманітарнай дапамогі пацярпелым жыхарам Курскай вобласці. 

Да таго ж Крэмль вырашыў не адмяняць будучыя выбары губернатара Курскай вобласці, запланаваныя на верасень, каб мінімізаваць паніку ў рэгіёне.

Цэнтральная выбарчая камісія Расіі, аднак, вырашыла перанесці мясцовыя выбары ў сямі ахопленых вайной раёнах Курскай вобласці з-за небяспекі.

Расійскія дзяржаўныя СМІ ўсё часцей сталі паказваць Курскую вобласць і яе жыхароў як тых, хто падтрымлівае расійскія ваенныя намаганні ва Украіне, нягледзячы на некаторыя нязначныя парушэнні ў паўсядзённым жыцці жыхароў падчас вайны. 

Так, дзяржаўныя тэлеканалы, у прыватнасці, асвятляюць аперацыю Украіны ў Курскай вобласці як абмежаваную, актыўна супрацьпастаўляючы яе расійскаму наступу ў напрамку Пакроўскага, які расійскія СМІ падаюць як вялікую перамогу.

Магчыма, Крэмль выкарыстоўвае гэтую кампанію паведамленняў, каб даць сабе час і прастору, дзеля адказу на ўкраінскую аперацыю пасля дасягнення сваіх наступальных мэтаў на ўсходзе Украіны. 

Крыніцы ў расійскім урадзе распавялі «Медузе», што Крэмль спачатку быў шакаваны і занепакоены ўварваннем Украіны ў Курскую вобласць, але супакоіўся на працягу тыдня, калі ўкраінскія войскі адышлі ад больш густанаселеных абласных цэнтраў — такіх, як Курск. 

Усе афіцыйныя асобы, апытаныя «Медузай», выказалі ўпэўненасць, што баявыя дзеянні ў Курскай вобласці будуць працягвацца ў цяперашнім маштабе яшчэ некалькі месяцаў, што паказвае на тое, што Крэмль, магчыма, не спяшаецца выцясняць украінскія войскі з рэгіёну, а замест гэтага працягне аддаваць перавагу наступальнавй аперацыі на ўсходзе Украіны. 

Пуцін, у прыватнасці, патрабуе ад Расіі навесці парадак у Курскай вобласці, не ахвяруючы стабільнасцю свайго рэжыму, не змяншаючы прыярытэтаў наступу на ўсходзе Украіны і не звальняючы сваіх некампэтэнтных, але лаяльных лейтэнантаў. 

ISW адзначае, што прагназаваць вынікі такой стратэгіі пакуль рана. Крыніцы «Медузы» таксама адзначаюць, што Крэмль разглядаў неабходнасць новай хвалі мабілізацыі ў пачатку ўварвання, але кабінет міністраў РФ і звязаныя з Крамлём бізнесмены адразу ж выказаліся супраць усеагульнай мабілізацыі з-за пастаяннага недахопу працоўнай сілы ў Расіі — хоць і незразумела пакуль, ці ўлічыў Крэмль гэты аргумент.

Ваенная сітуацыя ў Курскай вобласці: агляд падзей

За мінулыя суткі значных змен на лініі фронту не адбылося. Бакі працягвалі падцягваць рэзервы, праводзіць перагрупоўкі і ўмацоўваць занятыя пазіцыі.

Расійскія тэлеграм-каналы пішуць пра працяглыя атакі УСУ на флангах ля райцэнтра Каранёва — паведамляецца пра спробы ўкраінскіх падраздзяленняў уклініцца ў расійскую абарону з паўднёвага захаду ў раёне вёскі Камароўка і з усходу і паўночнага ўсходу ў раёне вёскі Альгоўка.

Усё больш складаным робіцца становішча расійскай групоўкі, якая абараняе памежжа на поўдзень ад ракі Сойм. Пасля знішчэння ўсіх трох мастоў праз раку расійскія часткі на левым беразе апынуліся ў ізаляцыі, спробы наладзіць пантонныя пераправы церпяць няўдачу.

Пакуль што ўкраінская армія не праводзіць актыўных наступальных дзеянняў у гэтым раёне, але ў выпадку пачатку наземнай аперацыі з боку мяжы або з усходу, дзе УСУ ўпэўнена ўтрымліваюць пазіцыі, пытанне забеспячэння ізаляваных расійскіх падраздзяленняў можа ўстаць асабліва востра.

Працягваюцца баі на ўсход ад Суджы. Мяркуючы па паведамленнях расійскіх вайскоўцаў аб ударах па лініі вёсак Руская Канапелька — Уланок — Боркі — Спальнае, гэтыя населеныя пункты застаюцца пад кантролем УСУ.

У Курску пачалі ўсталёўваць жалезабетонныя хованкі — гэтак жа, як у Белгарадзе. Па словах в.а. губернатара вобласці Аляксея Смірнова, усяго ў горадзе размесцяць 60 такіх канструкцый у месцах масавага збору людзей. Жалезабетонныя модулі таксама плануецца ўсталяваць у Курчатаве, дзе знаходзіцца Курская АЭС, і ў горадзе Жалезнагорск на поўначы Курскай вобласці.