Акопы ў Чарнобылі: якія наступствы апраменьвання пагражаюць вайскоўцам РФ

Расійскія салдаты, якія знаходзіліся на тэрыторыі Чарнобыльскай АЭС, верагодна, трапілі пад радыеактыўнае апраменьванне. Якіх наступстваў для здароўя можна пры гэтым баяцца?

Расійскі вайсковец побач з ЧАЭС. Фота: ТАСС

Расійскі вайсковец побач з ЧАЭС. Фота: ТАСС


Расійскія вайскоўцы, якія пасля ўварвання занялі 24 лютага тэрыторыю выведзенай з ужытку Чарнобыльскай АЭС, пакінулі яе 31 сакавіка. Пра гэта паведаміла ўкраінская дзяржаўная кампанія «Энергаатам». Пасля гэтую інфармацыю пацвердзіла таксама Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ), паказаўшы, што расійскі бок пісьмова паведаміў пра вяртанне кантролю над аб'ектам Украіне.
Назіральнікі, занепакоеныя бяспечным захоўваннем старых паліўных стрыжняў і рэшткаў рэактара ў Чарнобылі, могуць уздыхнуць з палёгкай. Аднак цяпер трывогу выклікае іншае: мяркуючы па ўсім, за той час, пакуль тэрыторыя ЧАЭС знаходзілася пад кантролем расійскіх вайскоўцаў, многія з іх падвергліся моцнаму радыеактыўнаму апраменьванню.
Паводле даных «Энергаатама», расійскія салдаты рылі акопы проста ў Рудым лесе, які атрымаў сваю назву ад загінулых чырвона-карычневых соснаў і лічыцца адным з самых небяспечных месцаў у зоне адчужэння. Да сённяшняга дня гэты лес з'яўляецца адной з самых радыеактыўна забруджаных тэрыторый у свеце. 29 сакавіка супрацоўнікі ЧАЭС расказалі агенцтву «Reuters», што расійскія вайскоўцы, на якіх не было ахоўнага адзення, удыхалі там радыеактыўны пыл. Мінабароны РФ гэтую інфармацыю не пракаментавала.

Магчымыя наступствы знаходжання вайскоўцаў РФ у Чарнобылі


Як напісала ў Facebook віцэ-прэм'ер Украіны Ірына Верашчук, расійскія вайскоўцы атрымалі высокую дозу апраменьвання. Пацвярджэння гэтага з незалежных крыніц няма.
Аднак сумневу не падлягае, што пры кантакце радыеактыўнага матэрыялу са скурай або пры траплянні яго ў лёгкія пагроза самых сур'ёзных наступстваў для здароўя вельмі вялікая. У лепшым выпадку радыеактыўныя кампаненты апынуцца толькі на знешняй паверхні скуры — тады іх можна змыць мыльным растворам. Пры самым неспрыяльным раскладзе — калі арганізм чалавека падвергнуўся вялікай дозе апраменьвання —пацыент можа памерці на працягу некалькіх дзён ці нават гадзін.

Што адбываецца ў арганізме пры радыеактыўным апраменьванні


Калі радыеактыўныя рэчывы трапляюць у арганізм, яны ўступаюць у рэакцыю з яго тканкамі. Іянізуючае выпраменьванне, што выпускаецца часціцамі, вызваляе электроны з малекул. Пасля гэтага застаюцца хімічна агрэсіўныя малекулярныя рэшткі.

Руды лес. Фота: chaes.com.ua

Руды лес. Фота: chaes.com.ua


Яны могуць нанесці вялікую шкоду арганізму. Чым мацней радыяцыя і чым даўжэй чалавек падвяргаецца яе ўздзеянню, тым большая шкода для здароўя. Зараджаныя часціцы спрабуюць зноў утварыць ўстойлівае злучэнне і пры гэтым рэагуюць адна з адной. Такім чынам узнікаюць небяспечныя для клетак арганізма злучэнні.
Магчымым наступствам з'яўляецца разбурэнне важных ферментаў і цэлых кампанентаў клеткі, якая можа нават цалкам загінуць. Пашкоджанні таксама могуць перадавацца ў спадчыну: у раёнах вакол Хірасімы і Нагасакі, на якія ЗША скінулі атамныя бомбы падчас Другой сусветнай вайны, дзеці і праз некалькі пакаленняў нараджаліся з рознымі адхіленнямі ў развіцці. Гэта адбываецца, калі іянізуючае выпраменьванне ўздзейнічае на малекулы ДНК. Змененая такім чынам генетычная інфармацыя перадаецца падчас наступнага дзялення клеткі.

Якія хваробы развіваюцца пры радыеактыўным апраменьванні


Адно з канкрэтных наступстваў радыеактыўнага апраменьвання падчас ядзерных аварый — рак шчытападобнай залозы. Яго выклікаюць забруджаныя ізатопы ёду, якія асядаюць ва ўласных клетках арганізма. Каб прадухіліць гэтае захворванне, улады або лекары раздаюць таблеткі ёду ў раёнах, дзе адбыўся радыеактыўны выкід. Пры прыёме таблетак арганізм насычаецца ёдам, а лішак і забруджаны ёд выводзіцца з яго. Аднак абарона доўжыцца ўсяго некалькі дзён і эфектыўная толькі ў тым выпадку, калі ўзровень заражэння яшчэ не вельмі высокі.

630_360_1649238427_473.jpg


Радыеактыўныя ізатопы стронцыю-90 і цэзію-137 таксама прыводзяць да падвышанай рызыкі развіцця раку. Яны адкладаюцца ў касцявой тканцы, дзе арганізм прымае іх за кальцый. У выніку небяспечныя рэчывы пачынаюць удзельнічаць у фізіялагічных працэсах у мышачнай і касцявой тканцы. Гэта прыводзіць, напрыклад, да праблем у касцявым мозгу, які адказвае за вытворчасць новых клетак крыві. Так, у людзей, якія падвергліся ўздзеянню радыеактыўнага выпраменьвання, можа развіцца рак крыві, таксама вядомы як лейкемія.
Паводле dw.com.