Расійскія войскі захапілі АЭС у Чарнобылі

Персанал станцыі ў заккладніках?

83d844e_chaes690.jpg

Расійскія вайскоўцы захапілі Чарнобыльскую атамную электрастанцыю.

«Пасля жорсткага бою наш кантроль за Чарнобыльскай станцыяй страчаны, — расказаў «Украінскай праўдзе» дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Міхаіл Падаляк. —  Стан аб'ектаў былой ЧАЭС, конфайнмента і сховішча ядзерных адходаў невядомы».

З ягоных слоў вынікае, што «пасля абсалютна бессэнсоўнай атакі расіян на гэтым кірунку немагчыма казаць пра тое, што ЧАЭС у бяспецы».

У Офісе Уладзіміра Зяленскага лічаць, што гэта адна з найсур'ёзных пагроз Еўропе сёння, паколькі расійскія войскі могуць рыхтаваць правакацыі на ЧАЭС, або «скарыстаюцца пашкоджаннямі, атрыманымі аб'ектамі падчас атакі, каб абвінаваціць у гэтым Украіну, або самі пашкодзяць гэтыя безумоўна небяспечныя аб'екты».

Пры гэтым, як паведамляе unian.net, персанал захопленай станцыі зараз знаходзіцца ў закладніках.

Нагадаем, што пасля страшнай аварыі ў красавіку 1986 года чарнобыльская АЭС знаходзіцца ў закансерваваным стане. Яна накрыта адмысловым «саркафагам» і дагэтуль уяўляе небяспеку для экалогіі ў рэгіёне.