Аляксандр Стуб: Украіна выйграе гэтую вайну

Прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб у інтэрв'ю Bild заявіў, што Украіна цяпер знаходзіцца «ў больш моцным і лепшым становішчы», і «выйграе гэтую вайну». Па яго словах, перамога ў вайне — гэта захаванне суверэнітэту і незалежнасці Украіны, і захаванне Украіны як дзяржавы. Ідуць 1649-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

4465622.jpg

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 221 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 30 жніўня.

На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 31 атака ў раёнах населеных пунктаў Канстанцінаўка, Іллінаўка, Навасёлаўка, Русін Яр, Тарэцкае, Сафіеўка і ў бок Мікалаеўкі і Кучарава Яру.

На Пакроўскім кірунку расіяне здзейснілі 30 атак у бок населеных пунктаў Біліцкае, Шаўчэнка, Навагрышына, Васільеўка, Сяргееўка, Новападгорнае, Новы Данбас і ў раёнах Удачнага, Гарохавага і Новамікалаеўка.

На Паўднёва-Слабажанскім і Гуляйпольскім кірунках украінскія падраздзяленні адбілі па 10 атак на кожным.

На Ліманскім кірунку зафіксавана дзевяць баявых сутыкненняў, на Славянскім кірунку  — восем штурмавых дзеянняў расіян.

* * *

У суботу позна вечарам у выніку атакі БпЛА на Кіеў адбылося ўзгаранне ў 12-павярховым доме на Абалоні.

У расійскай Ленінградскай вобласці заявілі аб атацы больш за 60 дронаў і паведамілі аб ракетным удары па нафтаперапрацоўчым заводзе ў Кірышах. «Кірышынафтааргсынтэз» — адзін з найбуйнейшых НПЗ Расіі, магутнасць перапрацоўкі складае каля 20 млн тон нафты ў год.

Сёння ноччу пад ударам быў Краснадарскі край Расіі, а менавіта — горад Ейск. Пасля серыі выбухаў расіяне скардзіліся на працяглую паўторную дэтанацыю. Шэраг OSINT-паблікаў выказалі меркаванне, што мог быць атакаваны склад з боепрыпасамі.

Расійскі Бранск атакавалі беспілотнікі ў ноч на 30 жніўня. У горадзе пасля серыі магутных выбухаў успыхнуў пажар.

* * *

 

788766889_1247062957549548_6139154605998263951_n.jfif

* * *

У ЕС абмяркоўваюць дэталі новага пакета санкцый супраць Расіі; у санкцыйныя спісы могуць трапіць каля 1600 фізічных і юрыдычных асоб, паведамляе Politico.

Па словах трох еўрапейскіх дыпламатаў, новы пакет санкцый супраць РФ будзе абмяркоўвацца на пасяджэнні Савета ЕС па замежных справах, якое пройдзе ва аўторак-сераду наступнага тыдня ў Ірландыі. Адзін з дыпламатаў кажа, што «кандыдатамі» ў спіс з'яўляюцца каля 1600 асоб — 800 фізічных і 800 юрыдычных. Прыняць пакет разлічваюць у сярэдзіне кастрычніка.

Яшчэ адзін суразмоўца паведаміў, што зноў абмяркоўваецца выкарыстанне замарожаных расійскіх актываў — хоць гэта зноў азначае неабходнасць пераканаць Бельгію, якая асцерагаецца юрыдычных наступстваў.

Усе трое дыпламатаў адзначаюць, што ў цэлым гаворка ідзе пра значнае пашырэнне існуючых санкцый.

* * *

Прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб у інтэрв'ю нямецкаму выданню Bild заявіў, што Украіна цяпер знаходзіцца «ў больш моцным і лепшым становішчы, чым калі-небудзь раней у ходзе гэтай вайны», і з'яўляецца «лепшай гарантыяй бяспекі адносна Расіі». «Украіна мае перавагу, і яна выйграе гэтую вайну», — упэўнены ён. На думку прэзідэнта Фінляндыі, «выжыць, захаваць незалежнасць, застацца суверэннай дзяржавай — вось гэта і ёсць перамога».

Для Стуба падтрымка Украіны — гэта таксама інвестыцыя ва ўласную бяспеку: «Мы, як у Германіі, так і ў Фінляндыі, павінны ўсвядоміць, што Украіна — лепшая гарантыя нашай бяспекі адносна Расіі. Калі Украіна прайграе, прайграем і мы».

Кіраўнік Фінляндыі выказаў сумненні з нагоды магчымасці расійскага ядзернага ўдару па Украіне, адзначыўшы, што гэтым летам яго «наведаў міністр замежных спраў Кітая, і я падняў гэтае пытанне. І ён сказаў: "Мы ніколі не дапусцім гэтага". І я лічу, што гэта дастаткова эфектыўны стрымліваючы фактар».

* * *

Дырэктар ЦРУ Джон Рэткліф падчас сваёй сакрэтнай паездкі ў Маскву ў пачатку гэтага тыдня прапанаваў правядзенне трохбаковай сустрэчы паміж прэзідэнтамі ЗША Дональдам Трампам і Украіны Уладзімірам Зяленскім і кіраўніком Расіі Уладзімірам Пуціным з мэтай спынення вайны, піша Axios.

Па словах крыніц выдання, візіт Рэткліфа часткова пераследаваў мету высветліць, ці могуць кіраўнікі расійскіх спецслужбаў дапамагчы пераканаць Пуціна зрабіць крок у напрамку аднаўлення перамоваў з Украінай пры пасрэдніцтве ЗША.

Таксама ў публікацыі адзначаецца, што ў пятніцу амерыканскія чыноўнікі праінфармавалі Зяленскага аб перамовах Рэткліфа ў Маскве і прапанове аб правядзенні трохбаковага саміту. Адміністрацыя Трампа ўжо вылучала гэтую ідэю раней. Зяленскі яе падтрымаў, але Пуцін адхіліў.