«Будынкі мы адновім»: Наступствы атакі дронаў на Кіеў
У Кіеве ў выніку начной атакі беспілотнікаў РФ абломкі ўпалі ў некалькіх раёнах, адзін з іх — у Саламянскім, дзе моцна пашкоджаны шматпавярховы дом. Пажар успыхнуў на верхніх паверхах будынка, некаторыя кватэры фактычна знішчаны.
Расійскія войскі ў ноч на 22 снежня атакавалі Кіеў дронамі-камікадзэ «Шахед». Гэта была трэцяя атака БПЛА запар на сталіцу Украіны за шэсць апошніх дзён, паведаміла прэс-служба Кіеўскай гарадской ваеннай адміністрацыі (КГВА).
Адзін з расійскіх дронаў пашкодзіў будынак у Саломенскім раёне. У шматпавярховым жылым доме ўзнікла ўзгаранне на верхніх паверхах, у трох кватэрах адбылося частковае разбурэнне сцен і яшчэ ў трох выбіты вокны. Па словах ратавальнікаў, пажар пачаўся на 24-м паверсе. Паводле папярэдніх звестак, ёсць двое пацярпелых, адзін з іх шпіталізаваны.
Пракуратура Кіева ўжо пачала дасудовае расследаванне ў рамках крымінальнай вытворчасці аб парушэнні законаў і звычаяў вайны (ч.1 арт.438 Крымінальнага кодэкса Украіны).
У Дарніцкім раёне ў выніку падзення абломкаў дрона пачаўся пажар у двухпавярховым прыватным доме, аднак абышлося без пацярпелых. У Галасееўскім раёне таксама зафіксавана падзенне абломка без разбурэнняў і пацярпелых.
«Інфармацыя абнаўляецца і ўдакладняецца. Пашкоджаныя будынкі мы адновім. Але жыццё не адновіш. Так што самае важнае, што гэты ўдар Кіеў перажыў без ахвяр», — заявілі ў КГВА.
Раней кіраўнік Дарніцкай ваеннай адміністрацыі Кіева Мікалай Калашнікаў у Telegram паведамляў, што з-за атакі быў пашкоджаны недабудаваны прыватны дом.
«Пашкоджаны недабудаваны двухпавярховы дом, тут, на шчасце, нікога не было. Працягваецца ліквідацыя агню. Побач у жылых дамах вылецелі вокны ад выбуховай хвалі, абломкі пашкодзілі фасадныя часткі, загарадзі», — напісаў ён.
Нагадаем, што ўвечары 21 снежня ў Кіеве і шэрагу паўночных, цэнтральных і паўднёвых абласцей была абвешчана паветраная трывога з-за запуску некалькіх груп «Шахедаў». РФ выпусціла 28 беспілотнікаў, з якіх сіламі супрацьпаветранай абароны Украіны ўдалося збіць 24. Пазнай стала вядома аб выбухах у Кіеве і траплянні абломкаў у жылы дом.