Давайце проста напішам на ўсёй карце «Расія»: «Яндэкс» не будзе паказваць межы краін. Чаму?

Сэрвіс «Яндэкс. Карты» прыбраў межы дзяржаў на агляднай карце свету — цяпер яна стала фізіка-геаграфічнай. Паведамляецца, што «акцэнт будзе на прыродныя аб'екты». Пры чым тут вайна?

_125340275_photo_2022_06_09_15_28_53.jpg.webp

Пра тое, што на картах "Яндэкс" зніклі межы краін, паведамілі ў чацвер у прэс-службе кампаніі, піша ВВС. Ці звязана гэта з палітыкай?

Зрэшты, яшчэ 4 чэрвеня карыстальнікі сацсетак звярнулі ўвагу, што "Яндэкс. Карты" перасталі адлюстроўваць межы паміж краінамі, пры гэтым сэрвіс працягвае паказваць межы рэгіёнаў і назвы дзяржаў. Карыстальнікі "Твітару" выказалі здагадку, што змены сэрвісу звязаныя з баявымі дзеяннямі ва Украіне.

Тлумачэнне самой кампаніі гучыць так: "Яндэкс. Карты" — сэрвіс, які дапамагае знаходзіць арганізацыі і месцы паблізу, выбіраць грамадскі транспарт і выбудоўваць аўтамабільныя маршруты.

"Гэта асноўныя сцэнары ў нашых карыстальнікаў. У бліжэйшы час на аглядных маштабах, на якіх сэрвіс не выкарыстоўваецца ў сваіх асноўных сцэнарах, карта стане фізіка-геаграфічнай. Акцэнт на ёй будзе зроблены на прыродных аб'ектах, а не на межах дзяржаў", — заявілі ў прэс-службе "Яндэкса".

На карце з'явяцца горы, рэкі, лініі палярных колаў. Межы знікнуць як у web-версіі, так і ў мабільным дадатку.

Некаторыя карыстальнікі сацсетак убачылі ў гэтым рашэнні палітычныя падставы і звязалі з частковай акупацыяй Украіны расійскімі войскамі.

"Навошта так сціпла: давайце проста напішам на ўсім свеце "Расія". Пуцін будзе рады!" — пажартавала ў "Твітары" былы прэс-сакратар апазіцыянера Аляксея Навальнага Кіра Ярмыш.