Дональд Трамп здуўся? ЗША могуць выйсці з мірных перамоваў па Украіне
Дональд Трамп, які сцвярджаў, што здолее скончыць вайну ва Украіне за адзін дзень, фактычна распісаўся ўва ўласным бяссіллі. Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё заявіў, што ЗША гатовыя адмовіцца ад намаганняў дасягнуць міру ва Украіне, бо ў Штатаў ёсць «іншыя прыярытэты». Цікава, ці будзе нешта Расіі за зрыў мірных намаганняў Трампа? Ідзе 1151-шы дзень вайны Расійскай Федэрацыі супраць Украіны пры падтрымцы агрэсіі рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.

Фота gettyimages
За мінулыя суткі на фронце ва Украіне зафіксавана 162 баявыя сутыкненні, паведамляе ў ранішняй зводцы 19 красавіка Генштаб УСУ.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 54 штурмавых і наступальных дзеяння агрэсара ў раёнах Елізаветаўкі, Лісоўкі, Успенаўкі, Багданаўкі, Сухой Бэлькі, Зверава, Удалае і іншых.
На Тарэцкім кірунку расіяне здзейснілі 26 атак непадалёк Дыліеўкі, Леанідаўкі, Азаранаўкі, Дачнага, Крымскага і Дружбы.
На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 17 разоў, спрабуючы прасунуцца паблізу Грэкаўкі, Надзеі, Новага, Новаміхайлаўкі, Ямпалаўкі, Торскага.
На Купянскім кірунку за суткі адбылося 11 атак расіян непадалёк Загрызавага, Петрапаўлаўкі і ў бок Пясчанага і Новай Круглякоўкі.
На Курскім кірунку за мінулыя суткі адбылося 23 боесутыкненні. Армія РФ нанесла 25 авіяцыйных удараў па сваёй тэрыторыі, скінуўшы 44 кіраваныя авіябомбы.
* * *
Украінскія абаронцы нядаўна прасунуліся пад Тарэцкам, армія РФ мае прасоўванне каля Купянска, Лімана, Курахава і ў Курскай вобласці, піша Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 17 красавіка, паказваюць, што расійцы прасунуліся на паўночную ўскраіну Горналю (паўднёва-захад ад Суджы). 17 і 18 красавіка працягваліся баі пад Горналям і Алешняй. 17 красавіка расійскі «ваенкор» распавядаў, што гэтыя населеныя пункты з'яўляюцца спрэчнымі «шэрымі зонамі».
18 красавіка ішлі баі на паўночным захадзе Белгародскай вобласці, але войскі РФ не змаглі там прасунуцца.
Як паказваюць апублікаваныя 17 і 18 красавіка геалакацыйныя кадры, войскі РФ прасунуліся паблізу трасы Р-79 Купянск — Двурэчная на паўднёвы захад ад Заходняга і да ўсходняй ўскраіны Малой Шапкоўкі ў Луганскай вобласці.
Геалакацыйныя кадры ад 17 красавіка фіксуюць, што войскі РФ прасунуліся ў цэнтры Новага (на паўночны ўсход ад Лімана).
Сілы абароны Украіны прасунуліся на Тарэцкім кірунку. Геалакацыйныя кадры ад 18 красавіка, паказваюць, што УСУ прасунуліся на паўночны захад ад Дружбы (на паўночны ўсход ад Тарэцка). Расійскі «ваенкор» сцвярджаў, што сілы абароны Украіны ўвайшлі ва Успенку (паўночна-ўсход ад Новапаўлаўкі) Данецкай вобласці, аднак у ISW не бачылі пацвярджэнняў гэтаму.
Армія РФ нядаўна прасунулася на Курахоўскім кірунку, у цэнтры Канстанцінопаля (на захад ад Курахава).
* * *
Расійскія войскі рыхтуюць наступ на Канстанцінаўку ў Данецкай вобласці, паведамляе аналітычны праект Deep State. Для гэтага расіяне ўмацоўваюць вёску Калінава, прасоўваючы туды пяхоту, уладкоўваючы лагістыку і сувязь. Па словах украінскіх вайскоўцаў, у раён прыбылі экіпажы беспілотнікаў, якія раней удзельнічалі ў баявых дзеяннях на Куршчыне.
* * *
Расія ў ноч на 19 красавіка запусціла па Украіне 95 сродкаў паветранага нападу — 8 ракет розных тыпаў і 87 ударных БпЛА. СПА удалося збіць 33 беспілотнікі.
Увечары 18 красавіка Адэская вобласць падвергнулася камбінаванаму паветранаму ўдару. Для ўдараў па рэгіёне расіяне ўжылі балістыку і крылатыя ракеты, а ўначы — ударныя БПЛА. Разбурэнням падвергліся фермерскія гаспадаркі, абышлося без пацярпелых або ахвяр.
Уначы і пад раніцу расійцы атакавалі Запарожскую вобласць ударнымі БПЛА «Шахед». У горадзе з-за абстрэлу адбыўся пажар на тэрыторыі аўтапрадпрыемства. Папярэдне без пацярпелых.
* * *

* * *
За апошнія два месяцы, калі працягваліся перамовы аб магчымым спыненні вайны РФ супраць Украіны, страты Расарміі на фронце не скараціліся, а, наадварот — раслі хутчэй, чым раней, паведамляе расійская служба ВВС. Выданне зрабіла такія высновы на аснове дынамікі публікацый некралогаў расійскіх вайскоўцаў.
За два з паловай месяцы, падчас якіх ішлі перамовы Расіі і ЗША, было апублікавана больш некралогаў пра расійскіх вайскоўцаў, чым за папярэднія тры месяцы баёў. У прыватнасці, у лютым у сярэднім друкавалася па 234 некралогі ў дзень, што ў паўтары разы больш, чым сярэднія паказчыкі 2024 года.
«Рэальныя страты нашмат вышэйшыя, чым можна ўсталяваць праз адкрытыя крыніцы. Ваенныя спецыялісты мяркуюць, што наш аналіз расійскіх могілак, воінскіх мемарыялаў і некралогаў можа ахопліваць 45 — 65% ад рэальнай колькасці загінулых», — адзначае ВВС.
* * *
Дзяржсакратар ЗША Марк Рубіё заявіў, што ЗША гатовыя адмовіцца ад намаганняў дасягнуць міру ва Украіне, калі ўбачаць, што гэта недасяжная мэта. Пра гэта ён сказаў некалькім журналістам ля трапа свайго самалёта ў парыжскім аэрапорце Ле Буржэ.
«У бліжэйшыя дні мы павінны вызначыць, ці магчымы (мір) ці не, і калі гэта немагчыма, мы павінны рухацца далей, таму што ў Злучаных Штатаў іншыя прыярытэты», — сказаў ён.
У той жа дзень Рубіё праінфармаваў генсека NATO Рутэ пра мірную прапанову, прадстаўленую ў чацвер ўкраінскай дэлегацыі ў Парыжы і расійскім афіцыйным асобам па тэлефоне. «Дзяржсакратар выказаў надзею прэзідэнта Трампа і Злучаных Штатаў, што гэтая прапанова будзе прынятая і прывядзе да трывалага і працяглага міру ва Украіне. Дзяржсакратар падкрэсліў, што, хоць наша краіна прыхільная справе спынення вайны, калі найбліжэйшым часам не з'явіцца выразны шлях да міру, Злучаныя Штаты адыдуць ад пасрэдніцкіх намаганняў ва ўсталяванні міру», — заявіла прэс-сакратарка Дзярждэпу ЗША Тэмі Брус.
* * *
У Белым доме і Кангрэсе фактычна адсутнічаюць сур'ёзныя дыскусіі аб далейшай падтрымцы Украіны, нягледзячы на завяршэнне дзеяння папярэдняга пакета дапамогі, зацверджанага яшчэ пры прэзідэнцтве Джо Байдэна, піша The New York Times.
Па словах прыхільнікаў Украіны ў амерыканскім Кангрэсе, нягледзячы на тое, што бягучая ваенная і фінансавая падтрымка Украіны, прынятая ў апошнія месяцы прэзідэнцтва Джо Байдэна, набліжаецца да завяршэння, у Белым доме і на Капіталійскім пагорку практычна не вядзецца ніякіх сур'ёзных дыскусій адносна новага пакета дапамогі.
«Еўрапейскія чыноўнікі кажуць, што яны нават не атрымалі запэўненняў, што ЗША працягнуць прадастаўляць Украіне выведвальную інфармацыю», — адзначае выданне. Фактычна, калі Белы дом сёння кажа пра свае стасункі з Украінай, ён звычайна кажа хутчэй пра тое, што ён атрымлівае, а не пра тое, што плануе даць.
«Пагадненне, да якога Трамп сапраўды імкнецца, — гэта пагадненне з Расеяй. Але каб дасягнуць яго, трэба абысці Украіну — альбо абвясціўшы аб спыненні агню, альбо проста адклаўшы праблему ўбок», — гаворыцца ў публікацыі.
* * *
Bloomberg са спасылкай на неназваныя інфармаваныя крыніцы, пішуць, што ў рамках мірных перамоваў ЗША разглядаюць магчымасць прызнання расійскага кантролю над Крымам як частку будучага мірнага пагаднення паміж Масквой і Кіевам.
Патэнцыйная саступка з боку ЗША стала чарговым сігналам імкнення прэзідэнта Трампа як мага хутчэй замацаваць дамоўленасці аб міры, асабліва пасля таго, як ён і дзяржсакратар Марк Рубіё заявілі пра гатоўнасць спыніць пасрэдніцкія намаганні, калі перамовы не будуць мець хуткага прагрэсу.
Такі крок, адзначаюць у Bloomberg, можа падарваць міжнародныя законы і дамовы, якія забараняюць захоп зямель з ужываннем сілы. Для Крамля такое пагадненне стала б стратэгічнай перамогай. Але еўрапейскія партнёры ЗША выступаюць катэгарычна супраць любога прызнання акупаваных тэрыторый расійскімі.