Германія і Вялікабрытанія згодныя стаць гарантамі бяспекі Украіны

Германія гатовая стаць гарантам бяспекі Украіны ў рамках яе будучага мірнага дагавора з Расійскай Федэрацыяй. Але пакуль невядома, ці будуць такія гарантыі ўключаць ваенны кампанент.

1646169838_6660_1.webp


Як заявіў прэс-сакратар нямецкага ўрада Штэфэн Хебештрайт, канцлер Олаф Шольц у тэлефоннай размове з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім выказаў «агульную гатоўнасць» выступіць у ролі гаранта бяспекі, паведамляе РБК-Украіна.

Пры гэтым Хебештрайт не стаў удакладняць, ці будзе роля гаранта бяспекі таксама ўключаць ваенны кампанент.

Раней пастаянны прадстаўнік Вялікабрытаніі пры ААН Барбара Вудвард таксама заявіла пра гатоўнасць Лондана стаць гарантам бяспекі Украіны.

Яна адзначыла, што Лондан аказвае Кіеву значную гуманітарную дапамогу і ваенную падтрымку, а агульная сума, выдаткаваная на дапамогу Украіне, складае больш за 400 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў. Кіраўнікі Вялікабрытаніі і Украіны Барыс Джонсан і Уладзімір Зяленскі амаль штодня праводзяць тэлефонныя размовы.

На пытанне журналіста, ці будзе Брытанія гарантам бяспекі для Украіны яна адказала: «Мы хочам любым спосабам, якім можам дапамагчы скончыць вайну, забяспечыць вывад расійскіх войскаў. І мы будзем шчаслівыя згуляць гэтую ролю, калі Украіна папросіць, так».

Нагадаем, Украіна прапануе падпісаць гарантыі яе бяспекі ў выпадку заключэння мірнага дагавора з Расіяй. Згодна з імі гэта будзе міжнародная дамова прамога дзеяння. Краіны-гаранты па аналагу 5 артыкула НАТА на працягу 3 дзён будуць праводзіць кансультацыі, і абавязаныя будуць аказаць Украіне ў выпадку агрэсіі дапамогу, у тым ліку і ваенную. Сярод гарантаў Украіна бачыць краіны Савета бяспекі ААН, ЗША, Францыю, Турцыю, Германію, Канаду, Польшчу, Ізраіль.