Гісторыя сабакі Адольфа, які трапіў у палон да Кадырава, але быў вызвалены

Адольф — сабака пароды амерыканскі стафардшырскі тэр'ер. Ён нарадзіўся сем гадоў таму ў Марыупалі. Калі яму было тры месяцы, яго ўзяла сям'я Сірык. Сваю мянушку ён атрымаў ад бацькоў, кажа яго гаспадыня. Іх звалі Ада і Ральф. Шляхам складання літар яго і назвалі Адольфам.

Сабака Адольф. Скрыншот з відэа

Сабака Адольф. Скрыншот з відэа


Да пачатку поўнамаштабнай вайны ён быў неразлучны са сваімі гаспадарамі, ваеннымі палка "Азоў". Ірына Сірык (пазыўны "Валькірыя") пачала служыць у Нацгвардыі ў 2018 годзе, а яе муж – у 2014-м. У лютым 2022 года да іх далучыўся і малодшы сын Ірыны ад першага шлюбу.

Пасля ўварвання Расіі ва Украіну жыццё сям'і кардынальна змянілася — звыклы дом прыйшлося змяніць на падвалы і бункер, а прагулкі з сабакам на вуліцы замяніць выхадам на першы, ужо разбураны паверх аднаго з будынкаў "Азоўсталі".

Падчас абстрэлу з карабельнай артылерыі Адольф і Ірына атрымалі раненне і кантузію. З таго моманту сабака баіцца быць у цемры і спускацца па прыступках. 17 мая 2022-га Ірына разам з іншымі абаронцамі Марыупаля трапіла ў палон. У турме ў Аленаўцы Данецкай вобласці жанчыне прапаноўвалі застрэліць сабаку, але ёй удалося пераканаць расійскіх вайскоўцаў.

Баючыся за лёс сабакі, Ірына вырашыла змяніць яго мянушку з Адольфа на Адыдас. 19 траўня сабаку забралі ў жанчыны і ў якасці трафея і падарылі кіраўніку Чачні Рамзану Кадыраву. Ужо ён даў яму новую мянушку Борз. Уз'яднацца з гаспадыняй Адольф змог толькі 31 снежня, калі падчас абмену палоннымі Ірына вярнулася ва Украіну. Муж Ірыны і сын ад першага шлюбу да гэтага часу знаходзяцца ў расійскім палоне.

currenttime.tv пагутарыў з Ірынай Сірык аб абароне Марыупаля, жыцці Адольфа ў Кадырава, расійскім палоне ў Таганрогу і ўз'яднанні з сабакам.

«Адзік хадзіў як п'яны з галавакружэннем»

"Спачатку з Адзікам было складана [пасля пачатку поўнамаштабнай вайны]. Ён вельмі баяўся выбухаў, — успамінае Ірына. — Як толькі нешта выбухала, ён падскокваў, глядзеў на мяне круглымі вачыма, не разумеў, што адбываецца, і спрабаваў кудысьці збегчы. Калі мы ўжо былі ў бункеры "Азоўсталі", то яго гэта не так палохала".

44-гадовая Ірына Сірык нарадзілася і вырасла ў Марыупалі. Да службы ў медштабе "Азова" жанчына працавала ў Марыупальскім гарсавеце. Тады начальнік яе аддзела займаўся прытулкам для жывёл. Ён і распавёў Ірыне, што ў іх з'явіўся белы шчанюк пароды амерыканскі стафардшырскі тэр'ер. Са слоў жанчыны, яе муж хацеў завесці менавіта белага амстафа. У той момант ён знаходзіўся ў камандзіроўцы і на прапанову жонкі ўзяць у сям'ю трохмесячнага шчанюка адрэагаваў з асцярогай: "Куды ж мне стафіка белага? З ім жа трэба шпацыраваць і ўсё такое".

Ірына тлумачыць — тады самім даводзілася зводзіць канцы з канцамі. Яна з мужам, двума сынамі ад першага шлюбу, а таксама коткай з кацянятамі жылі ў аднапакаёвай кватэры. Аднак жанчына не здалася і прыдумала, як угаварыць мужа ўзяць сабаку.

"Я скінула яму фота маленькага Адзіка, — успамінае яна. — Напісала, што маленькі Адольф шукае сабе бацькоў. Ён адразу растаў і сказаў: "Бяры!" Потым прыехаў з камандзіроўкі спецыяльна на пятнаццаць хвілін, каб убачыць Адзіка. І так ён з намі ўжо сем гадоў".

Убачыўшы гэта фота, муж Ірыны пагадзіўся ўзяць трохмесячнага Адзіка ў сям'ю

Убачыўшы гэта фота, муж Ірыны пагадзіўся ўзяць трохмесячнага Адзіка ў сям'ю

Падчас абароны Марыупаля Адольф усюды суправаджаў "Валькірыю" — спачатку на пазіцыях палка, а пазней і на "Азоўсталі", апошнім апірышчы абароны горада. "Адзік увесь час быў са мной, дапамагаў маральна, — распавядае Ірына. — Нават не ўяўляю, як без яго б там можна было знаходзіцца. Ён заўсёды быў побач, я магла яго абняць. Мне здаецца, ён усё разумеў і падтрымліваў як мог".

На "Азоўсталі" з мужам яны служылі ў розных лакацыях, з-за чаго і бачыліся вельмі рэдка. І толькі калі ў яго з'яўляўся час — ён выбягаў да Ірыны ненадоўга. З Адольфам жанчына гуляла на першым паверсе разбуранага будынка металургічнага камбіната. Выходзіць на вуліцу было забаронена з-за бесперапынных абстрэлаў, і каб не "засвяціць" пазіцыі палка.

Падчас абстрэлу з карабельнай артылерыі Адзік атрымаў раненне і кантузію

Падчас абстрэлу з карабельнай артылерыі Адзік атрымаў раненне і кантузію

Падчас аднаго з абстрэлаў з карабельнай артылерыі Адзік і Ірына атрымалі раненні і ў дадатак яшчэ і кантузію. "Ляцеў снарад у наш медпункт, і мы з ім [з Адольфам] паспелі выбегчы ў калідор, — кажа жанчына. — Нас адкінула выбухной хваляй да сцяны, і Адзіка са мной тады кантузіла. Ён некалькі дзён быў не ў сабе — Адзік хадзіў як п'яны з моцным галавакружэннем".


Глядзіце таксама

«У Аленаўцы Адольфа прапаноўвалі прыстрэліць»

17 мая 2022-га па загадзе вышэйшага камандавання абаронцы "Азоўсталі" выйшлі ў палон. Сярод іх — Ірына, яе муж, сын і сабака Адзік. У калоніі ў Аленаўцы Ірыне прапанавалі адразу ж прыстрэліць Адольфа. Аднак жанчыне ўдалося ўгаварыць расейскіх вайскоўцаў не рабіць гэтага.

"У мяне было з сабой трохі грошай. Казала, што магу патэлефанаваць сястры ва Украіну і яна вышле колькі трэба: "толькі не забівайце – пакіньце яго!" — успамінае Ірына. — Мы дамовіліся, што яны аддадуць яго на ператрымку на той перыяд часу, пакуль я буду знаходзіцца ў турме. Але чамусьці яны не выканалі дамоўленасцяў, забралі яго [19 траўня] і падарылі Кадыраву".

Ірына паабяцала Адольфу, што абавязкова знойдзе яго, а мужчыну, які забіраў сабаку, папярэдзіла пра алергію Адзіка і распавяла, чым яго трэба карміць, як прыглядаць. Жанчына імкнулася даведацца нумар мужчыны, яго кантактныя даныя, каб пасля вызвалення забраць сабаку дадому, але ўсё было дарэмна. "Калі мне сказалі, што Адзіка падарылі Кадыраву, то я ўжо і не спадзявалася ўбачыць яго жывым, — кажа яна. — Чакала, што мне пакажуць відэа з яго катаваннямі і забойствам".

Скрыншот з відэа

Скрыншот з відэа

Ірына перажывала за жыццё сабакі, таму вырашыла змяніць яго мянушку з Адольфа на Адыдас. Яна думала, што расейскія вайскоўцы застрэляць яго, калі даведаюцца першапачатковую мянушку, вырашаць, што Адзік названы ў гонар Адольфа Гітлера.

Юрый Каванаў, які называе сябе валанцёрам і зоаабаронцам, паехаў у Грозны і асабіста перадаў Рамзану Кадыраву Адзіка. З ягоных слоў, ён гэта зрабіў у знак павагі за стаўленне лідара Чачні да "спецыяльнай вайсковай аперацыі" (так у Крамлі называюць поўнамаштабную вайну Расеі супраць Украіны). Кадыраў адразу ж даў сабаку новую мянушку — Борз (з чачэнскага перакладаецца як "воўк"). Рамзан Кадыраў пасмяяўся над тым, што палонная жанчына паабяцала свайму сабаку знайсці яго.

Праз нейкі час пасля развітання з Адзікам Ірыну перавезлі ў Таганрог. У ізалятары яна перажыла катаванні. Яна распавядае, што яе і сукамерніц білі, прымушалі прысядаць, ставілі ў расцяжку тварам да сцяны. "Адзін раз яны мяне ўдарылі галавой аб сцяну, паколькі ім не спадабалася, як я стаяла, — кажа Ірына. — Дрэнна кармілі, на вуліцу выводзілі адзін раз на тыдзень на пяць хвілін а шостай раніцы. Бягом нам трэба было бегчы па прыступках з заплюшчанымі вачыма, пры гэтым сагнуўшыся напалову, амаль да каленяў. Калі не так нізка галаву нахіляў, як ім трэба было, то нас білі паліцэйскімі дручкамі".

Глядзіце таксама

На паход у душ — пяць хвілін, і толькі раз на тыдзень. Са слоў жанчыны, у ізалятары былі праблемы з гігіенай — на камеру з траіх чалавек выдавалі кавалачак гаспадарчага мыла: "Яно моцна смярдзела. Ім не тое што купацца, а рукі было страшна мыць".

У палоне Ірына на ўласным прыкладзе зразумела, што значыць праца расейскай прапаганды. Яшчэ ў Аленаўцы журналісты тэлеканала НТВ знялі прапагандысцкі фільм пра "Валькірыю" і яе сям'ю. У фільме Ірыну называюць "багіняй смерці Зяленскага" і "жанчынай-карнікам". Сярод герояў стужкі — і сам Адольф. На думку расейскіх прапагандыстаў, сабака — "адзіны чалец сям'і Сірыкаў, які сумленна стаў на шлях выпраўлення", патрапіўшы да Кадырава і атрымаўшы новую мянушку. Ірына падкрэслівае, што пагадзілася пагутарыць з прадстаўнікамі НТВ дзеля 10-хвіліннай сустрэчы з сынам і мужам.

«Адзік вельмі сумаваў па мне, па радзіме»

31 снежня 2022-га падчас абмену палоннымі Ірына Сірык вярнулася дадому. У гэты ж дзень Шамсаіл Сараліеў, дэпутат расейскай Дзярждумы з Чачні, прывёз Адзіка і пасля перадаў яго вызваленай з палону Ірыне. У расстанні з гаспадарамі стафардшырскі тэр'ер знаходзіўся больш за сем месяцаў.

photo_2022_12_31_18_44_36_logo.jpg.webp

Жанчыне давялося на камеру дзякаваць лідару Чачні Рамзану Кадыраву. "Мне сказалі: "Ты ж разумееш, што табе трэба падзякаваць [Кадыраву] за тое, што табе яго вярнулі", — распавядае яна.

"Яго не мянялі — яго проста вярнулі, — кажа Ірына. — Гэта быў як акт дабрачыннасці нейкі. Дэпутат іх Дзярждумы [Шамсаіл Сараліеў], які вярнуў мне Адзіка, сказаў, што Адзік вельмі сумаваў па мне, па радзіме, ён дрэнна еў. Яны паглядзелі, як сабака сябе паводзіць, і вырашылі вярнуць".

За час знаходжання ў Чачні Адольф моцна схуднеў — да пачатку поўнамаштабнай вайны ён важыў 35 кілаграмаў, а па вяртанні з палону — 24. Ірына не ведае, як да Адзіка ставіліся ў Чачні, аднак украінскія лекары выявілі ў сабакі мноства праблем са здароўем.

"Наўрад ці да яго добра ставіліся, — кажа яна. — Хоць пры абмене мне распавядалі, што Кадыраў — яго лепшы сябар, ён яго так любіць. Паказвалі відэа, дзе Кадыраў праводзіў [Адзіка] у лякарню да лекара, дзе яго лекары аглядалі. Але ён вярнуўся да мяне ў вельмі дрэнным стане".

"Валькірыя" з Адольфам вярнуліся да службы ў "Азове"

"Валькірыя" з Адольфам вярнуліся да службы ў "Азове"

Ветэрынары ўжо ва Украіне выявілі ў Адольфа праблемы са спінай і заднімі лапамі, а таксама невылечную хваробу — атаксію [парушэнне ўзгодненасці рухаў розных цягліц]. Медыкі лічаць, што захворванне выявілася ў яго з прычыны перажытага стрэсу, дадае Ірына. Паводле яе слоў, лекары мяркуюць, што сабака шмат разоў падаў, а праблемы са здароўем маглі пагоршыцца з-за пастаяннага знаходжання Адзіка ў маленькай клетцы, дзе ён мог толькі сядзець або ляжаць у нязручным для яго становішчы.

Пасля расійскага палону стан Ірыны таксама пагоршыўся — у яе з'явіліся эндакрынныя праблемы, пашкоджанні каленных суставаў, праблемы з сэрцам і нервовай сістэмай. Таму цяпер жанчына працуе ў тыле медыцынскай службы палка "Азоў". Яна вядзе ўлік дакументацыі. Да поўнамаштабнага ўварвання жанчына адказвала за медыцынскі склад і займалася закупкай медпрэпаратаў, а ўжо пасля 24 лютага ёй давялося стаць медсястрой і парамедыкам.

"Да поўнамаштабнага ўварвання мы з Адзікам часта гулялі каля мора. Ён вельмі любіць мора, — успамінае Ірына. — Мы амаль кожны дзень гулялі ў парку "Весялка", бо побач жылі. Адзік вельмі любіў есці марозіва, белы хлеб, усё салодкае — хоць яму і нельга, а з новымі цацкамі ён быў гатовы насіцца ўвесь дзень".


Ірына з Адзікам сумуюць па шпацырах ля мора

Ірына з Адзікам сумуюць па шпацырах ля мора

У Адольфа ёсць старонка ў Instagram. Там Ірына Сірык дзеліцца фота і відэа з жыцця сабакі. Яна падсумоўвае, што Адзік — сабака з характарам, трохі капрызны і распешчаны. Ён нават не змог прайсці курс паслушэнства, Адзік пакусаў кінолага. "Ён наогул разумее, што кажуць, і выконвае каманды, але ўсё роўна робіць усё, як яму хочацца", — кажа Ірына.