ISW: Дзеянні Трампа перашкаджаюць планам Трампа па спыненні вайны ва Украіне
Помста Трампа Уладзіміру Зяленскаму можа прывесці да страты тысячаў жыццяў украінцаў, і, паводле ацэнак аналітыкаў, нашкодзіць самому Трампу. Тым часам Еўропа пачынае прачынацца і становіцца больш важкім гульцом у сферы бяспекі, і адводзіць Штатам у прапанаваным мірным плане толькі ролю гаранта. Ідзе 1106-ты дзень шырокамаштабнай узброенай агрэсіі Расі супраць Украіны, пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота з dw.com
За мінулыя суткі, 5 сакавіка, на фронце адбылося 109 баявых сутыкненняў. Расійцы больш за ўсё ціснулі на Курскім і Тарэцкім кірунках, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 6 сакавіка.
На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 21 атаку непадалёк Тарэцка, Дачнага, Крымскага і Дыліеўкі. На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 18 наступальных дзеянняў расійцаў у раёнах Прамяня, Пясчанага, Котлінага, Сяргееўкі, Багданаўкі і Андрэеўкі.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 10 разоў паблізу Новаміхайлаўкі і Новага. На Краматорскім кірунку зафіксавана дзевяць боесутыкненняў ў раёнах Часавага Яра, Прадцечына.
На Новапаўлаўскім кірунку сілы абароны Украіны адбілі восем атак арміі РФ. У Курскай вобласці Расіі за мінулыя суткі УСУ адбілі 27 атак расійцаў.
* * *
Сілы абароны Украіны прасунуліся ў раёне Тарэцка і пад Пакроўскам, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 3 сакавіка, паказваюць, што УСУ прасунуліся па вуліцы Прамянёвая на паўднёвым захадзе Тарэцка.
Расійскі «ваенкор» і былы інструктар «Шторм-Z» 4 сакавіка паведаміў, што камандаванне РФ нядаўна перакінула некалькі падраздзяленняў для стабілізацыі сітуацыі ў Тарэцку. Блогер сцвярджаў, што некалькі раёнаў у Тарэцку з'яўляюцца «шэрымі зонамі», якія часта пераходзяць з рук у рукі.
Украінскія абаронцы нядаўна прасунуліся на Пакроўскім кірунку. Геалакацыйныя кадры ад 5 сакавіка паказваюць, як войскі РФ наносяць удары па некалькіх адзінках бронетэхнікі УСУ ва ўсходняй частцы Шаўчэнкі (на поўдзень ад Пакроўска), што паказвае на тое, што сілы абароны прасунуліся ў гэты раён.
Расійскія блогеры распавядалі, што сілы абароны Украіны прасунуліся ў межах Успенаўкі (на паўднёвы захад ад Пакроўска) і паўночнага (правага) берага ракі Салона ў заходняй частцы Новасергеяўкі (на поўнач і захад ад Успенаўкі).
* * *
З вечара 5 сакавіка расійскія вайскоўцы атакавалі Украіну 2 балістычнымі ракетамі Іскандэр-М/KN-23 і 112 ударнымі БПЛА тыпу Shahed і іншымі беспілотнікамі. 68 дронаў атрымалася збіць, яшчэ 43 былі лакацыйна страчаныя, паведамілі Паветраныя сілы УСУ.
У Адэскім раёне быў атакаваны энергетычны аб'ект, пашкоджаны жылы дом, адмінбудынак і параненыя 2 чалавекі.
У Крывым Рогу ўвечары 5 сакавіка ракета трапіла ў гатэль. 4 чалавекі загінулі і яшчэ 31 атрымаў раненні, сярод іх адно дзіця. 13 чалавек дастаўлены ў бальніцы ў цяжкім стане. Акрамя гатэля пашкоджаны 14 шматкватэрных дамоў, пошта, амаль два дзясяткі аўто, установа культуры, 12 магазінаў.
* * *

* * *
ЗША цалкам спыніла абмен разведвальнай інфармацыяй з Украінай, у прыватнасці даных аб ваенных мэтах і папярэджаннях аб пусках расійскіх ракет і дронаў па тэрыторыі Украіны. Як піша The Wall Street Journal, каля 14 гадзін па Кіеве 5 сакавіка ЗША абрэзалі «галоўную крыніцу інфармацыі для паветраных трывог».
Прыпыненне абмену разведвальнай інфармацыяй паміж ЗША і Украінай дазволіць войскам РФ узмацніць удары беспілотнікамі і ракетамі па ўкраінскім тыле, што паўплывае на жыццё грамадзянскіх асоб і развіццё абаронна-прамысловай базы краіны, папярэджвае Інстытут вывучэння вайны (ISW).
У справаздачы нагадалі, што амерыканская выведка зрабіла свой унёсак ва ўкраінскую сістэму ранняга папярэджання аб расійскіх ударах па гарадах. Гэта дазваляла ўладам і грамадзянскаму насельніцтву падрыхтавацца да запуску ворагам ракет і беспілотнікаў. Прыпыненне прадастаўлення даных амерыканскай выведкі аб ударах РФ па ўкраінскім тыле, а таксама прыпыненне паставак ракет для сістэм СПА Patriot, здольных збіваць балістыку, акажа сур'ёзны ўплыў на бяспеку тылавых тэрыторый Украіны.
У ISW адзначылі, што Расія наносіць удары беспілотнікамі і ракетамі пераважна па энергетычнай інфраструктуры і абаронным прадпрыемствам Украіны. Верагодная інтэнсіфікацыя гэтых удараў пасля прыпынення ЗША ваеннай дапамогі і абмену разведданымі, нашкодзіць прагрэсу Украіны ў пашырэнні яе абароннага патэнцыялу для забеспячэння ўсім неабходным Узброеных Сіл.
«Палітыка ЗША ў прыпыненні вайсковай дапамогі і абмену разведданымі, памяншае рычагі ўплыву прэзідэнта ЗША Дональда Трампа для дасягнення заяўленай ім палітычнай мэты — спынення вайны ва Украіне на прымальных умовах, што патрабуе ўзмацнення ціску на Расію, а не на Украіну», — канстатуюць у ISW.
* * *
Амаль за тры гады поўнамаштабнай вайны, больш за 50 тысяч расійскіх вайскоўцаў пакінулі свае часткі і знаходзяцца ў самаволцы. Найбольшая колькасць выпадкаў зафіксавана ў Паўднёвай вайсковай акрузе Узброеных Сіл РФ, піша Інстытут вывучэння вайны (ISW) са спасылкай на ўкраінскіх хакераў, якія атрымалі доступ да ўнутранай прэзентацыі Мінабароны Расіі.
У прэзентацыі паказана колькасць узбуджаных расійскімі ўладамі крымінальных спраў супраць вайскоўцаў, якія знаходзяцца ў самаволцы, па стане на 15 снежня 2024 года. Аднак ва ўкраінскай OSINT-супольнасці адзначылі, што прыведзеныя ў прэзентацыі звесткі ўтрымліваюць выпадкі, калі расійскія камандзіры прылічалі да самаволкі вайскоўцаў, зніклых без вестак падчас штурмаў.
Агульная колькасць задакументаваных выпадкаў самаволак з лютага 2022 года да сярэдзіны снежня 2024 года, складае 50 554. У дакуменце таксама адзначаецца, што 58,8% выпадкаў самаволкі прыйшліся на вайскоўцаў 51-й агульнавайсковай арміі (былы 1-шы армейскі корпус «Данецкай Народнай Рэспублікі») і 3-га армейскага корпуса (былы 2-гі АК «Луганскай Народнай Рэспублікі»).
* * *
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон мяркуе, што Расія пагражае не толькі ўкраінцам, але і ўсёй Еўропе. Таму ён выступае супраць «занадта далікатнага» перамір'я ва Украіне. «Калі краіна можа ўварвацца да свайго суседа ў Еўропе і застацца беспакаранай, ніхто не можа быць упэўненым у бяспецы», — заявіў Макрон у тэлевізійным звароце да сваіх суграмадзян.
З ягоных слоў, «расійская пагроза закранае ўсю Еўропу», і заставацца проста гледачом у гэтым «свеце небяспекі» было б сапраўдным вар'яцтвам. Макрон успомніў і пра тое, як Расія парушыла свае папярэднія абяцанні і гарантыі.
«Шлях да міру не можа праходзіць праз адмову ад падтрымкі Украіны. Мір не можа быць дасягнуты любой цаной і пад дыктатам Расіі і не можа азначаць капітуляцыю Украіны», — падкрэсліў французскі лідар.
Макрон пацвердзіў, што гатовы разгледзець магчымасць выкарыстання французскай ядзернай зброі для абароны еўрапейскіх саюзнікаў.
* * *
Пагроза эскалацыі вайны ва Украіне і спыненне вайсковай падтрымкі з боку ЗША прымушаюць краіны ЕС рыхтавацца да новай масавай плыні ўкраінскіх уцекачоў, піша Politico.
«Калі Пуцін яшчэ больш абвострыць гэтую вайну і амерыканская падтрымка знікне, і калі гэта прывядзе да павелічэння плыні ўцекачоў... Нам трэба абавязковае размеркаванне бежанцаў з Украіны па ўсім ЕС у адпаведнасці са справядлівым механізмам», — заявіла міністр унутраных спраў Германіі Нэнсі Фезер.
У той жа час яна адзначыла, што пакуль не чакае новага вялікага наплыву бежанцаў і што гэта «толькі сцэнар», які павінны абмеркаваць міністры. «Германія будзе падтрымліваць Украіну датуль, пакуль будзе працягвацца жудасны напад Пуціна», — сказала яна.
У снежні мінулага года, паводле звестак Еўрастата, больш за 4,3 мільёна ўкраінцаў знаходзіліся пад часовай абаронай у еўрапейскіх краінах. Больш за ўсё бежанцаў прынялі Германія, Польшча і Чэхія.
* * *
Еўрапейскія лідары імкнуцца хутка завяршыць мірны план для Украіны, піша Reuters. Дэталі плана пакуль не выдаюцца.
Выданне адзначыла, што парушэнне амерыкана-ўкраінскіх адносін узмацніла намаганні Вялікабрытаніі і Францыі аб'яднаць ідэі адносна мірнага плана, які спачатку прадугледжваў бы кароткае перамір'е, але пасля ўтрымліваў бы больш шырокія гарантыі бяспекі. А ЗША спатрэбяцца для будучых гарантый.
Такім чынам, ЗША адведзена ў гэтым плане роля не лідзіруючая, а «другога плану».