Яны пра нас: Апроч украінцаў Беларусь з'яўляецца самай вялікай ахвярай гэтай вайны

Свежы дайджэст замежнай прэсы пра падзеі ў Беларусі і вакол яе.  

Антываенны надпіс у Гродне. Ілюстрацыйнае фота

Антываенны надпіс у Гродне. Ілюстрацыйнае фота


«З Беларусі па-ранейшаму ўсе расійскія войскі не выведзеныя, па-другое, ёсць не аптымальныя, але ўсё ж баяздольныя беларускія ўзброеныя сілы. Калі ўзнімалася пытанне тыдзень-два таму, падчас вывядзення большасці расійскіх войскаў з тых рэгіёнаў Украіны, было зразумела, што калі адны выводзяцца, у той жа час вывучалася, нападуць ці не ўзброеныя сілы Беларусі. З ваеннага пункту гледжання гэта было немэтазгодна. Сітуацыя мяняецца па той прычыне, што падчас правядзення аперацыі на ўсходзе пагроза адцягнуць нашы сілы, па магчымасці, у гэтым напрамку павялічваецца. Калі да гэтага часу ўдасца Пуціну націснуць на Лукашэнку, то могуць выкарыстоўваць і гэты кірунак».NTA (Украіна)
«Беларусы, якія жывуць ва Украіне, а гэта палітычныя бежанцы, тлумачаць, што Аляксандр Лукашэнка на працягу 27 гадоў выбудаваў сістэму, з якой грамадзянам цяжка змагацца. У краіне ўвесь час доўжацца зачысткі «непажаданых» людзей, а сілавікоў становіцца ўсё больш. Часта ўкраінцы не разумеюць, чаму беларусы не такія актыўныя, не выходзяць, як яны, на Майдан. Гэта важна зразумець. Украіна не адразу прыйшла да Майдану 2014 года. Быў Майдан у 2003-2004. Трэба разумець, што Беларусь знаходзіцца ў пратэсным памеры недзе на этапе 2003 года ў параўнанні з Украінай.
Українська служба «Радіо Свобода» (Украіна)
«Юрасобам і грамадзянам РБ у выключным парадку дазволена ўдзельнічаць у будаўніцтве касмадрома «Усходні». Калі не ўдавацца ў доўгія развагі, то Пуцін дазваляе прэзідэнту РБ Аляксандру Лукашэнку крыху паправіць бюджэт яго краіны за кошт расійскіх дзяржкантрактаў. Яны выліваюцца на «Усходні» паўнаводнай ракой, з-за чаго ўзнікла ўжо не адна крымінальная справа. Хутчэй за ўсё, гэта дапамога Беларусі як часткі Саюзнай дзяржавы. Застаецца адно пытанне: чаму такая тэрміновасць? Хутчэй за ўсё яна звязана са спецаперацыяй на тэрыторыі Украіны. І тут незразумела толькі тое, ці адплата гэта за ўжо аказаныя адным саюзнікам іншаму паслугі ці перадаплата на будучыню? Напрыклад, за меркаваную шкоду ў выпадку ўцягвання беларусаў у расійска-ўкраінскія баявыя дзеянні». Независимая газета (Расія)
«Апроч украінцаў Беларусь з'яўляецца самай вялікай ахвярай гэтай вайны. Гэты аншлюс адбываецца ў ценю буйнейшых падзей і насуперак меркаванню большасці беларусаў. Яшчэ перад пачаткам вайны ва Украіне Беларусь стала акупаванай краінай. Расія размясціла там свае войскі на мяжы студзеня і лютага. Гэта 30 тыс. салдат, самалётаў Су-35 і ракетных комплексаў С-400».
Polityka (Польшча)
«Дык чаму ж Украіна, у адрозненне ад Беларусі, заўсёды была больш радыкальнай у сваім імкненні аддзяліцца ад Расіі? Краіны падобныя да людзей, а людзі ўсе розныя; кожны змагаецца па-свойму, зыходзячы са свайго жыццёвага досведу. У адрозненне, напрыклад, ад Заходняй Украіны, у Беларусі ніколі не было адносна ліберальнага жыцця. На працягу большай часткі сваёй гісторыі яна была акупавана іншымі краінамі, часам на кароткі час валодаючы фармальнай незалежнасцю».The Guardian (Вялікабрытанія)
«З наступнага навучальнага года ў польскіх школах Гродна і Ваўкавыска будзе ўведзена навучанне на рускай мове. Польская мова і літаратура могуць выкладацца адну гадзіну на тыдзень са згоды мясцовых уладаў. Гэты навучальны год таксама будзе апошнім, які завершыцца іспытамі па польскай мове. На думку бацькоў і настаўнікаў, такія правілы азначаюць "татальную русіфікацыю". Дарэчы адзначыць, што толькі кожная дзясятая ўстанова ў Беларусі навучае дзяцей на беларускай мове». Rzeczpospolita (Польшча)