Каліновец пра Новы год на вайне

Беларускі ваяр, які змагаецца за Украіну, падзяліўся тым, як ён і пабрацімы сустрэлі свята. Што адбываецца ў самым гарачым месцы сёння?

Фота: Полк Каліноўскага

Фота: Полк Каліноўскага

«Соню» прызначылі ўзводным нядаўна. Яго падраздзяленне прайшло баявое хрышчэнне на адным з участкаў фронту, дзе ідуць цяжкія баі, піша «Наша Ніва».

Ва ўзводзе ўсе беларусы, акрамя камандзіра снайперскай групы. Ён з Чэхіі.

«Слова «добраахвотнік» у нас забароненае, — даводзіць узводны. — Добраахвотнік ты толькі тады, калі прымаеш рашэнне пайсці на фронт. Разам з ім ты бярэш на сябе адказнасць і становішся салдатам. Салдат — гэта вобраз мыслення…».

Узвод чакае папаўнення байцамі і новым узбраеннем. Наперадзе навучанне баявому зладжванню.

Камандзір падраздзялення тлумачыць, што ў пяхоце важныя брацкія, сямейныя адносіны. Пехацінцы заўжды разам, і ад узаемадзеяння адзін з адным залежыць поспех у баі і захаванне жыццяў.

У першы навагодні дзень падраздзяленню далі адпачыць. Хлопцы адсыпаліся і парадкавалі свае думкі. 

Напярэдадні была размова аб планах на 2024 год. Байцы асэнсоўвалі тое, пра што дамовіліся. Усе яны на фронце з 2023-га.

«Нібы адзін год, няшмат, але ён іх памяняў моцна, таму ў гэты дзень было кожнаму пра што падумаць. Зразумела, вайна хутка не скончыцца, але памарыць хочацца нават нам. Хлопцам трэба было пераварыць размову», — адзначае «Соня».

Суразмоўцу 31 год. У Беларусі ён быў юрыстам. На фронце крыху больш за год.

«Стаўшы камандзірам, я нясу адказнасць не толькі за сябе, сваё жыццё, але і за сваіх байцоў. Мушу быць прыкладам для іх. Я заўжды ахайны, карэктны…», — апавядае каліновец.

Узводны кажа, што 2020-ты змяніў яго жыццёвую пазіцыю з «мая хата з краю» на «калі не я, то хто».

Адбылося перафарматаванне асабістага стаўлення да ўдзелу ў палітычнай дзейнасці, патрыятызму, пачуцця сяброўства.

«Я не збіраўся чакаць, пакуль нехта пераможа ў гэтай вайне, а хачу дзеля гэтага зрабіць тое, што сам магу», — гаворыць «Соня» аб тым, што яго вымусіла выправіцца на абарону Украіны.

Беларус спачатку ваяваў шарагоўцам, стаўшы камандзірам агнявой падтрымкі, хоча, каб яго падраздзяленне стала ўзорным.

«Сёння (2 студзеня) зранку было шыхтаванне, на якім я распісаў нашы далейшыя планы. Мы хочам перамен на фронце. Зразумела, акрамя таго, каб не загінуць», — гаворыць суразмоўца.

Ён адзначае, што «не верыць у здольнасці гадамі ваяваць дзякуючы матывацыі і ідэалам, бо матываваныя людзі дужа хутка сканчаюцца».

«Я гляджу, як ваююць нашы праціўнікі, якія матывацыі не маюць, але яны дысцыплінаваныя. Таму я веру ў дысцыпліну, выразную іерархію, працу 24/7, трэніроўкі і разуменне, што мы робім. Мы армія, салдаты, і як следства ў нас павінна быць разуменне вайны», — тлумачыць каліновец.

Узводны спадзяецца, што ў новы год адбудзецца прарыў на фронце, але гатовы і да таго, што гэтага не будзе. Салдаты стамляюцца ад вайны, якая ўвайшла ў стадыю стагнацыі.

«Мой камбат кажа, што сваё рашэнне ён ужо прыняў. І, калі вайна будзе трываць год, застанецца на ёй год. Калі ж дзесяць гадоў, то значыць дзесяць, — падсумоўвае каліновец. — Я трымаюся такой жа пазіцыі. Вядома ж, спадзяюся, што ў 2024 годзе мы зможам дасягнуць перамогі, але байцоў рыхтую так, што гэта вайна на ўсё іх жыццё».