«Кінулі як кацянят, без падрыхтоўкі, без нічога». Пад Макееўкай забілі «сотні» мабілізаваных?

Пад Макееўкай знішчаны батальён мабілізаваных з Варонежскай вобласці. І, відаць, на тым месцы рускія салдаты масава гінулі і раней. Выданне «Вёрстка» са спасылкай на словы відавочцаў распавяло пра жахлівыя страты сярод мабілізаваных.

za_cenoj_ne_postoim.png

Пра страты сярод мабілізаваных у выніку абстрэлу на лініі судакранання пад Макееўкай у Сватаўскім раёне Луганскай вобласці «Вёрстцы» распавёў адзін з тых, хто выжыў, — салдат Аляксей Агафонаў. Паводле яго ацэнкі, колькасць загінулых можа перавышаць 500 чалавек.

Камандзір батальёна мабілізаваных, якія праходзілі падрыхтоўку ў вайсковай частцы 2079, абяцаў, што вайскоўцаў прывязуць у раён Сватава, дзе за 15 кіламетраў ад лініі фронту яны ўступяць у шэрагі «тэрытарыяльнай абароны», распавёў Агафонаў. Аднак у ноч з 1 на 2 лістапада ўвесь батальён прывезлі на лінію судакранання і загадалі абкопвацца і ўтрымліваць лінію абароны.

«Нас выкінулі ў пасадкі, сказалі абкопвацца, у нас на батальён было тры рыдлёўкі, забеспячэння наогул ніякага не было. Мы як маглі акапаліся, а пад раніцу пачаўся абстрэл — артылерыя, «Грады», мінамёты, коптэры… Нас проста расстрэльвалі. Калі ўсё пачалося, афіцэры адразу ўцяклі. У перапынках паміж абстрэламі мы спрабавалі абкопвацца, але нас адразу вылічалі коптэры і проста расстрэльвалі. З 570 чалавек цэлыя 29, яшчэ 12 параненыя, астатнія — усё», — распавёў Агафонаў.

Пра сотні загінулых «Вёрстцы» распавяла і жонка другога мабілізаванага — Злата. «Загінулых, вядома, больш за палову», — кажа яна са спасылкай на мужа.

Агафонаў таксама дадаў, што да гэтага на гэтых жа пазіцыях разбілі як мінімум яшчэ адзін батальён з мабілізаваных.

Агафонаў распавёў, што бачыў дзясяткі трупаў, у некаторых «нават тырчаць з кішэняў ваеннікі».

«Па тэлевізары паказваюць, што ўсё прыгожа, а на самай справе тут у Луганскай вобласці на перадок кідаюць менавіта мабілізаваных, і калі мы адтуль адыходзілі, не бачачы афіцэраў, мы ішлі ўжо назад, то бачылі, што на трэцяй лініі сядзяць толькі кантрактнікі і добраахвотнікі, а на перадку мабілізаваныя», — распавёў Агафонаў.

Па яго словах, мясцовыя і кантрактнікі не хочуць ваяваць, а ў раён Белай звозяць мабілізаваных з усёй краіны, каб закрыць праломы ў абароне. У Сватава, куды пасля абстрэлу адступілі тыя, хто выжыў з батальёна Агафонава, ходзяць групы ад 2 да 5 чалавек з іншых пабітых батальёнаў.

«Тут поўная блытаніна і раздрай. Усіх тых, хто выжыў, і новапрыбылых групуюць ў новыя батальёны і закідваюць на перадок, каб закрыць лінію абароны». Па яго словах, украінцы зачысцілі ўсю тэрыторыю, дзе ваявалі мабілізаваныя.


Інфармацыю «Вёрстцы» таксама пацвердзіла жонка яшчэ аднаго выжылага мабілізаванага — Людміла Чарных.

«Ён патэлефанаваў мне раніцай з чужога нумара і распавёў, што адбылося, што іх кінулі капаць лінію абароны, іх накрыў мінамётны абстрэл — і яны з Краснадона дабраліся нейкім чынам да Сватава, дзе цяпер хаваюцца. Яны цяпер баяцца куды-небудзь ісці, нават да блокпастоў баяцца выйсці. Кіраўніцтва іх кінула, і яны не ведаюць, што рабіць, проста просяць дапамогі», — распавяла Чарных.

Сваякі некалькіх мабілізаваных, якія трапілі пад абстрэл, у суботу зладзілі сход ля будынка Варонежскай пракуратуры, — і патрабавалі распавесці ім праўду пра лёс блізкіх.

«Па тэлефоне нам кажуць, што нашы сыны жывыя, здаровыя і нават выконваюць воінскі абавязак. Якія да чорта жывыя і здаровыя, калі іх там усіх пазабівала?» — распавяла Аксана Холадава, маці вайскоўца Андрэя Холадава.

Жонка другога мабілізаванага — Ганна сказала «Вёрстцы», што тыя з мабілізаваных, хто выжыў, просяць, каб іх адпусцілі дадому. «Яны цяпер просяць аб дапамозе, каб іх проста выпусцілі. Яны цяпер не могуць там знаходзіцца, ім страшна. Іх там бамбяць. Ні начальства, нікога там няма. Мы хочам, каб гэта стала вядома ўсім, як абышліся з хлопчыкамі. Іх кінулі як кацянят, без падрыхтоўкі, без нічога. А ў нас з мужам дачка, ёй паўтара года», — распавяла Ганна.

У складзеным бацькамі спісе вайскоўцаў, якія просяць аб дапамозе, пазначаны прозвішчы 41 чалавека. Пры гэтым на сувязь выйшаў толькі 31 чалавек, лёс яшчэ дзевяцярых да канца не вядомы.