Ні кроку назад? У расійскай арміі аднаўляюць «заградатрады», што практыкаваў НКУС

Брытанская выведка адзначае, што выкарыстанне ў расійскіх войсках «заградатрадаў» сведчыць пра нежаданне расійскай арміі ваяваць.

zahradotrjad.jpg

З-за нізкага маральнага духу асабістага складу і яго нежадання ваяваць расійская армія, верагодна, можа задзейнічаць «загараджальныя атрады», лічыць ваенная выведка мінабароны Вялікабрытаніі. Такія падраздзяленні могуць расстрэльваць салдат, што вырашылі адысці з поля бою, каб прымусіць іх перайсці ў наступ, лічаць брытанцы.

Аўтары агляду брытанскай выведкі нагадалі, што «загараджальныя атрады» раней выкарыстоўваліся расійскімі вайскоўцамі ў іншых вайсковых канфліктах. Аднак не ўдакладнялі, у якіх менавіта. Журналісты ВВС дапускаюць, што, магчыма, гаворка ідзе пра Другую сусветную вайну.

У апошні час расійскія генералы, верагодна, хацелі б, каб камандзіры ў арміі атрымалі дазвол ужываць зброю супраць дэзерціраў, гаворыцца ў зводцы. Тактыка расстрэлу дэзерціраў можа сведчыць пра нізкі маральны дух і недысцыплінаванасць у войсках, рэзюмуюць аўтары.

Зрэшты, тое, што такую практыку расійская армія ўжывае, гаварылася яшчэ падчас вайны ва Украіне ў 2015 годзе і пазней. Так, напрыклад, пра гэта казаў украінскі ўдзельнік АТА Ігар Лысенка. Ён распавядаў, што расійскія войскі сілай змушалі баевікоў ЛНР, ДНР, казакаў і наймітаў вяртацца на перадавую і працягваць штурм. «Паводле аператыўных даных, адступленне баевікоў ад Вуглягорска стрымлівалі загараджальныя атрады дывізіі ўнутраных войскаў МУС РФ імя Дзяржынскага», — распавядаў Лысенка яшчэ ў 2015 годзе.

Паводле ВВС, www.eurointegration.com.ua