«Коні бегалі па сценах ад жаху». Украінка ратуе жывёл ад вайны

«Я са сваёй жыццёвай філасофіяй не разумею, як можна прыйсці ў чужы дом, забіць яго гаспадароў, узяць чужыя рэчы, сысці і адчуваць сябе пасля гэтага жывым», — гаворыць ветурач з Харкава Алёна Новікава. Цяпер яна з дзецьмі, мужам, катамі і сабакамі ў бяспецы. Але ва Украіне засталіся яе коні — таксама частка яе сям’і, якіх яна намагаецца вывезці з-пад агню.  

alena_novikava3.jpg


У Алёны пяцёра сваіх коней і адзін маленькі поні. Апроч таго, на дзяржаўнай конна-спартыўнай базе ў Харкаве засталося яшчэ каля 50 коней, з якімі яна працавала і якія для яе вельмі шмат значаць. Цяпер знаходзіцца ў Германіі і рыхтуе эвакуацыю коней.
Гэта складаная і адначасова простая гісторыя пра чалавека, для якога любое жыццё — найвялікшая каштоўнасць. Каментарыі тут лішнія, таму проста прыводзім шчыры маналог Алёны.

«Гэтыя коні — мая сям’я»

— Мае ўласныя коні былі выратаваныя ад людзей, якія кепска з імі абыходзіліся. Не тое што я купіла лашадку, таму што мне вельмі хацелася — гэта занадта проста. Таму я ратавала іх з неспрыяльных умоваў, лячыла.
Гэтыя коні — мая сям’я. Паколькі яны перанеслі шмат жыццёвых нягодаў, я вырашыла, што яны больш не будуць спартыўнымі, хаця іх фізічны стан гэта ўжо дазваляе. Яны скончылі спартыўную кар’еру, мы з мужам пераехалі ў прыватны дом пад Харкавам, пабудавалі там стайню. Яны гулялі, адчувалі сябе камфортна. Часам мы выязджалі ў палі і лясы. Зрэдку маглі паехаць на базу і паскакаць там які-небудзь невялікі маршруцік. З улікам, што коні вельмі буйныя — адзін «хлопец» у мяне 180 см ростам, другі — 182, астатнія крыху меншыя, — для іх гэта не праблема.

alena_novikava7.jpg


Конна-спартыўная база, пра якую ідзе гаворка, цягам усёй сваёй гісторыі выхоўвала прафесійных спартсменаў-вершнікаў, і рабіла гэта цалкам бясплатна. Коні там знаходзіліся і знаходзяцца цяпер на балансе дзяржаўнай ВНУ. Звычайна дзяржава клапацілася пра тое, каб у гэтых коней усё было добра, яны атрымлівалі корм. Для нас — тых, хто меў дачыненне да базы, — гэтыя коні таксама як члены сям’і. Бо многія там прымалі роды, выхоўвалі гэтых жарабятаў, аб’язджалі іх, вучылі быць спартыўнымі коньмі.

«Мы не ведалі, куды едзем»

Так выйшла, што наш дом блізка ад мяжы. Калі на нас напалі, я пачула самыя першыя выбухі. Дом трэсся, шмалялі так, што мне і цяпер становіцца дрэнна ад гэтых успамінаў. Я не магу падабраць цэнзурных словаў, каб апісаць, што адбывалася. Некалькі дзён вакол нашага маленькага сяла ішлі танкавыя баі. Смярдзела гарэлым металам, саляркай і гарэлым мясам. Быў жахлівы шум, нібы лязгалі тысячы металічных сківіц. Усё выбухала, гарэла. У мяне загінула некалькі сабак, бо яны, звар’яцеўшы ад страху, уцяклі ў самую гушчу бітвы. Там не тое што сабак, там і людзей не знойдзеш ужо. Адзін сабака памёр ад інфаркту. Коні бегалі па сценах ад жаху, бо яны не прывыклі да такога.
Некаторы час мы трымаліся. Потым я эвакуявала мужа з трыма маленькімі дзецьмі да сяброў у бункер. Яны тыдзень сядзелі там, а я сядзела адна з коньмі дома пад бамбёжкамі. Потым у нас скончылася сена, падвезці яго магчымасці не было. Таму мы з коньмі пешшу пайшлі пад абстрэламі «Градаў» на конна-спартыўную базу. На некаторы час я іх пакінула там, сама сабрала мужа, дзяцей і мы пакінулі краіну.

82008747_2758581427592512_4529964412966010880_n.jpg

Мы не ведалі, куды едзем, проста выбіралі кантрольна-прапускны пункт на мяжы, на якім не было чаргі. Потым мы падумалі паехаць да нашых сяброў у Польшчу, але туды паехалі ўсе, і там не было ні месца, дзе спыніцца, ні жытла. Мы ўпісаліся там на дзве ночы, але заставацца не маглі. Тады я патэлефанавала сваёй сяброўцы, яна некалькі месяцаў назад зхехала ў Германію працаваць на стайню. Я спытала, ці ёсць у іх вакансіі і ці прымуць мяне з катамі, сабакамі, мужам і дзецьмі. Яе начальнік сказаў: «Так, канешне, калі яна кваліфікаваная — няхай прыязджае». Нас прынялі, пасялілі, далі магчымасць прыйсці ў сябе. Потым я прайшла стажыроўку і працую тут, як паўнавартасны член каманды, кожны дзень практыкую сваю англійскую і нямецкую — даецца няпроста, але я намагаюся.

277352573_5081061651931957_6860054601566151453_n.jpg


У мяне было восем сабак, я змагла забраць толькі двух. Двое катоў, якія выключна хатнія і не разумеюць, як жыць на вуліцы, паехалі са мной. Двое вулічных катоў адмовіліся залазіць у машыну, за імі глядзяць мае суседзі. На шчасце, паколькі ў снежні ў мяне нарадзілася дзіця, усю гэтую восень і зіму я не прымала на лячэнне птушак. У мяне было толькі тры савы, дзве з іх былі гатовыя да выпуску, і я іх выпусціла. Адна сава мае траўму, несумяшчальную з вольным жыццём, яна не перанесла б такую дарогу, таму яе цяпер кормяць мае суседзі. Гэта ўсё, што я магла для яе зрабіць, бо тут яе ўтрымліваць немагчыма — гэта вялізная птушка, 80 сантыметраў ростам, размах крылаў больш за два метры. Па стане на некалькі дзён таму ўсе былі жывыя.

Каб вывезці коней, патрэбны вялікія грошы

Потым мы зразумелі, што сітуацыя пагаршаецца, конна-спартыўную школу фактычна кінулі, там засталося вельмі мала людзей. Страляюць пастаянна, святла часцей няма, чым ёсць, з вадой перабоі. Мы вырашылі пачаць эвакуацыю нашых коней. Я цяпер працую на стайні, тут маіх коней гатовыя прыняць.

alena_novikava4.jpg


Я папрасіла ў Фэйсбуку людзей дапамагчы, бо я просты чалавек, а перавозка коней — нятаннае задавальненне, а ў сітуацыі вайны, калі чалавек рызыкуе жыццём, забіраючы твайго каня з-пад абстрэлу, натуральна, ён бярэ за гэта значна больш грошай. Цяпер вываз аднаго каня з Харкава ў Днепр каштуе 5,5 — 6 тысяч грывен — гэта каля 200 еўра. Кошт перавозкі аднаго каня з Дняпра ў Львоў вагаецца ад 500 да 700 еўра. І потым яшчэ трэба будзе дабрацца ад мяжы да месца, дзе мы цяпер жывем у Германіі. Гэта яшчэ 1000 з кожнага, атрымліваецца 1900 еўра на каня. Мы з мужам палічылі, што вываз коней на арандаванай машыне — то-бок, калі мы наймаем перавозчыка і нехта вязе нашых коней за грошы — абыдзецца нам у зусім касмічную суму — больш за 10 тысяч еўра.
Я пайшла на нямецкі eBay і паглядзела, колькі каштуе машына-канявоз. І мне ўдалося знайсці некалькі варыянтаў вельмі бюджэтных машын коштам да 10 тысяч еўра. Я перагледзела іх усе, але многія не адпавядалі неабходным патрабаванням. У выніку мне ўдалося знайсці машыну, якая каштуе 6,5 тысяч еўра, у яе змесцяцца ўсе мае коні, а таксама конь маёй лепшай сяброўкі, які таксама застаўся ў Харкаве. Таму я пайшла да людзей і стала іх прасіць дапамагчы мне. Людзі накідалі грошай. Тысячу мы патрацілі на эвакуацыю коней з Харкава ў Днепр, яшчэ 3,5 тысячы мы наскрэблі на машыну і днямі аддалі за яе аванс. Цяпер рыхтуюцца неабходныя дакументы, каб яна магла ехаць. Застаецца яшчэ 3 тысячы за саму машыну, да 500 еўра за афармленне дакументаў. Самае складанае, што ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі не скасавалі мытны збор для ўвозу коней у Еўрасаюз. Гэта толькі для хатніх — катоў, сабак — скасавалі ўсялякія бюракратычныя працэдуры. Ветэрынарны сертыфікат аб тым, што конь здаровы і яму не трэба стаяць у каранціне, на кожнага каня каштуе 200 еўра. І яшчэ ў суме 500 еўра «накропае» за ветэрынарную праверку пасля мяжы і растаможку. І ў выніку на сённяшні дзень для таго, каб мае коні выехалі з пекла, мне трэба яшчэ 6,5 тысяч еўра, якіх у мяне няма.

Коней са спартыўнай базы вывезці не могуць

50 коней, якія засталіся на базе, на жаль, пакінуць яе не могуць. Справа ў тым, што да 1 верасня яны належалі ўстанове, якая называлася Харкаўская дзяржаўная зоаветэрынарная акадэмія. Але з 1 верасня яна трапіла пад зліццё чатырох ВНУ. Па стане на 30 сакавіка ў Харкаве не было нікога з прадстаўнікоў адміністрацыі новай ВНУ, хто меў бы права подпісу. Для таго, каб перамясціць жывёлу, якая належыць дзяржаве, за межы належнага месцазнаходжання, патрэбны пісьмовы дазвол — іначай гэта крадзеж дзяржаўнай маёмасці ў асабліва буйных памерах. Мы спрабавалі паразмаўляць з адміністрацыяй ВНУ, але яны лічаць, што не так ужо моцна там страляюць, што быць бруднымі і напалоханымі падчас вайны — гэта нармальна і што дапамога з эвакуацыяй ім непатрэбная.

alena_novikava6.jpg


Але там я таксама адкрыла збор, таму што кармы заканчваюцца, сенажаці і лугі пашкоджаныя — там валяюцца танкі, што згарэлі, і трупы ворагаў, шмат мін, снарадаў і ракет, якія не разарваліся. Кожны конь з’есць каля 3,5 тон сена за год. Па папярэдніх падліках, калі кошт будзе 7 грывен за кілаграм, то, каб накарміць нашых коней на наступны год, нам спатрэбіцца 1,5 млн грывен. Гэта зусім касмічная сума, яе ў базы ніколі не было і наўрад ці мы яе назбіраем.
Але мы робім хаця б нешта. Дзякуючы дапамозе людзей мы назбіралі грошай на медыцынскія прэпараты. Бо калі конь нервуецца, у яго здараюцца нервовыя колікі. Яны сталі вельмі частымі, і коням трэба ўнутрывенна ўліваць вялізную колькасць прэпаратаў. Лекі патрэбныя не толькі коням, але і на фронце, іх было вельмі складана здабыць, але мы здабылі.

alena_novikava2.jpg


Мы раздалі заробкі супрацоўнікам. Яны месяц адпрацавалі пад бамбёжкамі, але зарплату налічыць ім забылі, бо бухгалтары пакінулі Харкаў. Засталася невялікая сума, мы не ведаем, наколькі ўсё зацягнецца і як нам можна падтрымаць нашых коней і купіць ім корм. Ад імя той стайні я напісала запыты ва ўсемагчымыя міжнародныя фонды, і я спадзяюся, што дапамога ўсяго свету зможа выратаваць харкаўскіх коней, і не здарыцца так, як у Гастамелі, калі варожы снарад трапіў у стайню і коні згарэлі жыўцом. Мы дасюль не можам прыйсці ў сябе ад гэтага.

«Мне вельмі страшна за Беларусь»

На жаль, Беларусь не можа пераводзіць нам грошы, бо ўсе сувязі паміж Украінай і Беларуссю разарваныя, ніякіх абменаў грашовымі сродкамі зараз быць не можа. Мне вельмі страшна за Беларусь, таму што ў мяне шмат блізкіх, добрых, адэкватных сяброў там. І мне б вельмі не хацелася, каб Беларусь таксама ўцягнулі ў вайну. Пакуль што проста ракеты лятуць з вашай тэрыторыі. А вось калі вашыя хлопцы пойдуць, то гэта будзе ўжо балюча. Бо рускія не вяртаюцца. Усе, хто прыйшлі ва Украіну, вяртаюцца назад у мяхах. І тое, што яны рабуюць нашыя дамы, ім не дапаможа на тым свеце, бо іх дагоняць і яны ўсё роўна памруць. Я кажу гэта не таму, што я крыважэрны ці злы чалавек, але так атрымліваецца.
Мае блізкія сябры пайшлі на фронт, і я стараюся не плакаць, таму што сёння 30-ты дзень, як мой сябра перастаў выходзіць на сувязь (размова адбывалася 31 сакавіка. — НЧ). Ён пайшоў на фронт у першы ж дзень. Ён жыў у Марыупалі. Марыупаля больш няма. Яго мама апошні раз выходзіла на сувязь 3 сакавіка, а ён — 26 лютага. Я ганю ад сябе гэтыя думкі, але, хутчэй за ўсё, іх абодвух няма ў жывых.
Мае сябры дапамагалі валанцёрыць у Харкаве — развозілі ежу і ваду старым, якія засталіся заблакаваныя ў кватэрах. Першае, што адбываецца падчас вайны — выключаюць святло і ліфты. А вельмі шмат сталых людзей жывуць на 10-12 паверхах, і яны не могуць спусціцца ў краму па хлеб. Яшчэ да таго, як арганізавалася ўсеўкраінская валанцёрская сетка, мы сабралі некалькі валанцёрскіх каманд. Я сядзела на штабе каардынавала, а ўсе астатнія ездзілі па горадзе развозілі. Мае рабяты павезлі ежу па некалькіх замовах, і ў іх трапіў снарад. Іх больш няма. І такіх сітуацый, на жаль, я магу распавесці нямала.
Я не думаю, што дээскалацыя гэтага канфлікту будзе мяккай для Расіі. Я ніколі не ўмешвалася ў палітыку. Я ўрач, я лячу жывёл. Я заўсёды казала, што трэба дамаўляцца. Але больш дамаўляцца ўжо не трэба, больш няма з кім. Кропка незвароту пройдзеная 225 памерлых дзяцей таму назад. Я — маці траіх дзяцей, і я не дарую ніводнага памерлага дзіцяці. Нам казалі, што гэта вызваленчая аперацыя, але я не магу зразумець, ад каго нас ратуюць, калі нас жыўцом спальваюць і рабуюць? У тым жа Марыупалі загінулі тысячы сем’яў, і вельмі многія дзеці засталіся без бацькоў. Яны зараз у прыгнечаным стане. Мы з мужам падумалі, што дзе трое, там і чацвёра, і наш дом гатовы прыняць яшчэ адно дзіця. На сённяшні дзень мы можам аформіць толькі апякунства, бо падчас вайны ўсынаўленне немагчымае.

«Да 24 лютага я не ведала, што значыць страціць усё»

Мяне не хапае, я не вывожу. Я проста працую з псіхатэрапеўтам кожны дзень, п’ю супакаяльныя таблеткі і стараюся трымаць сябе ў руках, таму што ад майго маральнага стану вельмі шмат залежыць. Я не ўратавала некалькі сваіх сабак, мне за гэта бясконца сорамна, і будзе сорамна заўсёды. Але я магу выратаваць кагосьці яшчэ, і я павінна гэта зрабіць.
Будучыня — тое, што трыгерыць мяне больш за ўсё і пра гэта я больш за ўсё размаўляю са сваім псіхатэрапеўтам. Таму што ўсё сваё жыццё — 32 гады — я ведала, што будзе далей. У мяне заўсёды быў план для мяне, маёй сям’і, маіх падначаленых. А цяпер плана няма. Адзінае, што цяпер мяне «якарыць» у гэтым свеце, гэта факт, што мая любімая машына, якая прайшла са мной шмат усяго, засталася ў Харкаве на СТА, бо за пару дзён да пачатку вайны яна адправілася туды на планавы рамонт. Ратаваліся з Харкава мы на машыне, якую пазычыў нам сябра. А дабраўшыся да Заходняй Украіны, мы купілі машыну, на якую нам даў грошы начальнік мужа з Амерыкі, для яго гэта былі істотныя, але не вялікія грошы. І цяпер усё, што ў мяне ёсць, — гэта маленькі дом і машына, куды змяшчаюцца ўсе жывёлы, людзі і наш небагаты скарб. І хутка ў нас з’явіцца канявоз, куды змесцяцца ўсе мае коні. У гэтым канявозе ёсць маленькае купэ, якое таксама можна абжыць і адчуваць яго сваім. Больш у мяне нічога няма. Я не ведаю, ці змагу я вярнуцца дамоў, і калі. Таму я стараюся проста пра гэта не думаць, каб не звар’яцець.

alena_novikava5.jpg

Я спадзяюся, што ніхто ў свеце больш не перажыве такога, што перажылі мы. Я лічу, што ў ХХІ стагоддзі вайна недапушчальная. Заўсёды можна вырашыць усё эканамічна, палітычна, пры дапамозе перамоваў. Як заўгодна, толькі не агнём. Чалавецтва дасягнула таго ўзроўню цывілізацыі, калі прыходзіць і забіваць адно аднаго дзеля чагосьці — бессэнсоўна. Я са сваёй жыццёвай філасофіяй не разумею, як можна прыйсці ў чужы дом, забіць яго гаспадароў, узяць чужыя рэчы, сыйсці дамоў і адчуваць сябе пасля гэтага жывым. Да 24 лютага я не ведала, што значыць страціць усё. Цяпер я ведаю і нікому не пажадаю такога. Ну, акрамя рускіх — ім я зычу згарэць у пекле.
***Дапамагчы Алёне эвакуяваць коней можна пераводам (на жаль, не з Беларусі):pay pal: illinifellow@gmail.comПриватБанк: 5168745018157666 Новікова О.Германія: DE53 1605 0000 1102 6692 17 Horova Mariia  
Фота з сацсетак гераіні