МЗС Польшчы заклікала спыніць выплату дапамог украінскім мужчынам-уцекачам у ЕС. Што кажуць у Кіеве?
«Не павінна быць ніякіх фінансавых стымулаў для ўхілення ад прызыву ва Украіне».
Міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі пасля паездкі ў Кіеў і сустрэчы там са сваім украінскім калегам Андрэем Сіпігам заклікаў краіны Еўрасаюза перастаць выплачваць дапамогу ўкраінскім мужчынам-уцекачам прызыўнога ўзросту ў ЕС, каб стымуляваць іх вярнуцца на радзіму. Гэта дазволіць Украіне папоўніць войскі для барацьбы з расейскім войскам, піша «Люстэрка» са спасылкай на Reuters.
Акрамя таго, паводле слоў Сікорскага, адмена сацыяльных выплат для ўкраінскіх бежанцаў-мужчын таксама пойдзе на карысць дзяржаўнай казне ў прымаючых украінцаў краінах Заходняй Еўропы.
Па дадзеных Еўрастата, па стане на ліпень гэтага года больш за 4, 1 мільёна ўкраінцаў мелі статус часовай абароны ў краінах ЕС, і каля 22% з іх — дарослыя мужчыны.
«Спыніце выплачваць гэтыя сацыяльныя дапамогі людзям, якія падлягаюць мабілізацыі ва Украіне. Не павінна быць ніякіх фінансавых стымулаў для ўхілення ад прызыву ва Украіне», — заявіў Сікорскі, адзначыўшы, што Польшча такіх дапамог не дае.
Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга падтрымаў польскага калегу і заклікаў ЕС распрацаваць праграму па вяртанні ўкраінцаў на радзіму.
«Час сапраўды ўзняць пытанне аб распрацоўцы Еўразвязам праграм па вяртанні ўкраінцаў на радзіму. Вядома, для гэтага павінны быць створаны адпаведныя ўмовы, але гэта павінна быць на парадку дня. І я падтрымліваю ідэю міністра Сікорскага», — заявіў Сібіга.
Адзначаецца, што з пачатку вайны ва Украіне, расійскія войскі, хоць і павольна, але прасоўваюцца на ўсходзе Украіны. Кіеву трэба больш салдат для падтрымання сваіх ліній абароны, замены знясіленых вайскоўцаў і папаўнення страт. Мужчын, якія раней з'ехалі, заклікалі вярнуцца і далучыцца да абароны радзімы.
Таксама ва Украіне на заканадаўчым узроўні забаранілі мужчынам ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў выязджаць з краіны без спецыяльнага дазволу. Аднак многія ўкраінцы прызыўнога ўзросту ўсё роўна ўцякалі за мяжу, каб пазбегнуць прызыву. Адзначаецца, што некаторыя з іх змаглі пазбегнуць службы ў войску за хабар.