934-ты дзень вайны. УСУ прарвалі расійскую абарону ў Курскай вобласці
Сабралі апошнія звесткі з франтоў расійска-украінскай вайны, развязанай Крамлём пры падтрымцы рэжыма Лукашэнкі.
За мінулыя суткі зафіксавана 138 баявых сутыкненняў. Найбольш актыўна расійцы наступалі на Курахоўскай кірунку.
Паводле інфармацыі Генштаба УСУ, за ўчора акупанты нанеслі па пазіцыях украінскіх падраздзяленняў і населеных пунктах адзін ракетны ўдар з ужываннем адной ракеты, а таксама 82 авіяўдары, скінуўшы 105 КАБаў. Акрамя гэтага, здзейснілі больш за 4000 абстрэлаў, з іх 131 — з рэактыўных сістэм залпавага агню.
Агрэсар наносіў авіяўдары ў раёнах населеных пунктаў, у прыватнасці, Паўлаўка, Ахтырка, Ямпаль, Кіслая Дубіна, Новаягораўка, Бандарнае, Часаў Яр, Канстанцінаўка, Тарэцк, Шчарбінаўка, Пятроўка, Леанідаўка, Дружба, Сялідава, Ваздзвіжанка, Беліцкае, Александропаль, Углядар, Іванаўка, Нваданілаўка, Навапаўлаўск, Мікалаеўка, Адрадакаменка і Казацкае.
Учора авіяцыя, ракетныя войскі і артылерыя Сіл абароны Украіны нанеслі восем удараў па раёнах засяроджвання асабістага складу і ВПС расійцаў, а таксама па пункце кіравання, РЛС С-300 і двух сродках СПА акупантаў.
На Харкаўскім напрамку ішлі чатыры баі. Сілы абароны адбівалі штурмавыя дзеянні праціўніка паблізу Ваўчанска, Гацішча, Глыбокага і Ліпцаў.
На Купянскім кірунку адбылося 11 боесутыкненняў каля Сінькоўкі, Глушкоўкі, Лазовай, Петрапаўлаўкі, Наваасінавага і Стэльмахоўкі.
На Ліманскім кірунку захопнікі атакавалі 24 разы непадалёк Капанак, Грэкоўкі, Цвердахлебавага, Макееўкі, Неўскага, Ямпалоўкі, Торскага, Серабранкі і Белагораўкі.
На Северскім напрамку адбылося тры баявыя сутыкненні. Украінскія абаронцы адбівалі штурмавыя дзеянні расійскіх захопнікаў паблізу Верхнекаменскага, Спорнага і Выемкі.
На Краматорскім кірунку ішлі чатыры баявыя сутыкненні ў раёнах Часавага Яра і Андрэеўкі.
На Тарэцкім кірунку расійцы атакавалі шэсць разоў непадалёк Дачнага, Тарэцка і Неліпаўкі.
На Пакроўскім напрамку ўкраінцы адбілі 28 варожых штурмавых дзеянняў у раёнах населеных пунктаў Зялёнае Поле, Ваздзвіжанка, Навааляксандраўка, Міралюбаўка, Наватроіцкае, Сялідава, Міхайлаўка, Навагродаўка і Гродаўка.
На Курахоўскім напрамку УСУ адбівалі 43 атакі праціўніка.
На Урэмаўскім кірунку расійцы дзесяць разоў наступалі паблізу Кацярынаўкі, Углядара і Залатой Нівы.
На Прыдняпроўскім кірунку акупанты пацярпелі паразу, пяць разоў атакуючы абарончыя рубяжы ўкраінцаў.
На Арэхаўскім і Гуляйпольском напрамках абстаноўка без асаблівых зменаў.
На Валынскім і Палескім напрамках прыкмет фарміравання наступальных груповак РФ не выяўлена.
На мяжы з Чарнігаўскай і Сумскай абласцямі расійцы захоўваюць вайсковую прысутнасць, ажыццяўляюць мінамётныя і артылерыйскія абстрэлы населеных пунктаў з тэрыторыі РФ.
У той жа час УСУ, як паведамляецца, працягваюць актыўнымі дзеяннямі наносіць акупацыйным войскам адчувальныя страты ў жывой сіле і тэхніцы, знясільваючы ворага ўздоўж усёй лініі баявога сутыкнення.
Украінскія войскі паспяхова прарвалі расійскую абарону яшчэ на адным участку мяжы ў Курскай вобласці, прасунуўшыся на некалькі кіламетраў углыб расійскай тэрыторыі. Пра гэта паведамляе ўкраінскае падраздзяленне БПЛА Khorne. Пры гэтым, як піша аналітык Forbes Дэвід Экс, гэта нечаканае ўварванне мела значна большы поспех, чым меркавалася першапачаткова.
Раней паведамлялася, што хоць УСУ і прарвалі памежную абарону расійцаў, але на невялікай адлегласці ад прарыву сутыкнуліся з больш жорсткім супрацівам. Крэмль заявіў, што яго войскі адбілі ўкраінскую атаку «пры падтрымцы армейскай авіяцыі і артылерыйскага агню».
Падраздзяленне БПЛА Khorne, якое падтрымлівала аперацыю па прарыве, адпрэчыла заяву Крамля і раскрытыкавала СМІ, якія асвятлялі прарыў у чацвер. Рэпарцёры, якія працытавалі заяву Крамля, — «істэрычкі, якім не хапае інфармацыі, або праплочаныя прарасійскія прапагандысты», заявілі ў групе.
У якасці доказу паспяховага прарыву група размясціла доўгае відэа, на якім паказаная ўкраінская бранятанкавая калона, якая праходзіць праз прарыў, а затым на накіроўваецца да горада Вясёлае, які знаходзіцца ў тыле ў групоўкі ВС РФ.
Як адзначае аналітык Forbes, падобна, што групоўка УСУ пранікла аж да паўднёвай ускраіны Вясёлага.
«Зайшлі ў новым месцы на кіламетры ў Расію. Групіроўка рускіх тэрміновай службы ў не адну тысячу чалавек пад пагрозай акружэння», — заявілі ў Khorne.
Як гэтая аперацыя зменіць дынаміку баявых дзеянняў, пакуль невядома. Як адзначае Forbes, у лепшым для Украіны выпадку новая трансгранічная атака можа адцягнуць расійскія войскі ад контрнаступлення далей на ўсход. У горшым жа выпадку для Украіны заява Крамля будзе дакладнай, а ўварванне ў Вясёлае, хоць і было першапачаткова паспяховым, ужо скончылася адступленнем украінскіх войскаў.
Расійскія акупанты працягваюць контратакаваць на ўсім выступе УСУ ў Курскай вобласці, аднак каб стварыць групоўку для працяглай аперацыі, ім давядзецца перакінуць больш дадатковых сіл з іншых частак фронту ва Украіне, паведамляе Інстытут вывучэння вайны (ISW).
«ISW працягвае адсочваць расійскія контратакі ў Курскай вобласці, але яшчэ не назіраў шырокамаштабных баявых дзеянняў, якія б паказвалі на тое, што расійскія сілы пачалі шырокамаштабную скаардынаваную контрнаступную аперацыю, накіраваную на поўнае выцясненне ўкраінскіх сіл з Курскай вобласці», — адзначаецца ў справаздачы.
Учора прэзідэнт Уладзімір Зяленскі пацвердзіў пачатак контрнаступлення расійцаў, тады як у Пентагоне гэтыя дзеянні РФ назвалі «нязначнымі».
Украінскі аглядальнік Канстанцін Машавец падлічыў, што цяпер на Куршчыне знаходзіцца ад 33 000 да 35 000 расійскіх вайскоўцаў. Зяленскі адзначаў, што расійцы хочуць назапасіць ад 60 000 да 70 000 вайскоўцаў. Гэта значна больш чым тыя 50 тысяч, якія, па падліках амерыканцаў, патрэбныя РФ для выцяснення УСУ са сваёй тэрыторыі.
Паводле слоў аналітыкаў, да гэтага часу Крэмль у гэтым пытанні спадзяваўся на дрэнна навучаных і экіпіяваных прызыўнікоў, а таксама невялікія падраздзяленні рэгулярных і нерэгулярных войскаў. Таму малаверагодна, што цяпер кіраўніцтва РФ адправіла на абарону Куршчыны вопытных байцоў.
Паводле ацэнкі ISW, расійская аперацыя па адваяванні сваёй тэрыторыі запатрабуе больш сіл і сродкаў, чым яны ўжо засяродзілі, асабліва, калі ім не хапае баявога досведу. Цяпер асноўную адказнасць за баі на гэтым участку нясуць Паветрана-дэсантныя войскі, якія перакінулі з Украіны.
На думку экспертаў, гэта пацвярджае, што камандаванне гатова перакідваць больш «элітныя» і баяздольныя войскі. Гэта ім спатрэбіцца, каб сфармаваць баяздольныя падраздзяленні для правядзення контрнаступлення і аховы мяжы.
ЗША і Вялікабрытанія ўжо прынялі рашэнне дазволіць Украіне выкарыстоўваць іх зброю для ўдараў па тэрыторыі Расіі, але пакуль не хочць афіцыйна пра гэта абвяшчаць.
Як піша The Guardian са спасылкай на брытанскіх чыноўнікаў, разгортванне ракет павінна стаць часткай больш шырокага плана, накіраванага на тое, каб паспрабаваць пакласці канец поўнамаштабнай вайне.
Таксама выданне адзначае, што прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падчас сустрэчы з прэм'ер-міністрам Вялікабрытаніі Кірам Стармерам адхіліў меркаванне аб тым, што выкарыстанне Украінай ракет заходняй вытворчасці Storm Shadow для удараў па цэлях у Расіі раўнасільна ўступленню НАТО ў вайну з Масквой.
У сваю чаргу Стармер, каментуючы пагрозы Пуціна, заявіў, што «Расія пачала гэты канфлікт, і Расія можа спыніць гэты канфлікт прама цяпер, а Украіна мае права на самаабарону».
Раней паведамлялася, што Байдэн можа дазволіць Украіне выкарыстоўваць для ўдараў па тэрыторыі РФ брытанскія і французскія ракеты Storm Shadow/SCALP, але не амерыканскія дальнабойныя ракеты ATACMS.
Пры гэтым, як адзначаў супрацоўнік Інстытута вывучэння вайны Джордж Барас, у РФ, акрамя авіяцыі, ёсць мноства важных цэляў, якія УСУ маглі б ўразіць заходняй зброяй. Так, Storm Shadow карысныя для пранікнення ў бункеры, яны могуць паражаць склады гаручага, базы рамонту і аднаўлення транспартных сродкаў, камандныя пункты і іншыя лагістычныя вузлы.