У Дзярждуме заклікалі ўзарваць ядзерную бомбу ў РФ, каб «чалавецтва задумалася»
Многія замежныя палітыкі сталі забываць пра пагрозу, якую нясе ядзерная зброя, і Расіі варта нагадаць свету аб гэтай небяспецы. Такое меркаванне выказаў дэпутат Дзярждумы ад «Адзінай Расіі» Андрэй Калеснік, прапанаваўшы ўзарваць ядзерную бомбу на тэрыторыі РФ.
«Не трэба расслабляцца. Трэба дзе-небудзь зрабіць ядзерны выбух, на якім-небудзь палігоне. У нас цяпер забароненыя ядзерныя выпрабаванні, але, можа, людзям варта паглядзець, да чаго гэта ўсё прыводзіць на самай справе, варта пачуць. Калі зняць мараторый, можа, чалавецтва задумаецца», — сказаў Калеснік у гутарцы з lenta.ru, разважаючы пра тое, што Украіна нібыта мае намер прымяніць «брудную бомбу».
Пры гэтым дэпутат паскардзіўся, што свет, на яго думку, забыўся пра трагедыі ў Чарнобылі, Хірасіме і пра тое, наколькі разбуральным можа быць усё, што звязана з ядзернай зброяй.
У сярэдзіне жніўня расійскае прапагандысцкае агенцтва «РІА Навіны», спасылаючыся на ананімную крыніцу, распаўсюдзіла інфармацыю пра нібыта падрыхтоўку атакі Украіны на атамныя электрастанцыі ў Курчатаве і Энэргадары. Гэтыя звесткі неўзабаве падхапілі іншыя інфармацыйныя рэсурсы, а таксама некаторыя расійскія чыноўнікі. У адказ Украіна абвінаваціла Расію ў распаўсюдзе ілжывай інфармацыі і нагадала пра сваю прыхільнасць дамове аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі. Падобныя абвінавачванні Масква вылучала і раней, асабліва на фоне поспехаў украінскай арміі, як гэта было восенню 2022 года падчас контрнаступлення УСУ пад Харкавам.
Ідэя выкарыстання ядзернай зброі ў мэтах застрашвання гучала ў Расіі і раней. У студзені 2023 года старшы навуковы супрацоўнік Акадэміі вайсковых навук, вайсковы аналітык Уладзімір Прахвацілаў заявіў, што аднаўленне ядзерных выпрабаванняў магло б прымусіць краіны НАТО спыніць пастаўкі ўзбраення Украіне, а Кіеў — адмовіцца ад ідэі вяртання Крыма.
У верасні дарадца адміністрацыі прэзідэнта РФ Сяргей Караганаў, разважаючы пра ўварванне УСУ ў Курскую вобласць, прапанаваў нанесці ядзерныя ўдары па ўкраінскіх войсках і атакаваць Берлін, адзначыўшы, што Расія мае права адказаць ядзернай зброяй на захоп сваёй тэрыторыі.
Дзмітрый Мядзведзеў, былы прэзідэнт Расіі, стаў адным з галоўных галасоў ядзернай рыторыкі пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Рэгулярна пагражаючы ўдарамі па Лондане, Парыжы і Вашынгтону праз свой тэлеграм-канал, Мядзведзеў заяўляў, што выкарыстанне ядзернай зброі — не блеф. Аднак пасля пачатку ўкраінскага наступу ў Курскай вобласці ён нечакана змякчыў свае заявы, заклікаўшы толькі «ісці да Адэсы, Харкава і Мікалаева», не згадваючы пра ядзерныя ўдары.
Паводле moscowtimes.ru.