Кіраўнік Генштаба Польшчы: Пагроза нападу з боку Расіі і Беларусі — рэальная

«Безумоўна, мы не будзем абараняцца адзіночку», — кажа Веслаў Кукула. 

Генерал Веслаў Кукула. x\@SztabGenWP 

Генерал Веслаў Кукула. x\@SztabGenWP 

Кіраўнік Генштаба Польшчы Веслаў Кукула паразважаў пра пагрозу нападу з боку Расіі і Беларусі. На думку генерала, такая пагроза рэальная, але ўсё залежыць ад гатоўнасці Польшчы абараняцца, перадае «Наша Ніва» са спасылкай на Rzeczpospolita.

«Гэта рэальная пагроза. Для мяне важнейшае іншае пытанне. Ці здолеем мы і калі пабудаваць сістэму ўстойлівасці дзяржавы і здольнасць узброеных сіл да доўгатэрміновай нейтралізацыі гэтай пагрозы.

Тое, ці адбудзецца вайна і калі яна пачнецца, у пэўнай ступені залежыць ад нас. Напад на дзяржаву, добра падрыхтаваную да абароны, грамадства якой гатова ўступіць у бой, — гэта велізарны рызыка. Агрэсія заўсёды харчуецца слабасцю», — лічыць Кукула.

Кіраўнік польскага Генштаба дадаў, што Расія валодае сур'ёзным дэмаграфічным патэнцыялам і рэсурсамі.

«А самае галоўнае — па-ранейшаму эфектыўна функцыянуе абаронная прамысловасць, якая дазваляе не толькі ваяваць, але і паралельна развіваць свой абаронны патэнцыял. Завяршэнне канфлікту ва Украіне значна палегчыць ёй нарошчванне сваіх узброеных сіл і можа істотна скараціць тэрміны, паказаныя генералам Броерам», — лічыць Кукула.

Ідзе гаворка пра прагнозы генеральнага інспектара Бундэсвера Карстэна Броера аб магчымым аднаўленні патэнцыялу Расіі для вайны з NATO да 2029 года.

Генерал Кукула пры гэтым упэўнены, што Польшча атрымае дапамогу ад краін NATO ў выпадку агрэсіі з боку Расіі або Беларусі.

«Так, у мяне ёсць такая ўпэўненасць. Сёння NATO — гэта зусім іншая арганізацыя ў параўнанні з тым, якой яна была дзесяць гадоў таму. Адзін з прыкладаў — рэгіянальныя планы, а таксама шматлікія вучэнні, якія назіраюць жыхары Польшчы. Гэтыя вучэнні падрыхтоўваюць саюзныя сілы да дзеянняў у адпаведнасці з гэтымі планамі. Безумоўна, мы не будзем абараняцца адзіночку», — адзначыў ён.

Акрамя таго, Польшча, па словах Кукулы, абавязкова акажа дапамогу краінам Балтыі ў выпадку агрэсіі з боку Расіі.

«Так працуе NATO. З пункту гледжання адзінства альянсу, бяспека Польшчы пачынаецца ў Эстоніі і іншых краінах Балтыі. Барацьба за кожны сантыметр тэрыторыі NATO мае крытычнае значэнне для надзейнасці альянсу. Таксама варта памятаць, што абарона балтыйскіх краін немагчымая без Польшчы, праз якую праходзіць адзінае сухапутнае злучэнне з імі», — падкрэсліў ён.

Кукула лічыць, што з абраннем Дональда Трампа прэзідэнтам ЗША стаўленне Вашынгтона да Варшавы не зменіцца.

«Трэба памятаць, што з амерыканскага пункту гледжання мы з'яўляемся дзяржавай NATO, якая служыць прыкладам для іншых, як трэба развіваць уласныя абарончыя магчымасці, каб стаць эфектыўнай часткай саюзнай сістэмы абароны», — заявіў Кукула.

Ён дадаў, што тэхнічная і тактычная інтэграцыя сістэм узбраення Польшчы і ЗША мае вялікае значэнне і падкрэсліў важнасць прысутнасці 10 тысяч амерыканскіх салдат на тэрыторыі краіны.