«Не дасягнулі мэт на зямлі». Зяленскі звольніў Залужнага
Сёння прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі правёў працоўную сустрэчу з камандуючым УСУ Валерыем Залужным. Вынікам стаў сыход апошняга са сваёй пасады.
Неўзабаве пасля прынятага рашэння Зяленскі яго пракаментаваў. Ён адзначыў, што новы этап вайны патрабуе новага падыходу.
«Першы год — выстаялі. Пачалі вяртаць сваё. Даказалі свету, што Расія можа прайграваць. Другі год гэтай вайны — мы выйгралі Чорнае мора. Выйгралі зіму. Даказалі, што можам аднавіць кантроль над украінскім небам. Але, на жаль, не змаглі дасягнуць мэт нашай дзяржавы на зямлі», — сказаў украінскі прэзідэнт.
Зяленскі падкрэсліў, што цяпер ёсць «адчуванне стагнацыі» на паўднёвых кірунках фронту і складанасці ў баях у Данецкай вобласці. Гэта паўплывала на агульны настрой грамадства.
«Украінцы сталі радзей казаць пра перамогу. Але ўкраінскі дух не страціў веры ў перамогу. Украіна захоўвае свой гістарычны шанец. Рэалізаваць яго — наш абавязак. Гэты год павінен стаць часам Украіны. Часам, калі кожны ўкраінскі воін будзе ведаць, як і раней, што ўкраінская дзяржава, украінская армія здольныя перамагаць», — дадаў ён.
Паводле слоў прэзідэнта Украіны, ён адкрыта пагаварыў з Залужным аб неабходнасці «тэрміновых змяненняў» у войску.
«Гэта не пра прозвішчы, — патлумачыў Зяленскі. — І тым больш не пра палітыку. Гэта аб сістэме нашай арміі, аб менеджменце ва Узброеных сілах Украіны і аб прыцягненні вопыту баявых камандзіраў гэтай вайны. Кожны салдат, кожны сяржант і кожны афіцэр, які бачыць фронт, разумее, якія рашэнні патрэбны. Істотная вялікая тэхналагічнасць дзеянняў арміі. Перазагрузка генералітэту. Штабы ўсіх узроўняў павінны ведаць і адчуваць фронт гэтак жа, як салдаты на «нулі».
Чуткі пра адстаўку Валерыя Залужнага хадзілі цягам некалькіх апошніх дзён. Таму яго звальненне сюрпрызам не стала. Паведамляецца, што яму прапанавана застацца ў войску ў іншай якасці, але вызначанасці на гэты конт пакуль няма.
Тым часам новым камандуючым УСУ Зяленскі прызначыў генерал-палкоўніка Аляксандра Сырскага. Дарэчы, ураджэнца Расіі — ён нарадзіўся ў 1965 годзе ва Уладзімірскай вобласці. Але ўжо ў 1980 годзе сям’я пераехала ва Украіну.
«З сённяшняга дня да кіраўніцтва Узброенымі сіламі Украіны прыступае новая кіраўнічая каманда. Я хачу, каб бачанне вайны было адзіным і ў нашых воінаў у Рабоціным або Аўдзееўцы, і ў Генеральным штабе, і на стаўцы», — адзначыў Зяленскі.
Паводле слоў Зяленскага, перад прыняццем гэтага рашэння ён правёў дзясяткі размоў з камандзірамі рознага ўзроўню, у прыватнасці, з брыгаднымі генераламі Андрэем Ігнатавым, Міхаілам Драпатым, Ігарам Скібюком і палкоўнікамі Паўлам Палісам і Вадзімам Сухараўскім.
«Усе яны разглядаюцца на кіруючыя пасады ў войску і будуць служыць пад кіраўніцтвам найбольш дасведчанага ўкраінскага камандуючага. Ён мае паспяховы вопыт абароны — правёў Кіеўскую абарончую аперацыю. Ён мае таксама і паспяховы вопыт наступу — Харкаўскай вызваленчай аперацыі», — дадаў прэзідэнт Украіны.
Ён лічыць, што 2024 год можа стаць паспяховым для Украіны толькі пры ўмове эфектыўных змяненняў у аснове абароны.
З пачаткам баявых дзеянняў на ўсходзе Украіны ў 2014 годзе Сырскі быў начальнікам штаба АТА. За баі на Дэбальцаўскім плацдарме яго ўзнагародзілі ордэнам Багдана Хмяльніцкага III ступені.
У 2017 годзе быў камандзірам антытэрарыстычнай аперацыі на ўсходзе Украіны, з 6 траўня па 5 жніўня 2019 года — камандуючым Аб'яднанага аператыўнага штаба УСУ, затым — камандуючым Сухапутных войскаў Узброеных сіл Украіны.
У пачатку поўнамаштабнага ўварвання Сырскі камандаваў абаронай Кіева. За паспяховую абарону сталіцы і вызваленне поўначы Украіны яго ўзнагародзілі ордэнам Багдана Хмяльніцкага II ступені і адзнакай Героя Украіны.
З лета 2022 года быў адным з камандуючых
контрнаступленнем на Харкаўшчыне. У 2022-2023 гадах — ОСУВ «Хорціца»,
таксама кіраваў абаронай Саледара і Бахмута.