Паражэнне караблёў «Ямал» і «Азоў»: балючая расколіна для расійскага флоту
На выходных Украіна нанесла ракетныя ўдары па двух вялікіх дэсантных караблях, што знаходзіліся ў часова акупаваным Крыме. Паводле ГУР, іх пашкоджанні вельмі крытычныя. Калі ацэнкі ўпраўлення адпавядаюць рэальнасці, Чарнаморскі флот РФ страціў усе судны, пабудаваныя Польшчай.
У ноч з 23 на 24 сакавіка ва ўкраінскіх Telegram-каналах пачала з’яўляцца інфармацыя пра прылёты па партовых раёнах Севастопаля. На паўвостраве раздалося каля 10 выбухаў: меркавана, тры ракеты «Storm Shadow» / «SCALP» трапілі ў галоўны цэнтр сувязі Чарнаморскага флоту. Мясцовыя жыхары пачалі паведамляць пра паспяховыя ўдары па нявызначаных караблях.
А 10 раніцы Стартэгічны камітэт Украіны пацвердзіў, што Сілы абароны паспяхова паразілі цэнтр сувязі, вялікія дэсантныя караблі «Ямал» ды «Азоў» і некалькі аб’ектаў інфраструктуры ў часова акупаваным Севастопалі. Спадарожнікавыя здымкі Planet Labs зафіксавалі, што атака Паветраных сіл на партовую зону сапраўды прынесла значныя поспехі. Адно з суднаў буксіры цягнулі ў док, іншае стаяла ля прычала, але заўважна, што ракета трапіла за некалькі метраў ад яго.
Учора, 25 сакавіка, у Галоўным упраўленні разведкі распавялі пра новыя падрабязнасці вынікаў атакі. Паводле звестак ведамства, праз прабоіну ў верхняй палубе судна «Ямал» перакулілася на правы борт. Цяпер акупанты бесперапынна адпампоўваюць ваду з пашкоджанага судна, каб выратаваць яго ад патаплення.
Што да расійскага боку, Мінабароны не рабіла ніякіх заяў наконт удараў па караблях, Z-ваенкоры пацвярджаюць удары і абяцаюць «падлатаць і вярнуць у строй», крымскі гаўляйтар Міхаіл Разважаеў паведаміў пра нібыта пашкоджанне пяці катэраў, трох пасажырскіх аўтобусаў, 13 школьных аўтобусаў і аднаго тралейбуса.
Адметна тое, што абодва караблі ўваходзяць у «выміраючую» серыю суднаў, сабраных на гданьскім судабудаўнічым заводзе. Такім чынам, калі іх пашкоджанні сапраўды несумяшчальныя з рамонтам і магчымым аднаўленнем, 24 сакавіка Чарнаморскі флот РФ страціў усе судны польскай вытворчасці.
Караблі праекта 775, больш вядомыя па кадыфікацыі НАТА як Ropucha — серыя вялікіх дэсантных караблёў другога рангу блізкай і далёкай марской зоны, збудаваныя ў Польшчы на верфі «Stocznia Polnocna» у Гданьску для ВМФ СССР.
Караблі гэтага класа з'яўляюцца асновай расійскага дэсантнага флоту. Ім на змену павінны былі прыйсці караблі новага праекта 778, але пасля распаду СССР абодва недабудаваныя судны былі разабраныя ў верфі.
Падлічым, якое становішча Расія мае цяпер.
Агулам, Чарнаморскі флот РФ налічваў чатыры вялікія дэсантныя караблі класа Ropucha: «Новачарскаск», запчасткі якога эпічна разляцеліся па ўсім Бердзянску ў снежні 2023 года, «Цэзар Кунікаў», патоплены надводным дронам 14 лютага, «Ямал» ды «Азоў», што не падаюць прызнакаў жыцця пасля прылёту «Storm Shadow».
«Мінск» і «Аленегорскі гарняк», што належаць Балтыйскаму і Паўночнаму флоту адпаведна, таксама ўваходзяць у праект 775. Яны зайшлі ў тэрытарыяльныя воды Украіны, за што былі жорстка пашкоджаны з практычнай немагчымасцю правядзення рамонтных работ.
Усе астатнія караблі дадзенага праекту прыпісаны да Ціхаакіянскага, Балтыйскага ці Паўночнага флоту ды не бяруць непасрэднага ўдзелу ў акупацыі тэрыторыі Украіны. Такім чынам, ГУР і Паветраныя сілы пазбавілі Чарнаморскі флот усіх суднаў польскай вытворчасці.
«Расія плавае па Чорным моры з 1783 года, але цяпер яна вымушана абмежаваць свой флот портам. І нават там караблі Пуціна тонуць!» — здзекваецца над расійцамі міністр абароны Вялікабрытаніі Грант Шапс у сваім допісе ў сацыяльнай сетцы Х.
Але ў дадатак да матэрыяльных страт і рэпутатацыйнага прыніжэння, гэта ў першую чаргу балючы ўдар па складзенай лагістыцы акупантаў.
Справа ў тым, што польскія караблі, прызначаныя для перакідкі морам войскаў і высадкі марскога дэсанту, акупанты апошнім часам выкарыстоўвалі з іншымі мэтамі. Пасля серыі выбухаў на Керчанскім мосце расійцы спрабавалі зрабіць акцэнт на марскія перавозкі для забеспячэння ўласнага кантынгенту ў Крыме і Прыазоўе. Дзеля гэтага яны ператварылі свае вялікія дэсантныя караблі ў паромы, якія дастаўлялі ў гэтыя рэгіёны цяжкую тэхніку, «Шахеды», асабовы склад і будзь-якое абсталяванне. Менавіта пашкоджаныя «Ямал» ды «Азоў» былі зафіксаваныя за транспарціроўкай боекамплекту для акупантаў.
Таксама мы вырашылі праглядзець гісторыю суднаў на тэматычных расійскіх форумах. Высветлілася, што Украіна — не першая чужбіна, дзе «шасталі» расійскія караблі.
Вядома, што абедзве пасудзіны прыцягваліся для транспарціроўкі ваеннай тэхнікі падчас акупацыі Сакартвэла ў 2001 годзе. «Ямал» прымаў удзел у аператыўна-стратэгічных вучэннях «Захад-2009» у Беларусі, «Азоў» — у такіх жа вучэннях у 2013 годзе.
Караблі суправаджалі акупацыю Крыма ў 2014 годзе, а пасля, на расійскі Дзень ВМС, бралі ўдзел ва «ўрачыстым» парадзе ў Севастопалі.
Агулам за ўвесь час поўнамаштабнага ўварвання УСУ знішчылі 26 расійскіх суднаў і 1 падводную лодку. З апошняй атакі на караблі, якія незаконна перабываюць у міжнародна прызнаных водах Украіны, прайшло 19 дзён — тады быў ліквідаваны патрульны карабель «Сяргей Котаў».