«Стратэгічнае адступленне, шкоднае для кар’еры». Расійскія ваенкары ў паніцы заклікаюць вывесці судны з тэрытарыяльных водаў Украіны

 Мы пражылі даволі займальны прамежак часу, які пачынаўся з эпічных банераў «Ніколі не злуйце расійскі ваенны карабль», да кульмінацыі ў выглядзе 40% знішчаных вялікіх дэсантных караблёў і заклікаў Z-ваенкараў прыбраць флот хоць куды, каб «захаваць яго рэшткі». Як расійцы рэагуюць на гэтыя падзеі?

Малюнак створаны пры дапамозе штучнага інтэлекту

Малюнак створаны пры дапамозе штучнага інтэлекту

 Уначы 5 сакавіка байцы ГУР адправілі на дно чарговы расійскі патрульны карабель «Сяргей Котаў», які стаў трэцяй стратай расійскага флоту ледзь больш за месяц.

Паводле Мінааброны РФ, за апошні год украінцы здзейснілі тры спробы паражэння судна. Такое імклівае жаданне знішчыць расійскую пасудзіну ніяк не наштурхнула акупантаў на ідэю зберагчы яе, вывеўшы судна з міжнародна прызнаных тэрытарыяльных водаў Украіны.

Таму, як гэта раней прадэманстравалі «Навачаркаск» і «Цэзар Кунікаў», ні марскія дроны, ні «Storm Shadow» памылак не даруюць.

Патрыятычная карцінка з Z-пабліка, 2022 год.

Патрыятычная карцінка з Z-пабліка, 2022 год.

Кожны з караблёў, што сталі домікамі для рыб Чорнага і Азоўскага мора, маюць сваю адметнасць: «Масква» — флагман флоту, аскепкі «Навачаркаску» разляцеліся пад пад’езды дамоў, «Сяргей Котаў» — найноўшы і найбольш сучасны карабель, які ўступіў у флот толькі два гады таму. Расійцы пабудавалі яго на суднабудаўнічым заводзе «Заліў» у акупаваным Крыме. То бок, нават факт будаўніцтва карвета быў незаконным. У выніку патрульны карабель быў знішчаны пяццю надводнымі дронамі MAGURA V5, апошні з якіх здэтанаваў наўпрост унутры судна.

Абураныя чарговым правалам у выглядзе 70 мільёнаў даляраў на дне марскім (5 з якіх складае верталёт Ка-52, які базаваўся на судне), Z-ваенкары адразу прызналі страту найноўшага карвета, адзначаючы «харобрасць» і «непахіснасць» маракоў, што адбівалі атаку.

«Сырскі святкуе свой прыход на пасаду. Усё ж здзекавацца над няўдачлівымі супернікамі трэба пачынаць адразу пасля перамогі над імі. А не да. Дзякуй Богу, усе нашы жывыя. Але шапказакідальніцтва нас літаральна накрывае. І абыходзіцца яно жахліва дорага», — напісаў прапагандыст Захар Прылепін. Адзінае што, пазней высветлілася, жывымі аказаліся не ўсе: ГУР і расійскія крыніцы пацвердзілі смерць сямі акупантаў.

Банер, які можна набыць на адным з расійскіх маркетплэйсаў

Банер, які можна набыць на адным з расійскіх маркетплэйсаў

Аўтары аднаго з беларускіх Telegram-каналаў, у якім выказваецца асаблівая любоў да «расійскага свету», напісалі, нібыта расійскія войскі пра будучую атаку ведалі, таму «заставалася яе толькі чакаць», але, «аказалася, цэллю ўкранацыстаў стаў не Крымскі мост».

«Экіпаж, як і камандзір карабля, вартыя ўзнагарод, без жартаў», — дадалі яны.

 «Тут бачна, што менавіта біўся, за што ўсяму экіпажу, кожнаму афіцэру, мічману, матросам павага. Вось яны — прыклад сапраўдных маракоў ЧФ РФ. Камандзір Котава — сапраўдны Расійскі Марак і Сапраўдны Камандзір Карабля. З такім я асабіста гатовы ў любое пекла пайсці», — піша яшчэ адзін з Z-каналаў. Незразумела, які ўплыў гэта нясе на рэзультат, але адметна, што галоўным у крытычных сітуацыях для расійцаў застаецца пошук станоўчых бакоў падзеі.

Ілюстрацыя з Z-канала

Ілюстрацыя з Z-канала

Z-ваенкар Аляксандр Коц падкрэсліў, што гэты патрульны карабель, узброены двума супрацьдыверсійнымі гранатамётнымі комплексамі, артылерыйскай устаноўкай і зенітнымі сістэмамі, не быў безабароннай пасудзінай, а яго экіпаж «умела супрацьстаяў украінскім атакам». Эксперты адзначалі цудоўнае радыёлакацыйнае абсталяванне, выдатныя мораходные якасці карабля і велізарны патэнцыял для мадэрнізацыі. На відэа, знятым за некалькі хвілін да знішчэння з таварнага грамадзянскага судна, бачна, што акупанты вялі інтэнсіўную барацьбу з беспілотнікамі, але ні ўзбраенне, ні нібыта выдатныя навыкі не дапамаглі адбіць атаку.

 Вайсковы аглядальнік Уладзіслаў Шляпчэнка, які глядзіць на сітуацыю больш рэальна, піша пра неабходнасць поўнага вываду флоту з дасягаемых украінскай балістыкай, марскімі і паветранымі дронамі тэрыторый:

«Увогуле цяпер перад Расіяй стаіць задача захавання рэшткаў Чарнаморскага флота. Па ўсёй бачнасці, цяпер нашаму флоцкаму кіраўніцтву давядзецца прыняць рашэнне аб стратэгічным адступленні з Чорнага мора. Рашэнне непрыемнае і, магчыма, успрыманае як шкоднае для кар'еры, але цяпер галоўнае — захаваць караблі. У 2022 годзе праз аналагічны момант прайшла наша авіяцыя».

Менавіта пра гэтае «шкоднае для кар’еры стратэгічнае адступленне» заявілі Ваенна-марскія сілы Украіны 6 сакавіка, праз дзень пасля атакі на патрульны карабель. У паведамленні перадавалася, што ў акваторыі Чорнага мора варожыя караблі цалкам адсутнічаюць, у Азоўскім моры акупанты трымаюць адзін карабель, які не з’яўляецца ракетаносьбітам, у Міжземным — 3 судны, адно з якіх нясе ракеты тыпу «Калібр».

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява

«Сітуацыя сумная, наш флот страціў значную частку караблёў, а супернік, наадварот, натхнёны поспехамі, абкатаў працаздольную методыку знішчэння нашых караблёў і атрымлівае пад гэтае шчодрае фінансаванне са боку англасаксаў», — дадае Шляпчэнка.

Напрыканцы прапагандыст абяцае нацызм ліквідаваць, караблі адбудаваць, а вайну выйграць.

Мы назіраем, як кардынальна змяняецца ход сучаснай вайны. Як некалі непахісныя вялікія дэсантныя караблі за дзясяткі і сотні мільёнаў даляраў, што былі літаральна незнішчальным тыпам узбраення, уходзяць пад ваду ў рэзультаце атакі маленькага бесплітоніка за $270 тысяч.

Чорнае мора і цяпер застаецца «чыстым» — акупанты адцягнулі караблі з тэрыторыяльных водаў Украіны. Станам на 13 сакавіка Узброенымі сіламі Украіны знішчана 26 караблёў і катэраў.