Паўза заканчваецца? Украінская дэлегацыя выправілася на перамовы ў ЗША
Падобна на тое, што паўза ў мірных перамовах па Украіне заканчваецца — украінская дэлегацыя выправілася на перамовы ў ЗША. Штаты вяртаюцца да «украінскага трэку», а Расія па-ранейшаму чакае «ўзгаднення графікаў». Ва Украіне расце колькасць боесутыкненяў, і з гэтым растуць расійскія страты. Ідуць 1486-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 201 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 20 сакавіка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 30 штурмаў расіян у бок Новага Данбасу, Радзінскага, Мірнаграду, Беліцкага, Сухецкага, Пакроўску, Грышына, Котліна, Удачнага і іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 25 атак у бок Канстанцінаўкі, Клебан-Быка, Плешчыеўкі, Іллінаўкі, Русінага Яру, Сафіеўкі.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку армія РФ 19 разоў спрабавала прарвацца ў бок Прыліпак, Ліману, Старыцы, Ваўчанску, Ціхага, Ахрымаўкі, Зыбіна, Чугунаўкі, Краснага Першага.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 18 разоўу бок Грэкаўкі, Надзеі, Новаміхайлаўкі, Новасергіеўкі, Вольгаўкі, Сярэдняга, Дробышава, Зарэчнага, Лімана, Дзібровы і іншых.
На Славянскім і Гуляйпольскім кірунках адбылося па 12 боесутыкненняў на кожным.
На Купянскім кірунку расіяне 11 разоў атакавалі ў бок Петрапаўлаўкі, Пясчанага, Глушкаўкі, Наваплатонаўкі, Бароўскай Андрэеўкі і Купянска.
* * *
У ноч на 20 сакавіка Расія атакавала Украіну 156 ударнымі БПЛА тыпу Shahed, Гербера, Італмас і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта або падушана 133 БПЛА.
У выніку начной атакі Адэскай вобласці ударнымі БпЛА пашкоджаны два грамадзянскія камерцыйныя судны пад сцягамі Палау і Барбадаса. Пацярпелі двое людзей, ім аказана медыцынская дапамога. На момант удару судны знаходзіліся каля прычалаў і былі загружаны збожжам.
Уначы 20 сакавіка расійскія войскі нанеслі ўдары па тэрыторыі па грамадзянскай інфраструктуры Запарожскага раёна. Загінула жанчына, 48-гадовы мужчына і 10-гадовы хлопчык атрымалі раненні.
У ноч на 20 сакавіка расійскія войскі атакавалі Харкаў. Удар прыйшоўся на тэрыторыю каля навучальнай установы, што прывяло да пашкоджанняў будынка.
* * *

* * *
Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што паўза ў перамовах паміж Украінай, ЗША і Расіяй з'яўляецца часовай і можа завяршыцца пасля таго, як усе бакі ўзгодняць свае графікі, перш за ўсё амерыканскі.
«Як толькі будуць узгоднены графікі ўсіх трох бакоў, перш за ўсё графікі нашых амерыканскіх пасрэднікаў, калі яны змогуць больш надаць увагі ўкраінскім справам, спадзяемся, што гэтая паўза будзе перапыненая і мы зможам правесці чарговы раўнд трохбаковых перамоў», — заявіў ён.
* * *
Мірныя перамовы па завяршэнні вайны РФ супраць Украіны адновяцца ў бліжэйшыя дні. Украінскія чыноўнікі ўжо выправіліся ў ЗША, паведаміў у звароце прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Паводле Зяленскага, украінскі бок робіць усё, каб перамовы былі змястоўнымі. «Украінская каманда — менавіта палітычная частка перамоўнай групы — ужо ў дарозе, у гэтую суботу (21 сакавіка) мы чакаем сустрэчы ў Злучаных Штатах Амерыкі», — дадаў прэзідэнт Украіны.
* * *
Еўрапейскі Саюз, нягледзячы на блакіроўку з боку Венгрыі, усё роўна надасць Украіне крэдыт у памеры 90 млрд еўра ў 2026-27 гадах, заявіла прэзідэнтка Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен на прэс-канферэнцыі пасля саміту лідараў ЕС уночы 20 сакавіка.
Лідарам ЕС 19 сакавіка не ўдалося пераканаць венгерскага прэм’ера Орбана зняць вета. Орбан заявіў, што Венгрыя не разблакуе ніводнае спрыяльнае для Украіны рашэнне, пакуль нафтаправод «Дружба» не пачне зноў транспартаваць расійскую нафту.
«Пазыка застаецца заблакаванай, паколькі адзін лідар (прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан, – рэд.) не стрымаў свайго слова. Але дазвольце мне паўтарыць тое, што я ўжо сказала ў Кіеве. Мы выканаем гэта так ці інакш», — сказала фон дэр Ляен.
Яна нагадала, што рашэнне аб надані крэдыту на падтрымку Украіны ў памеры 90 мільярдаў еўра Еўрапейскі савет прыняў у снежні 2025 года. «Была адна ўмова — тры краіны (Венгрыя, Славакія, Чэхія, — рэд.) не будуць удзельнічаць у пазыцы. Гэта ўмова была выкананая. Так што давайце ясна вызначым нашу пазіцыю», — сказала фон дэр Ляен.
* * *
Расійскі абаронна-прамысловы комплекс пачаў адчуваць сур'ёзны дэфіцыт баявых частак да ракет з-за сістэматычных украінскіх атак на хімічныя прадпрыемствы агрэсара, паведаміў кіраўнік Цэнтра супрацьдзеяння дэзінфармацыі СНБА Украіны Андрэй Каваленка.
За апошні месяц украінскія сілы здзейснілі паспяховыя атакі на прынамсі пяць расійскіх заводаў хімічнай прамысловасці. Некаторыя з іх былі атакаваныя неаднаразова. Гэтыя прадпрыемствы з'яўляюцца ключавымі ў ланцугу стварэння боепрыпасаў, і прыпыненне іх працы фактычна паралізуе далейшую вытворчасць.
Паводле слоў Каваленкі, пад атакай таксама былі вытворцы мікраэлектронікі і магутнасці Воткінскага завода, дзе вырабляюць ракеты «Іскандэр» і «Арэшнік».
«Усё гэта ўплывае на лагістыку вытворчасці, пастаўкі на фронт і збівае планы расіян», — падкрэсліў кіраўнік ЦПД.
Эксперт адзначыў, што нягледзячы на пастаўкі боепрыпасаў з КНДР, Расія не зможа вытрымаць тэмпы вайны без паўнавартаснай працы ўласнага абароннага сектара.
«Адзіны дзейны спосаб спыніць Расію — гэта спыніць іх ВПК», — заявіў Каваленка.