Расіяне прыдумалі фэйк пра продаж органаў «чыстакроўных украінцаў»
Фэйк пра продаж органаў украінцаў, прыдуманы РФ у 2014 годзе, зноў стаў актуальны. Як Расія выкарыстоўвае гэтую тэму ў інфармацыйнай вайне супраць Украіны?
Украінскі Цэнтр супрацьдзеяння дэзінфармацыі пры РНБА заяўляе, што расіяне распаўсюджваюць фэйк пра нібыта продаж органаў «чыстакроўных украінцаў» на чорным рынку для еўрапейцаў.
Як пішуць украінскія СМІ, Цэнтр супрацьдзеяння дэзінфармацыі адзначае: «Ворагі распаўсюджваюць фальшывыя паведамленні аб продажы органаў «чыстакроўных украінцаў» на чорным рынку для еўрапейцаў. Як адзначаецца ў абвестцы, цана пачынаецца ад 5000 еўра, а для асобных органаў па запыце магчымая зніжка 50%.
Фактычна гэта чарговы фэйк расіян у рамках кампаніі інфармацыйнага ўздзеяння «Чорная транспланталогія».
Цэнтр прааналізаваў падобныя інфармацыйныя рэсурсы і прыйшоў да высновы, што яны створаныя з мэтай правакацый і дыскрэдытацыі Украіны».
У Цэнтры супрацьдзеяння дэзінфармацыі нагадваюць, што расіяне і раней ужо выкарыстоўвалі фэйкавыя абвесткі, у прыватнасці аб продажы заходняй зброі на ўкраінскіх рынках.
Цэнтр супрацьдзеяння дэзінфармацыі адзначае, што з 2014 года Расія актыўна спрабуе прасоўваць фэйкі пра чорныя трансплантаты, накіраваныя на дыскрэдытацыю Украіны. Аднак гэта кампанія крыху суцішылася пасля 2018 года. А вось цяпер — новая хваля старых жахалак.
Гэта тэма пачала актыўна эксплуатавацца падчас бітвы за Данецк у ліпені 2014 года. Тады з’явіліся артыкулы на іспанскай і італьянскай мовах пра нібыта існаванне «цэнтраў чорнай транспланталогіі» ва Украіне. У артыкулах вялося нібыта пра гандаль органамі на прыфрантавых тэрыторыях.
Паводле cpd.gov.ua, www.pravda.com.ua