Расійскі «Сбербанк»: Шанцы на ваенную перамогу Расіі складаюць толькі 7%
Аналітыкі расійскага «Сбербанка» прадставілі восем магчымых сцэнарыяў заканчэння вайны супраць Украіны. На іх думку, шанс на ваенную перамогу Расіі складае толькі 7%. А «акно магчымасцей» для Расіі зачыніцца пасля лістапада гэтага года — прамежкавых выбараў у ЗША. Далей для Расіі будзе толькі горш. Ідуць 1645-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 203 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 26 жніўня.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 24 атакі ў раёнах Канстанцінаўкі, Іллінаўўкі, Доўгай Балкі, Русіна Яра і Іванаполля.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 36 атак у раёнах Біліцкага, Сяргееўкі і Маладзецкага, а таксама ў кірунках Светлага, Новага Донбаса, Ганнаўкі, Шаўчэнкі, Мірнага, Васільеўкі, Удачнага, Білякаўкі, Мураўкі, Новапаўлаўкі, Грузкага і Чарнігаўкі.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні адбілі восем атак, на Ліманскім кірунку — сем.
* * *
Украінская армія мае прасоўванне паміж вёскай Заходняе і пасёлкам Двурэчнае Купянскага раёна Харкаўскай вобласці, паведамляе OSINT-праект DeepState. «Сілы абароны Украіны аднавілі кантроль каля Заходняга», — гаворыцца ў паведамленні.
DeepState адзначае, што вызвалена 6,14 кв км за межамі населеных пунктаў. Пры гэтым плошча расійскай акупацыі скарацілася на 6,27 кв км, а раён пранікнення («шэрая зона») амаль не змяніўся.
Пры гэтым Двурэчнае пакуль застаецца пад акупацыяй, а Заходняе, як і раней, часткова акупіравана, часткова ў «шэрай зоне». На іншых участках фронту за мінулыя суткі без зменаў.
* * *
Вечарам 25 жніўня расійскія войскі атакавалі Чарнігаў, у выніку пацярпелі двое дарослых і дзіця.
Расійскія войскі нанеслі ўдар па тэрыторыі прадпрыемства ў Запарожжы, успыхнуў пажар.
Расійцы нанеслі ўдар беспілотнікам па Асноўскім раёне Харкава, загарэўся складскі будынак.
У ноч на 26 жніўня дроны атакавалі ключавы лагістычны цэнтр маркетплейса Wildberries у горадзе Катоўск у Тамбоўскай вобласці РФ. Выбух выклікаў пажар.
* * *
* * *
Дырэктар ЦРУ Джон Рэткліф прыязджаў у РФ, паколькі амерыканскі бок сабраў разведданныя аб ранніх прыгатаваннях Расіі да магчымай ваеннай мабілізацыі, піша The Wall Street Journal.
Аналітыкі лічаць, што Рэткліф мог сустрэцца з крамлёўскім кіраўніком Уладзімірам Пуціным, каб выказаць папярэджанне.
Першым аб візіце Рэткліфа паведаміў тэлеканал CBS. Навіна пра яго візіт з'явілася пасля таго, як у маскоўскім аэрапорце быў заўважаны транспартны самалёт ВПС ЗША Boeing C-17A Globemaster III, а таксама картэж амерыканскіх дыпламатаў. Пасля стала вядома пра просьбу амерыканскага боку да Украіны ўстрымацца ад удараў па РФ на час візіту дэлегацыі ЗША.
Апошні раз кіраўнік ЦРУ асабіста наведваў Расію ў лістападзе 2021 года. Тады Уільям Бэрнс прыбыў у Маскву, каб на вышэйшым узроўні папярэдзіць Крэмль: ЗША ведаюць аб падрыхтоўцы маштабнага ўварвання ва Украіну.
* * *
Зменшага 47 з 50 вядучых расійскіх ВНУ агітуюць студэнтаў заключаць кантракты з Мінабароны Расіі, піша The Moscow Times.
Галоўны вектар — войскі беспілотных сістэм: у іх агітуюць студэнтаў як мінімум 46 ВНУ з топ-50. У 32 з іх таксама дзейнічаюць адукацыйныя праграмы па беспілотных лятальных апаратах. Частка ВНУ прапануе ўступіць у добраахвотны атрад БАРС Масква для абароны неба сталіцы РФ, медыцынскія ВНУ заклікаюць на службу ўрачоў і ардынатараў.
Метады агітацыі вар’іруюцца ад рэкламы на вэб-сайтах да прамога прымусу. У 44 ВНУ інфармацыя аб кантрактах размешчана ў адкрытым доступе, у 43 — вярбоўка вядзецца ў кампусах, яшчэ ў чатырох — у філіялах.
Студэнтам абяцаюць службу тэрмінам «усяго адзін год», высокія выплаты і кар'ерныя перспектывы, аднак праваабаронцы падкрэсліваюць: гэта стандартны кантракт Мінабароны, які не дае права на звальненне і не гарантуе працу менавіта аператарам дронаў.
За апошнія паўтара месяца жыхары як мінімум 17 рэгіёнаў РФ скардзіліся на гвалтоўныя затрыманні і прымус да падпісання кантракту з Мінабароны.
* * *
Аналітыкі расійскага «Сбербанка» распрацавалі восем магчымых сцэнароў заканчэння вайны Расіі супраць Украіны. Шанцы на ваенную перамогу РФ складаюць толькі 7%, гаворыцца ў аналітычнай запісцы «Сцэнары дасягнення міру ў канфлікце Расія-Украіна», паведамляе Black Mirror.
Сцвярджаецца, што дакумент быў атрыманы з перапіскі кіраўніка «Сбербанка» Германа Грэфа.
Згодна з яго палажэннямі, РФ адчувае шэраг эканамічных і ваенных праблем. Дэфіцыт бюджэту за першы квартал склаў 4,58 трлн рублёў (55 млрд долараў) пры гадавым плане ў 3,8 трлн (45,6 млрд долараў). Ключавая стаўка — 15%, а нафтагазавыя даходы ўпалі на 45,4%, да 1,44 трлн рублёў (каля 17,3 млрд долараў).
З-за ўкраінскіх удараў пашкоджана 10-15% нафтаперапрацоўчых магутнасцей. У абарончай прамысловасці не хапае 80-400 тысяч работнікаў, мікраэлектронікі, баяпрыпасаў і рухавікоў. РФ страціла да 35% кампанентаў СПА, а яе ваенныя страты ацэньваюцца ў 20-25 тысяч чалавек за месяц. Каля 90% новых кантрактнікаў, па ацэнцы аўтараў, выкарыстоўваюцца для папаўнення страт.
Сярод найбольш верагодных сцэнарыяў далейшых дзеянняў: «Здзелка Трампа» — 32%. Гарызонт: 6-12 месяцаў. Трамп фарсіруе дамоўленасць да прамежкавых выбарах у ЗША ў лістападзе 2026 года. Вайна замарожваецца па цяперашняй лініі фронту, частка санкцый з РФ здымаюць, а ўступленне Украіны ў НАТА застаецца заблакаваным.
«Карэйская замарозка» — 22%. Гарызонт: 6-18 месяцаў. Маштабныя баявыя дзеянні спыняюцца без фармальнага мірнага дагавора, фронт стабілізуецца, але юрыдычна вайна працягваецца. На нізкім узроўні захоўваецца вайна дронаў. Умовай з'яўляецца ўзаемнае знясіленне без магчымасці вырашальнага прарыву
«Зацяжная вайна» — 15%. Гарызонт: 24-36 месяцаў. Баявыя дзеянні працягваюцца яшчэ 2-3 гады. Расія губляе 20-25 тысяч чалавек штомесяц, а яе прасоўванне складае каля 100-200 метраў за дзень. Захоўваюцца ўдары па інфраструктуры.
На сцэнарый «Вырашальная ваенная перавага РФ» аналітыкі адвялі 7%. Гарызонт: 12-24 месяцы. У гэтым выпадку Расія атрымлівае кантроль над Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай абласцямі ў адміністрацыйных межах, а таксама Харкаўскай вобласцю. Для гэтага РФ спатрэбіцца мабілізацыя 300-500 тысяч чалавек, павелічэнне вытворчасці авіябомбаў, узмацненне СПА і прарыў у стварэнні аўтаномных рояў дронаў, здольных каардынавацца з дапамогай ШІ без аператараў.
«Мір на кампрамісных умовах» атрымаў 5%. Гарызонт: 12-24 месяцы. Бакі заключаюць мірны дагавор з тэрытарыяльнымі саступкамі. РФ можа вярнуць частку тэрыторый Херсонскай і Запарожскай абласцей у абмен на прызнанне Украінай Крыма і часткі Данбаса. Кіеў атрымлівае гарантыі бяспекі і шлях у ЕС, а пытанні НАТА адкладваюцца на 15-25 гадоў.
Сцэнарый «Дзікая карта» — 5%. Гарызонт: непрадказальны. Сюды аднеслі прымяненне РФ тактычнай ядзернай зброі, аварыю або ўдар па ядзерным аб'екце, наўпроставае сутыкненне Расіі і НАТА, змену ўлады ў РФ ці Украіне. Сярод іншых «дзікіх карт» — тэхналагічны прарыў у сферы аўтаномных рояў дронаў, кібератакі на крытычную інфраструктуру, квантавыя вылічэнні, новыя архітэктуры ШІ і накіраваная энергетычная зброя.
У «Сбербанку» лічаць, што найбольш спрыяльнае для РФ перамоўнае акно прыпадае на лета-восень 2026 года. Пасля гэтага пазіцыі Масквы могуць пагоршыцца з-за знясільвання ліквіднай часткі Фонду нацыянальнага дабрабыту пры тэмпе выняцця прыкладна 400 млрд рублёў (каля 4,8 млрд долараў) у квартал. Пры гэтым Еўропа, па прагнозе, павялічыць выдаткі на ўзбраенне да 50-60 млрд долараў у 2027 годзе, а пасля прамежкавых выбараў у ЗША Трамп можа страціць цікавасць да заключэння пагаднення.