Што адбываецца ў Беларусі і навошта Расія перакінула туды самалёты? Версія Генштаба Украіны
Украінскі Генштаб ацаніў рызыкі ўварвання з Беларусі і распавёў пра сітуацыю.
Расія працягвае накіроўваць у Беларусь вайскоўцаў для далейшага даўкамплектавання сваіх падраздзяленняў. РФ накіравала свае самалёты з «Кінжаламі» на аэрадром РБ, што паказвае на нарошчванне расіянамі магутнасцей для авіяўдараў па Украіне. Пра гэта піша ўкраінская служба РБК са спасылкай на заяву намесніка начальніка галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генеральнага штаба УСУ Аляксея Громава падчас брыфінгу.
Расійскія вайскоўцы працягваюць прыбываць у Беларусь
«На тэрыторыі Беларусі з сярэдзіны кастрычніка працягваецца нарошчванне расійскай вайсковай прысутнасці. У рамках разгортвання рэгіянальнай групоўкі праходзяць падрыхтоўку і баявое ўзгадненне расійскія падраздзяленні 2-й мотастралковай дывізіі Першай танкавай арміі Заходняй вайсковай акругі», — распавёў Громаў.
Паводле яго слоў, да правядзення гэтых мер у якасці «інструктараў» таксама прыцягваюцца вайскоўцы УС Беларусі.
«Такім чынам Крэмль выкарыстоўвае афіцэрскі склад і палігонную інфраструктуру Беларусі для аднаўлення баяздольнасці наяўных, а таксама падрыхтоўкі створаных падраздзяленняў УС РФ», — тлумачыць Громаў.
У той жа час, як распавёў Громаў, вайскоўцы РФ, у прыватнасці, мабілізаваныя, «выказваюць занепакоенасць», што апошнім часам афіцэры перасталі даводзіць да асабовага складу любую інфармацыю пра тэрміны іх навучання і знаходжання ў Беларусі, а таксама пра іх далейшыя дзеянні.
Перакідка зброі і тэхнікі ў РБ
«Працягваецца перамяшчэнне на тэрыторыю Беларусі ўзбраення і вайсковай тэхнікі для камплектавання падраздзяленняў расійскіх акупантаў. Так, на мінулым тыдні на палігоны «Абуз-Лясноўскі» і «Лосвіда» былі перамешчаны па адным батальённым камплекце танкаў», — кажа Громаў.
Навошта Расія даставіла самалёты ў Беларусь?
Пры гэтым Громаў звярнуў увагу, што на гэтым тыдні РФ перакіне на аэрадром «Мачулішчы» 3 самалёты МіГ-31к, якія з'яўляюцца носьбітамі гіпергукавых ракет «Кінжал», а таксама самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення А-50У.
«Гэта сведчыць аб нарошчванні магчымасцей агрэсара наносіць авіяцыйныя ўдары па тэрыторыі Украіны. Хачу адзначыць, што цяпер на тэрыторыі Беларусі адсутнічаюць неабходныя кампаненты паветранай групоўкі, якая можа забяспечыць дзейнасць і авіяцыйную падтрымку войскаў падчас правядзення праціўнікам наступальнай аперацыі», — падкрэсліў Громаў.
Ён патлумачыў свае словы на прыкладзе: у лютым бягучага года, да пачатку агрэсіі РФ, на тэрыторыі Беларусі была разгорнута авіяцыйная групоўка УС РФ у складзе аднаго самалёта далёкага радыёлакацыйнага выяўлення А-50У, 32 штурмавікоў, 15 знішчальнікаў і 77 верталётаў.
Пра пагрозу наступу на поўнач
«З улікам іншых наяўных даных можна адзначыць, што ў цяперашні час верагоднасць правядзення наступальнай аперацыі з тэрыторыі Беларусі застаецца нізкай. У той жа час памежны камітэт Беларусі да 1 сакавіка 2023 года падоўжыў абмежаванні на ўезд і знаходжанне грамадзян у памежнай паласе ў раёнах Гомельскай вобласці, якая мяжуе з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласцямі», — падсумаваў Громаў.
Нагадаем, сёння брытанская выведка паведаміла, што нават аб'яднаныя беларускія і расійскія падраздзяленні наўрад ці здольныя паўтарыць наступ на поўнач Украіны, як гэта адбылося ў лютым. А аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) лічаць малаверагодным магчымае ўварванне арміі РБ ва Украіну.