295-ты дзень вайны ва Украіне. Што здарылася за ноч.

Брытанская разведка лічыць, што сумесныя сілы Расіі і Беларусі цяпер наўрад ці здольныя на паспяховы наступ з беларускай тэрыторыі.

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Жыхары Херсонапаведамляюць раніцай 15 снежня пра гукі выбухаў. Аднак у вобласці паветраную трывогу пакуль не абвяшчалі, пішуць мясцовыя Telegram-каналы.

Пакуль мясцовыя ўлады і вайскоўцы не давалі каментароў наконт сітуацыі ў горадзе. Аднак Херсон штодня абстрэльваецца расійскімі войскамі. Па горадзе б’юць з акупаванай часткі Херсонскай вобласці.

Так, за мінулыя суткі войскі РФ 86 разоў абстралялі тэрыторыю Херсонскай вобласці. У выніку нападаў ворага загінулі тры чалавекі, яшчэ 13 атрымалі раненні.

У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінулі двое мірных жыхароў — у Бахмуце і Раздалоўцы. Яшчэ чатыры чалавекі ў вобласці атрымалі раненні, паведаміў кіраўнік АВА Павел Кірыленка.

Расійскія войскі ўначы і раніцай абстралялі тры абшчыны Днепрапятроўскай вобласці. Вынікам атакі сталі разбурэнні. Пра гэта паведамляе кіраўнік Днепрапятроўскай АВА Валянцін Разнічэнка ў Telegram.

Акупанты прымянілі «Грады» і цяжкую артылерыю, выпусцілі больш за 40 снарадаў. Расіяне абстралялі Міроўскую, Марганецкую і Краснагрыгор'еўскую абшчыны Нікапальскага раёна.

Армія РФ працягвае засяроджваць намаганні для вядзення наступу на Бахмуцкім і Аўдзееўскім кірунках і спрабуе палепшыць тактычнае становішча на Купянскім, Ліманскім і Запарожскім кірунках. На іншых — спрабуе стрымліваць дзеянні сіл абароны, паведаміў Генштаб Украіны ў ранішняй зводцы.

За мінулыя суткі ўкраінцамі адбіты атакі расійскай арміі ў раёнах населеных пунктаў Верхнякаменскае, Якаўлеўка, Саледар, Бахмут, Вясёлае і Мар'інка Данецкай вобласці.

Расійскае войска замініравала дачныя ўчасткі і ўзбярэжжа рэк Конка і Чайка ў Аляшкоўскай абшчыне Херсонскай вобласці. Таксама салдаты РФ прымусова эвакуявалі грамадзян Украіны, якія пражывалі на востраве Вялікі Пацёмкінскі паблізу Херсона, на падкантрольную РФ тэрыторыю. Акупацыйная «ўлада» праводзіць работы па пераключэнні Запарожскай АЭС у энергетычную сістэму РФ.

Расіяне нанеслі 31 авіяцыйны і восем ракетных удараў па грамадзянскай інфраструктуры Данецкай вобласці, а таксама здзейснілі 61 абстрэл з рэактыўных сістэм залпавага агню.

Украінская авіяцыя нанесла 13 удараў па раёнах засяроджвання асабовага складу, узбраення і ваеннай тэхнікі праціўніка і пяць удараў па пазіцыях зенітна-ракетных комплексаў УС РФ.

Прарасійскі кіраўнік Данецка заявіў, што цэнтр горада раніцай 15 снежня падвергнуўся «самаму масіраванаму ўдару з 2014 года». Расійскія прапагандысты абвінавачваюць у атацы УСУ, хоць мясцовыя жыхары кажуць аб гуках «вылетаў» непадалёк.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) лічыць, што рашэнне Пуціна адкласці штогадовы зварот да Федэральнага сходу паказвае на тое, што ён не ўпэўнены ў сваёй здольнасці фарміраваць расійскую інфармацыйную прастору на фоне крытыкі грамадствам уварвання ва Украіну.



ЕС і NATO плануюць неўзабаве афіцыйна апублікаваць супольны заклік да Расіі спыніць вайну і пакінуць Украіну, піша «Politico». Паводле выдання, Дэкларацыя рыхтавалася больш за год, але затрымлівалася з-за напружанасці ў адносінах паміж Турцыяй і Кіпрам. І хоць Тэкст у большасці сваёй нічым не адметны, наданне яму афіцыйнага статусу стала б значным дыпламатычным дасягненнем, адзначае «Politico».

ЗША плануюць перадаць Украіне перадавое электроннае абсталяванне, здольнае ператвараць некіравальныя авіяцыйныя боепрыпасы ў «разумныя бомбы», піша «The Washington Post». Па словах высокапастаўленых амерыканскіх чыноўнікаў, украінскія вайскоўцы змогуць з дапамогай такіх «разумных бомбаў» з высокай ступенню дакладнасці паражаць расійскія ваенныя пазіцыі.

Joint Direct Attack Munition (JDAM) — камплект абсталявання на аснове тэхналогіі GPS, які ператварае простыя бомбы ва ўсепагодныя карэктуемыя («разумныя») боепрыпасы. Аднак яшчэ невядома, ці ўхваліў Байдэн або хто-небудзь з яго галоўных дарадцаў па нацбяспецы прапанаваную перадачу JDAM Украіне.

Сейм Польшчы прыняў рэзалюцыю аб прызнанні РФ дзяржавай-спонсарам тэрарызму.

Украіна абмяняла святара УПЦ МП, асуджанага за дзяржздраду, на палоннага амерыканца, распавёў прадстаўнік ГУР Андрэй Юсаў: «Грамадзянін ЗША — гэта актывіст, які заставаўся ў Херсоне і быў незаконна арыштаваны акупацыйнымі ўладамі. Магу паведаміць цікавую дэталь: сёння расіяне ў сваіх тэлеграм-каналах паведамілі, што яны забралі да сябе святара УПЦ МП, які ва Украіне атрымаў прысуд за дзяржаўную здраду. Скажу, што не без іх дапамогі ў гэтым кантэксце грамадзянін ЗША вярнуўся сёння ва Украіну і можа вярнуцца дадому».

ЗША вывучаюць і адпрацоўваюць ініцыятыву ўкраінскага боку аб стварэнні пад эгідай ААН спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі РФ, паведаміў каардынатар у пытаннях стратэгічных камунікацый Белага дома Джон Кірбі. ЗША паслядоўна выступаюць за тое, каб Расія была прыцягнута да адказнасці за зверствы, якія яна здзяйсняе на ўкраінскай зямлі.

Таксама Кірбі паведаміў, што не можа на гэты момант пацвердзіць інфармацыю СМІ аб пастаўцы Кіеву комплексаў «Patriot».

Нарвегія перадасць Украіне дзесяць мастоў коштам амаль 3 мільёны еўра, якія будуць устаноўлены замест разбураных, паведаміў «Укравтодор». Гаворка ідзе пра часовыя маставыя канструкцыі тыпу acrow / bailey, якія падыходзяць для перамяшчэння цяжкіх транспартных сродкаў. Гэтыя канструкцыі дазволяць не толькі злучыць населеныя пункты, але і забяспечаць давоз гуманітарных грузаў, праезд машын хуткай дапамогі, рамонтных брыгад, эвакуацыю насельніцтва.

У Растоўскай вобласці РФ партызаны ўзарвалі чыгуначныя шляхі, па якіх ваенная тэхніка паступала на вайну супраць Украіны, піша расійскае выданне «The Insider» са спасылкай на Telegram-каналы Распартызан і ўсенародны рух легіёна «Свабода Расіі».