Пуцін адмяніў прэс-канферэнцыю, бо баіцца Украіну?

Пуцін сам у апошні момант асабіста адмяніў штогадовую прэс-канферэнцыю. Што гэта значыць? Тым больш што адмова ад прэс-канферэнцыі і ад штогадовага паслання Федэральнаму сходу парушае Канстытуцыю. Гэта здарылася з-за правалаў ва Украіне?

_szkola___adukacyja__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__11__logo.jpg

Крыніцы ў расійскай уладзе распавялі розным расійскім СМІ, ад дзяржаўнага ТАСС да «Вёрсткі», што Пуцін можа не выступіць сёлета і з пасланнем да Федэральнага сходу.

«The Moscow Times» піша, таксама са спасылкай на крыніцы, што сваю любімую прамую лінію Пуцін адмяніў асабіста-з-за страху перад магчымымі ўкраінскімі дыверсіямі. Чаму была адменена штогадовая прэс-канферэнцыя?

Расійскі палітолаг Андрэй Калеснікаў кажа, што сорам страчаны, прыкрываць свае дзеянні прыстойнымі словамі ўжо неабавязкова, Пуцін знаходзіцца на шляху да абсалютнай бункерызацыі самога сябе.

Адметна, што рашэнне пра адмену штогадовай прэс-канферэнцыі Уладзіміра Пуціна ў пачатку гэтага тыдня было прынята літаральна ў апошнюю хвіліну. Так сцвярджае журналіст Пётр Казлоў у артыкуле, апублікаваным выданнем «Moscow Times». Аўтар спасылаецца на шэсць крамлёўскіх і ўрадавых чыноўнікаў. Паводле яго інфармацыі, прэс-канферэнцыя рыхтавалася, а адмяніў яе асабіста Пуцін «у самы апошні момант».

У панядзелак прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў абвясціў, што вялікая прэс-канферэнцыя Пуціна сёлета не адбудзецца. У Крамлі асцерагаліся, што Кіеў можа зладзіць буйную атаку напярэдадні мерапрыемства, гаворыцца ў артыкуле «Moscow Times».

«Ніхто не можа даць стоадсоткавую гарантыю, што такой атакі не адбудзецца, — заявіў «Moscow Times» адзін з крамлёўскіх чыноўнікаў на ўмовах ананімнасці. — Прэзідэнт ведаў аб гэтым, і гэта быў моцны аргумент супраць правядзення прэс-канферэнцыі».

Акрамя адступлення з Херсона Расія апошнім часам перажыла выбухі на аэрадромах стратэгічнай авіяцыі ў глыбіні краіны, нагадвае выданне.

Рашэнне прапусціць прэс-канферэнцыю аўтар называе рэдкай прыкметай таго, што падзеі на полі бою наўпрост уплываюць на прыняцце палітычных рашэнняў у Маскве.

У сваім блогу аўтар артыкула падкрэслівае, што адміністрацыя прэзідэнта РФ і ўрад да апошняга моманту рыхтаваліся да таго, што прэс-канферэнцыя адбудзецца, а рашэнне адмовіцца ад вялікай прэс-канферэнцыі і паслання Федэральнаму сходу было прынята ў самы апошні момант асабіста Пуціным.

«Апошняй кропляй для прэзідэнта РФ стала адсутнасць жалезных гарантый і ўпэўненасці ў тым, што спецслужбы будуць здольны спыніць любыя спробы новых дыверсій хаця б да таго, як адбудзецца прэс-канферэнцыя», — сцвярджае Казлоў. 

ISW: Пуцін адклаў сваё пасланне і адмяніў прэс-канферэнцыю з-за правалаў ва Украіне

Падобныя высновы робяць і аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW). Пуцін адмяніў сваю штогадовую прэс-канферэнцыю, верагодна, каб пазбегнуць адказаў на пытанні пра ваенныя няўдачы Расіі ва Украіне, бо не хоча звяртацца да празмерна відавочнага маніпулявання, гаворыцца ў штодзённым аглядзе Амерыканскага інстытута вывучэння вайны (ISW).

Рашэнне прэзідэнта Расіі адкласці сваё штогадовае пасланне Федэральнаму сходу паказвае на тое, што ён не ўпэўнены цяпер у сваёй здольнасці фарміраваць расійскую інфармацыйную прастору на фоне ўзрослай крытыкі ў яго адрас пасля ўварвання ва Украіну, піша ў сваёй чарговай аналітычнай запісцы ISW.

Прычынамі пераносу паслання ISW называе правалы ў вайне, вымушаны сыход з занятых абласцей на поўначы Украіны, няўдачу з анексіяй украінскіх тэрыторый, якія расійскія войскі не ў стане кантраляваць, і грамадскую незадаволенасць мабілізацыяй.

Пуцін, магчыма, усё яшчэ спадзяецца сказаць грандыёзную пераможную прамову ў 2023 годзе ці проста адцягвае момант, калі яму давядзецца прызнаць, што Расія не можа дасягнуць абвешчаных ім мэт ва Украіне, мяркуе ISW.

А цяпер расійскі прэзідэнт, магчыма, не ўпэўнены ў тым, што зможа апраўдаць цану гэтай вайны, звяртаючыся да расійскай грамадскасці і эліт, гаворыцца ў аглядзе.

Паводле ВВС, «Можем объяснить», www.themoscowtimes.com