Што рабіць з ваеннымі злачынцамі, украінцаў будзе вучыць суддзя, які судзіў Радавана Караджыча

Вялікабрытанія навучае ўкраінскіх суддзяў, як весці справы аб ваенных злачынствах Расіі. Кіруе падрыхтоўкай суддзя, што судзіў злачынцаў Югаславіі і Руанды.

ap22147563676755_768x432.webp

90 украінскіх суддзяў пройдуць навучанне, арганізаванае Вялікабрытаніяй, для правядзення працэсаў аб ваенных злачынствах расійскіх вайскоўцаў. Пра гэта паведамляе meduza.io

Паводле інфармацыі Sky News, першая група ўкраінскіх суддзяў ужо прайшла інтэнсіўны трэнінг у «сакрэтным месцы» на мінулым тыдні. У бліжэйшыя месяцы навучанне пройдуць іншыя суддзі. Усяго, адзначае Sky News, улады Вялікабрытаніі выдзелілі на падрыхтоўку ўкраінскіх суддзяў 2,5 мільёна фунтаў стэрлінгаў.

Кіруе падрыхтоўкай спецыялістаў з Украіны Брытанскі суддзя Ховард Морысан, які працаваў у Міжнародным крымінальным судзе і ўдзельнічаў у Міжнародным крымінальным трыбунале па Югаславіі і Руандзе. У прыватнасці, ён быў суддзёй па справе былога лідара баснійскіх сербаў Радавана Караджыча. У сакавіку паведамлялася, што ён стаў дарадцам былога генпракурора Украіны Ірыны Венедыктавай.


У сваім першым інтэрв'ю ў якасці генеральнага пракурора Вікторыя Прэнціс заявіла Sky News, што гэта гарантуе, што вінаватыя ў зверствах могуць — у беспрэцэдэнтным маштабе — быць прыцягнуты да адказнасці, пакуль працягваецца канфлікт.

«Гэта вельмі важна, безумоўна, таму, што важная справядлівасць, але яшчэ і таму, што, я спадзяюся, расійскія салдаты і афіцэры, якія цяпер назіраюць за судамі ва Украіне, зразумеюць, што павінны дзейнічаць у адпаведнасці з міжнародным правам», — адзначыла генеральны пракурор Украіны Вікторыя Прэнціс, каментуючы праграму.


Да гэтага часу асуджаныя 14 расійскіх вайскоўцаў, першы суд адбыўся ў траўні.

Але ўжо распачата велізарная колькасць спраў і больш чым 43 000 зарэгістраваных злачынстваў.

Чакаецца, што пераважная большасць судоў па ваенных злачынствах будзе праводзіцца на тэрыторыі Украіны ўкраінскімі суддзямі.


Нагадаем, улады Украіны патрабуюць стварыць спецыяльны трыбунал па ваенных злачынствах Расіі. У канцы лістапада кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла, што Еўрасаюз плануе стварыць адмысловы суд пры падтрымцы ААН для расследавання такіх спраў. Лідары краін «Вялікай сямёркі» па выніках саміту 12 снежня паабяцалі прыцягнуць прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і іншых вінаватых да адказнасці ў адпаведнасці з міжнародным правам.

Паводле news.sky.com, «Медуза»