Следчыя знайшлі расіяніна, які расстраляў у спіну мірных жыхароў пад Кіевам

Украінскія праваахоўнікі знайшлі расіяніна, які ў сакавіку ў спіну расстраляў двух бяззбройных цывільных людзей пад Кіевам. Рускія салдаты зрабілі гэта, каб абрабаваць прадпрыемства.

9732f22_13.jpg

Яшчэ ў траўні СNN атрымалі запісы з камер відэаназірання пад Кіевам, дзе расійскія вайскоўцы застрэлілі двух бяззбройных мірных жыхароў, калі адступалі з Кіеўшчыны ў сакавіку, нагадвае «Украінская праўда».

Як высветліла следства, у сакавіку пяцёра вайскоўцаў Расіі на аўтамабілі з літарай «V» і надпісам «Танкавы спецназ RUS» прыехалі на прадпрыемства непадалёк ад пасёлка Мечта ў Бучанскім раёне Кіеўшчыны. Яны разбілі акно ў велакраме на тэрыторыі прадпрыемства і ўвайшлі ў памяшканне.

Да салдат выйшлі ўладальнік прадпрыемства і ахоўнік, якія ўбачылі рускіх праз камеры відэаназірання. Рускія вайскоўцы пераканаліся, што цывільныя людзі не ўяўлялі для іх пагрозы, былі без зброі, і дазволілі ім сысці. Аднак калі ўладальнік і ахоўнік адышлі на некалькі метраў, рускія адкрылі па іх агонь — і забілі ў спіну мірных жыхароў.

Уладальнік прадпрыемства і ахоўнік памерлі на месцы — яны атрымалі не менш за 12 агнястрэльных раненняў.

d1159c3_11.jpg

Затым расійскі лейтэнант і яго саўдзельнік абрабавалі прадпрыемства, загрузілі нарабаванае ў аўтамабіль і з'ехалі

Паводле інфармацыі следства, злачынства здзейсніў Сакавікоў Мікалай Сяргеевіч, 1995 года нараджэння. Ён з Омска, прапісаны ў пасёлку Ялоўка ў Буратыі. Сакавікоў знаходзіўся на службе ў 5-й асобнай гвардзейскай танкавай Тацінскай Чырванасцяжнай, ордэна Суворава 2-й ступені брыгадзе — гэта вайсковая частка № 46108 з Улан-Удэ.

Пры працэсуальным удзеле Бучанскай акруговай пракуратуры Сакавікову завочна паведамлена пра падазрэнні ў парушэнні законаў і звычаяў вайны, звязаных з наўмысным забойствам (ч. 2 арт. 28, ч. 2 арт. 428 Крымінальнага кодэкса Украіны). Забойцам пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам ад дзесяці да пятнаццаці гадоў або пажыццёвае зняволенне. Праваахоўнікі высвятляюць асобы іншых вайскоўцаў РФ, якія маюць дачыненне да гэтага злачынства.