Тэмп наступу Расіі ва Украіне скараціўся да мінімуму з 2023 года

У сакавіку расійскія сілы змаглі захапіць толькі 23 квадратныя кіламетры тэрыторыі Украіны, што з'яўляецца вельмі рэзкім падзеннем. У той жа час гэта ніяк не адбілася на стратах арміі РФ на фронце — яны па-ранейшаму вялікія. А ўдары Украіны па Расіі аказаліся настолькі выніковыя, што саюзнікі Украіны папрасілі зменшыць іх на фоне дэфіцыту нафты. Ідуць 1502-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

552397164_1147543420892068_1816617457297644456_n.jpg

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 149 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 5 красавіка.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 29 атак паблізу Канстанцінаўкі, Плешчыеўкі, Іллінаўкі, Сцяпанаўкі, Навапаўлаўкі, Доўгай Балкі і Сафіеўкі.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 26 штурмаў расіян ў раёнах Біліцкага , Радзінскага, Пакроўску, Удачнага, Грышына, Мірнаграду, Навамікалаеўкі і ў бок Новага Данбаса.

На Гуляйпільскім кірунку адбылося 11 атак у раёнах Варвароўкі, Залізнічнага, Гуляйпільскага, Прылук, Аленаканстанцінаўкі і Мірнага.

На Аляксандраўскім і Купянскім кірунках зафіксавана па дзевяць боесутыкненняў на кожным.

* * *

Тэмпы наступлення расійскай арміі ў сакавіку 2026 года значна запаволіліся, дасягнуўшы самых нізкіх паказчыкаў за больш чым два гады з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Паводле экспертаў, у сакавіку расійскія сілы змаглі захапіць толькі 23 квадратныя кіламетры тэрыторыі Украіны, што з'яўляецца рэзкім падзеннем у параўнанні з папярэднімі месяцамі: у студзені РФ прасунулася на 319 кв. км, а ў лютым — на 123 кв. км. Падобнага нізкага выніку не фіксавалася як мінімум з верасня 2023 года.

Спецыялісты тлумачаць гэту сітуацыю лакальнымі контрнаступальнымі дзеяннямі УСУ на паўднёвым усходзе, якія выклікалі страту расійскіх пазіцый на асобных участках фронту.

Да фактараў, якія паўплывалі на запаволенне націску, адносяць і ўнутраныя абмежаванні ў самой Расіі: перабоі ў выкарыстанні спадарожнікавай сувязі Starlink і абмежаванні доступу да месенджара Telegram, які актыўна прымяняўся вайскоўцамі.

Паводле дадзеных аналітыкаў, найбольшыя страты ў пазіцыях расіяне панеслі на паўднёвым участку фронту, у раёне паміж Данецкай і Днепрапятроўскай абласцямі.

* * *

Галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі ў размове з вярхоўным галоўнакамандуючым Аб'яднаных узброеных сіл НАТА ў Еўропе Алексусам Грынкевічам заявіў, што страты войскаў РФ ва Украіне ўжо некалькі месяцаў запар перавышаюць папаўненне, якое паступае ў іх баявыя падраздзяленні, паведамляе Генштаб УСУ.

Сырскі праінфармаваў Грынкевіча аб бягучай абстаноўцы ў раёнах вядзення баявых дзеянняў, актыўнасці расіян на ключавых кірунках фронту і поспехах у знішчэнні праціўніка і вызваленні тэрыторый. «Страты расіян ужо некалькі месяцаў запар перавышаюць папаўненне, якое паступае ў баявыя падраздзяленні», — адзначыў Сырскі.

Галоўнакамандуючы УСУ падкрэсліў, што Украіна мае патрэбу ў працягу міжнароднай ваеннай дапамогі, стабільных пастаўках узбраення, перш за ўсё — сродкаў СПА і боепрыпасаў для іх. Бакі абмеркавалі пералік прыярытэтных патрэб Украіны па праграме PURL.

* * *

У ноч на 5 красавіка расійскія войскі нанеслі ўдар па Адэсе, узніклі пажары, шмат значных пашкоджанняў і разбураны фасад дома, з якога эвакуявалі 20 жыхароў, таксама ёсць параненыя.

У суботу ўвечары расійскія беспілотнікі атакавалі прыгранічны горад Сноўск Чарнігаўскай вобласці, у выніку чаго загінуў мужчына.

Уначы 5 красавіка на тэрыторыі Ніжагародскай вобласці Расіі адбыліся выбухі з-за атакі беспілотнікаў. У выніку інцыдэнту ў прамысловай зоне НПЗ «Лукойл» у Кставе ўзнік сур'ёзны пажар.

* * *

662298257_1301808035465605_6315140214511868784_n.jpg

* * *

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган падчас сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім пацвердзіў гатоўнасць прыняць наступны раунд перамоў па завяршэнні расійска-ўкраінскай вайны. Зяленскі падтрымаў гэту ідэю, паведамляе Офіс прэзідэнта Украіны па выніках сустрэчы лідараў краін.

Эрдаган запэўніў Зяленскага, што Турцыя гатова адыграць важкую ролю ў дасягненні надзейнага міру для Украіны і падтрымлівае яе суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць.

Зяленскі ў сацсетках таксама дадаў, што ён і Эрдаган падчас сустрэчы ў Стамбуле дамовіліся аб новых кроках у сферы бяспекі, у прыватнасці адносна ўкраінскай экспертызы, тэхналогій і вопыту.

* * *

Кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Кірыл Буданаў у каментары Bloomberg чакае, што амерыканская дэлегацыя на чале з пасланнікам прэзідэнта ЗША Стывам Уіткафам і зяцем Дональда Трампа Джарэдам Кушнерам можа наведаць Кіеў пасля 12 красавіка. У склад дэлегацыі таксама можа ўвайсці сенатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм.

Буданаў адзначыў, што Украіна можа атрымаць больш важкія гарантыі бяспекі пасля візіту амерыканскай дэлегацыі. «Мы даўно вызначылі, чаго хочам. Думаю, гэта будзе рэалізавана ў бліжэйшы час. Што будзе далей — гэта іншае пытанне. Але па гарантыях бяспекі мы, безумоўна, дасягнулі прагрэсу — мы ўжо рухаемся наперад», — акцэнтаваў кіраўнік АП.

Асобна ён пацвердзіў, што Украіна атрымала просьбу ад замежных саюзнікаў спыніць рэгулярныя авіяўдары па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах на фоне імклівага росту сусветных цэн на нафту, выкліканага вайной у Іране.

* * *

Расійскія нафтавыя порты Усць-Луга і Койвіста на Балтыйскім моры да гэтага часу не могуць паўнавартасна апрацоўваць нафтавыя грузы пасля ўдараў украінскіх беспілотнікаў, піша Reuters.

Паводле дадзеных агенцтва, расійскія НПЗ вымушаны шукаць альтэрнатыўныя маршруты экспарту, у тым чым больш дарагія чыгуначныя перавозкі да іншых тэрміналаў.

Асабліва ўскладнілася сітуацыя з дызельным палівам: з 22 сакавіка яго не могуць адгружаць праз Койвіста, які быў адным з галоўных экспартных кірункаў для расійскіх нафтаперапрацоўчых заводаў у еўрапейскай частцы Расіі і Сібіры. З-за пашкоджання інфраструктуры частку мазуту і іншых нафтапрадуктаў спрабуюць перакінуць у іншыя порты, у прыватнасці Высоцк і Тамань. Аднак гэтыя варыянты маюць абмежаванні: меншыя магутнасці або больш складаную лагістыку.

Паводле слоў трэйдараў, гэта ўжо стварае дадатковы ціск на расійскую нафтавую сістэму і можа прывесці да скарачэння здабычы.

Фінскія марскія ўлады паведамілі Reuters, што пастаўкі з Койвіста і Усць-Лугі скараціліся да ўзроўню «аднаго судна», хаця звычайна гаворка ідзе пра 40–50 адправак у тыдзень.