У Мінабароны РФ прыдумалі, як не плаціць кампенсацыі параненым на вайне ва Украіне

Раненні на перадавой у дакументах называюць «бытавымі траўмамі», а адпраўленых са шпіталяў дадому — тымі, хто «самавольна пакінуў часці».

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__6__logo.jpg

Мінабароны РФ падтрымлівае вайскоўцаў, якія ўдзельнічаюць у вайне ва Украіне, толькі на словах, а на справе пад любым выглядам адмаўляе ім у выплатах. Пра гэта паведамляе расійскі Telegram-канал «Можем объяснить» (МО) са спасылкай на гісторыі «мобаў». У прыватнасці, Мінабароны РФ адмаўляецца плаціць пацярпелым салдатам. Такія раненні называюць «бытавымі траўмамі», а адпраўленых дадому — тымі, хто «самавольна пакінуў часці».

Вось адна з гісторый: добраахвотнік не змог дамагчыся ад Мінабароны выплат за ўдзел у вайне. «Мы, штурмавікі, нікому не патрэбныя. Падлягаем абнуленню. Калі не там, то тут», — кажа расійскі сяржант, гісторыю якога пераказвае тэлеграм-канал «МО», які адзначае, што спраўдзіў гісторыю былога салдата.

52-гадовы Аляксандр Цеплавухаў, адзін з раней неаднаразова судзімых вайскоўцаў, каб трапіць на вайну і зарабіць грошай, здаў у ламбард футра сваёй жонкі (каб былі грошы на дарогу да Растоўскай вобласці) і падмануў медкамісію ў ваенным камісарыяце. 

Ён сем месяцаў ваяваў на перадавой і быў паранены ў нагу, аднак ні выплат, ні статусу ветэрана баявых дзеянняў не атрымаў.

У прыватнасці, ён распавёў, што з яго роты выжылі толькі шэсць чалавек. Усе, хто выжыў, атрымалі раненні, былі адпраўлены дадому са шпіталяў, дзе не атрымліваюць ніякага лячэння. 

Ён таксама кажа, што не змог дамагчыся ад Мінабароны выплат за ўдзел у вайне.

Так, у медпункце батальёна яму паставілі дыягназ «удар калена — бытавая траўма». Адмову ў выплатах камісарыят матываваў тым, што ён, хоць і знаходзіўся ў «зоне баявых канфліктаў», але ў баявых дзеяннях не ўдзельнічаў. Акрамя таго, ён «самавольна пакінуў месца дыслакацыі часці і сышоў у невядомым кірунку».

Яму таксама адмовілі ў выдачы пасведчання ветэрана баявых дзеянняў, паколькі камандзір вайсковай часці не пацвердзіў ягоны ўдзел у баявых дзеяннях.

Такім чынам, акрамя ранення, добраахвотнік не атрымаў ад вайны нічога.

Адметна, што пра ўдзел у вайне Цеплавухаў не шкадуе, хоць новае футра жонцы так і не купіў. «А на што купляць? Ні выплат, ні даведкі, ні аперацыі на калене, я працягваю кульгаць. Я існую за кошт жонкі», — паскардзіўся ён.


Як Мінабароны РФ падманвае расійскіх «мобаў»

Раней СМІ паведамлялі, што Расія пакідае целы вайскоўцаў на полі бою, каб не плаціць кампенсацыі іх сем'ям. Таксама неаднаразова з'яўлялася інфармацыя, што параненыя расійскія вайскоўцы скардзяцца на нявыплату абяцаных грошай. 

На гэтым фоне ёсць прыкметы таго, што грамадзяне Расіі ўсё часцей адмаўляюцца падпісваць кантракты з Мінабароны РФ.

Адначасова, на думку экспертаў, у Расіі заканчваюцца добраахвотніцкія рэсурсы, і ўсеагульная мабілізацыя можа быць абвешчана ўжо ў верасні-кастрычніку.

Паводле «Можем объяснить»www.unian.ua