Уладзімір Зяленскі пацвердзіў прысутнасць украінскіх войскаў у Белгарадскай вобласці Расіі
Дональд Трамп выказаў чарговую «незадаволенасць» Расіяй, але яна не падмацаваная ніякімі дзеяннямі. У той жа час войскі РФ працягваюць прасоўвацца ва Украіне, украінскія войскі — у Расіі, а Еўропа нарошчвае выпуск снарадаў — для Украіны і для сябе. Ідуць 1140-я суткі вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Лукашэнкі.

Ілюстрацыйнае фота з life.ru
За мінулыя суткі зафіксавана 159 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 8 красавіка.
Па-ранейшаму самым напружаным застаецца Пакроўскі кірунак. Там адбылася траціна ўсіх штурмаў, — абаронцы Украіны спынілі 52 наступальных дзеянні расіян ў раёнах населеных пунктаў Калінава, Лысоўка, Александропаль, Тарасаўка, Елізаветаўка, Удалае, Успенаўка, Котліна і іншых.
На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 21 раз, спрабуючы прасунуцца паблізу Надзеі, Ямпалаўкі, Торскага і іншых.
На Тарэцкім кірунку армія РФ здзейсніла 23 атакі непадалёк Дачнага, Шчарбінаўкі, Азаранаўкі і Тарэцка.
На Новапаўлаўскім кірунку сілы абароны Украіны адбілі 12 атак расіян паблізу Канстанцінопаля, Разліву і Беднага.
У Курскай вобласці Расіі падраздзяленні сіл абароны Украіны за мінулыя суткі адбілі 21 атаку расіян.
* * *
Паводле апошніх звестак, расійцы прасунуліся на некалькіх участках фронту ва Украіне, піша ў справаздачы амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 7 красавіка, паказваюць, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся на захад і поўдзень ад Гуева Курскай вобласці (на поўдзень ад Суджы). Расійская крыніца заявіла, што ўкраінскія сілы захоўваюць пазіцыі ў раёне населеных пунктаў Алешня і Горналь.
Таксама геалакацыйныя кадры ад 7 красавіка паказваюць, што войскі РФ прасунуліся ў цэнтральнай частцы Дзямідаўкі (на паўночны захад ад Белгарада). Баі працягнуліся ў раёне гэтага населенага пункта і Папоўкі.
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 7 красавіка, паказваюць, што расійскія войскі прасунуліся на поўнач ад Верхнекаменскага (на ўсход ад Сіверска) Данецкай вобласці. Таксама расійцы прасунуліся да паўднёва-заходняга адвалу шахты «Цэнтральная» на паўднёвым захадзе Тарэцка.
Геалакацыйныя кадры ад 7 красавіка сведчаць, што войска РФ нязначна прасунулася ў паўднёва-заходняй частцы Успенаўкі (на паўднёвы захад ад Пакроўска). Акрамя таго, кадры ад 5 і 7 красавіка, паказваюць, расійцы прасунуліся нядаўна ў цэнтральнай і заходняй частцы Лысаўкі (на поўдзень ад Пакроўска).
Таксама расійскія войскі нядаўна прасунуліся на паўночны ўсход ад Прывольнага (на паўночны захад ад Вялікай Навасёлкі), і да заходняй часткі Стэпавага (на паўночны захад ад Рабоціна).
* * *
Украінскім абаронцам удалося адкінуць расійскія войскі ў Шаўчэнка Данецкай вобласці, паведаміў аналітычны праект DeepState. У той жа час адзначаецца, што расійцы маюць прасоўванне каля Гуева (Курская вобласць), Новалюбаўкі (Луганская вобласць) і ў Часавым Яры (Данецкая вобласць).
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пацвердзіў прысутнасць УСУ ў Белгарадскай вобласці Расіі. Пра гэта ён сказаў у вячэрнім звароце, распавядаючы пра даклад камандуючага УСУ Аляксандра Сырскага. «Наша прысутнасць у Курскай вобласці і наша прысутнасць у Белгарадскай вобласці: працягваем весці актыўныя дзеянні ў прыгранічных раёнах на тэрыторыі ворага, і гэта абсалютна справядліва — вайна павінна вяртацца туды, адкуль яна прыйшла», — сказаў Зяленскі.
«Важна, што дзякуючы адвазе і стойкасці нашых воінаў у Курскай вобласці, дзякуючы ўсёй Курскай аперацыі ўдалося паменшыць ціск на іншых напрамках фронту, у прыватнасці ў Данецкай вобласці. Абсалютна важна па фронце і ў далейшым знішчаць расійскую тэхніку, усю лагістыку, якой карыстаецца акупант», — заявіў Зяленскі.
Нагадаем, у сакавіку расійскія ваенкоры пачалі пісаць пра тое, што УСУ прарвалі мяжу і зайшлі на тэрыторыю Белгарадскай вобласці — паведамлялася нават пра эвакуацыю ў Краснаярузскім раёне. Аднак афіцыйнай інфармацыі аб прысутнасці УСУ ў Белгарадскай вобласці не было.
* * *

* * *
У ноч на 8 красавіка (з 19.00 7 красавіка) расіяне атакавалі Украіну балістычнай ракетай «Іскандэр-М» і 46-цю ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі розных тыпаў.
Пацверджана збіццё 9 ударных БПЛА, 31 беспілотнік лакацыйна страчаны (без негатыўных наступстваў).
Расійскі «Іскандэр» трапіў у непрацуючую базу адпачынку на Харкаўшчыне.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ён «не ў захапленні» ўдарамі Расіі па Украіне, якія працягваюцца. «Я не ў захапленні ад таго, што адбываецца з бамбаваннямі, таму што яны бамбяць, як вар'яты, прама цяпер. Яны бамбяць — я не ведаю, што там адбываецца. Гэта нядобрая сітуацыя», — сказаў Трамп.
Заўвагі Трампа прагучалі пасля пытання, чаму яго новы тарыфны план не ўключае ніякіх пошлін супраць Расіі. Пры гэтым Трамп усё ж сказаў, што ЗША фактычна не вядуць бізнэс з Расіяй, і сама РФ знаходзіцца ў стане вайны.
Працягваючы адказ, Трамп сказаў, што афіцыйныя асобы ЗША сустракаюцца з прадстаўнікамі Расіі і Украіны, і «мы становімся бліжэй». Ён не ўдакладніў, ці азначае гэтая блізкасць да спынення агню.
* * *
Урад Нарвегіі выдзяляе Украіне больш за 4 млрд нарвежскіх крон на закупку артылерыйскіх боепрыпасаў для Украіны праз чэшскую ініцыятыву, а яшчэ мільярд — праз Еўрапейскі фонд міру. Пра гэта заявіла прэс-служба ўрада Нарвегіі.
Па словах прэм'ер-міністра Нарвегіі Ёнаса Гар Ст’орэ, снарады для Украіны — адна з ключавых патрэбаў для ўкраінскай арміі, таму Нарвегія робіць свой унёсак.
«Еўропа павінна браць на сябе большую адказнасць за падтрымку Украіны ў яе барацьбе за свабоду. Нашы ўнёскі ў Еўрапейскі фонд міру і наша сумесная падтрымка чэшскай ініцыятывы падкрэсліваюць, што Еўропа падтрымлівае Украіну», – адзначыў ён.
* * *
Еўрапейскія хаўруснікі Украіны актыўна павялічваюць вытворчасць артылерыйскіх боепрыпасаў і ліквідуюць праблемы дэфіцыту кампанентаў, якія тармозяць тэмпы паставак узбраення, адзначае ў сваёй справаздачы Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Па даных аналітыкаў, нямецкі абаронны канцэрн Rheinmetall 7 красавіка абвясціў аб набыцці і перапрафіляванні кампаніі Hagerdorn-NC, якая спецыялізуецца на вытворчасці нітрацэлюлозы, для ўмацавання ланцугоў паставак ракетнага паліва для боепрыпасаў, у прыватнасці, для 155-мм артылерыйскіх снарадаў.
«Rheinmetall ўжо мае вытворчыя магутнасці ў Швейцарыі, Іспаніі і Паўднёвай Афрыцы. Да 2028 года кампанія плануе павялічыць аб'ёмы вытворчасці пораху больш чым на 50%. Яе даччынае прадпрыемства Nitrochemie Aschau з 2022 года ўжо нарасціла вытворчасць на 60% і мае намер павялічыць магутнасці яшчэ на 40% да сярэдзіны 2025 года», — адзначаюць эксперты.
ISW таксама звяртае ўвагу на праблему залежнасці ад Кітая. У красавіку 2024 года генеральныя дырэктары Rheinmetall Армін Паппергер і Saab Мікаэль Ёхансан заявілі, што КНР пастаўляе большасць кампанентаў боепрыпасаў у Еўропу, што стварае вузкія месцы ў вытворчым працэсе. У адказ на гэта, Rheinmetall ў 2025 годзе пашырыла крыніцы паставак баваўняных валокнаў (асноўнага сыравіны для нітрацэлюлозы) з Еўропы і краін-партнёраў ЕС і стварыла стратэгічны запас на некалькі гадоў наперад.