Ваенная паліцыя ва Украіне: неабходны закон ці рэпрэсіўны ворган?

Вярхоўная Рада прыняла ў першым чытанні законапраект аб ваеннай паліцыі. Некаторыя юрысты і палітыкі лічаць, што гэты ворган «стане яшчэ адной сілавой карнай структурай». А журналісты звяртаюць увагу на тое, што ўводзіцца магчымасць даносіць на ўхілістаў  за грошы. 

Ваеннаслужачыя ВСП УСУ. Фота: ArmyInform

Ваеннаслужачыя ВСП УСУ. Фота: ArmyInform

Неабходны закон?

19 чэрвеня Вярхоўная Рада прыняла ў першым чытанні законапраект аб вайсковай паліцыі. Неабходнасць такога органа абмяркоўвалі яшчэ ў 2023 годзе, піша Hromadske

За адпаведны законапраект № 6569-д прагаласавалі 247 народных абраннікаў.

Ваенную паліцыю прапануецца стварыць як вайсковае фармаванне з праваахоўнымі функцыямі, задачай якога будзе забеспячэнне правапарадку і воінскай дысцыпліны.

Як растлумачылі аўтары законапраекта, дзейная ваенная служба правапарадку ва Узброеных сілах Украіны не мае ніякіх паўнамоцтваў для вышуку і прыцягнення вінаватых да юрыдычнай адказнасці, а таксама інстытуцыйна пазбаўленая працэсуальнай магчымасці садзейнічання органам дасудовага расследавання і пракурорам.

У той жа час адсутнасць належнага вышуку дэзерціраў і іншых людзей, якія самавольна пакінулі месцы службы, незабеспячэнне непазбежнасці іх пакарання можа негатыўна адбіцца на стане боегатоўнасці і правапарадку ў арміі, гаворыцца ў тлумачальнай запісцы.

Прадугледжваецца, што ў час дзеяння ваеннага або надзвычайнага становішча агульнае кіраўніцтва і каардынацыю дзейнасці ваеннай паліцыі будзе ажыццяўляць галоўнакамандуючы УСУ.

Непасрэднае кіраўніцтва будзе ажыццяўляць начальнік, які будзе прызначацца і звальняцца з пасады прэзідэнтам Украіны па прадстаўленні міністра абароны, а падчас ваеннага становішча — па прадстаўленні галоўнакамандуючага УСУ.

У той жа час, як адзначае ўкраінская служба «Радіо Свобода», зараз у арміі ёсць падраздзяленне, якое выконвае функцыі ваеннай паліцыі, — Ваенная служба правапарадку (ВСП). Дзейнасць гэтага органа рэгламентуецца ўнутранымі дакументамі Узброеных сіл Украіны і Міністэрства абароны. Функцыі ВСП абмежаваныя, новы законапраект павялічвае паўнамоцтвы ваеннай паліцыі.

Гэтыя паўнамоцтвы датычацца аператыўна-вышуковай дзейнасці і дасудовага расследавання ваенных злачынстваў у зонах баявых дзеянняў.

Глядзіце таксама

Асноўныя задачы ваеннай паліцыі прыводзіць Hromadske:

  • праваахоўная дзейнасць па папярэджанні, выяўленні, спыненні ваенных злачынстваў, згодна з нормамі Крымінальнага-працэсуальнага кодэкса Украіны і ваенных статутаў;

  • аператыўна-вышуковая дзейнасць;

  • спецыяльная прэвенцыя ва УСУ, ГССТ;

  • забеспячэнне правапарадку, ваеннай дысцыпліны ва УСУ, ГССТ;

  • абарона правоў ваеннаслужачых;

  • абарона дзяржаўнай маёмасці;

  • выкананне пакаранняў.

Адзін з ініцыятараў законапраекта, юрыст, народны дэпутат Украіны Аляксандр Бакумаўсцвярджае: «Пераважная большасць краін NATO маюць ваенную паліцыю. Гэта орган, які забяспечвае правапарадак унутры войскаў, і Украіне трэба рабіць хаця б некаторыя крокі ў гэтым кірунку».

«Лічу, што проста змяніць функцыянал [ВСП] — гэта добра, але ўсё ж мы павінны імкнецца да сістэмнай пабудовы мілітарызаваных структур і таксама тых структур, якія забяспечваюць у іх правапарадак па прыкладзе еўрапейскіх войскаў», — сказаў дэпутат.

Глядзіце таксама

Cтаршыня камітэта па праваахоўнай дзейнасці, народны дэпутат Сяргей Іонушасзаявіў: «Стварэнне ваеннай паліцыі ўмацуе нашу дзяржаву, дасць магчымасць эфектыўна працаваць у накірунку забеспячэння правапарадку ва Узброеных сілах Украіны».

Ён таксама падкрэсліў, што законапраект прадугледжвае распаўсюджванне паўнамоцтваў ваеннай паліцыі толькі на ваеннаслужачых і рэзервістаў падчас збораў.

«Гэты законапраект падтрыманы Міністэрствам абароны Украіны, Генштабам. Рабочая група на базе нашага Камітэта працавала даволі доўга, і ў зале прагаласавалі менавіта за дапрацаваны варыянт камітэта», — рэзюмаваў народны дэпутат.

Як адзначае Рromadske, законапраект таксама надзяляе новы орган паўнамоцтвамі па патруляванні вуліц. Так, будуць утварацца спецыяльныя патрулі, мэта якіх — праверыць падставы знаходжання ваенных у пэўных месцах. Ваенныя паліцыянты будуць мець права правяраць дакументы байцоў і затрымліваць іх пры парушэнні грамадскага парадку.

Ці ўсё ж рэпрэсіўны ворган?

Народныя дэпутаты ад фракцыі «Еўрапейская салідарнасць» Ірына Герашчанка і Аляксей Ганчарэнка выступаюць рэзка супраць законапраекта.

Ірына Герашчанка заявіла, што фракцыя «Еўрапейская салідарнасць» галасавала супраць гэтага дакумента, адзначыўшы «стварэнне яшчэ аднаго рэпрэсіўнага воргана».

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак

«Пры тым, што ваенных судоў і ваеннай пракуратуры ва Украіне няма, вайсковая паліцыя будзе яшчэ адной сілавой карнай структурай супраць саміх вайскоўцаў і паліцыянтаў. Без права на абарону ў ваенным судзе, дзе ў такім выпадку павінны былі б разглядаць падобныя справы аб ваенных злачынствах і правапарушэннях. 

Ваенная паліцыя будзе камплектавацца за кошт колькасці Узброеных Сіл і не можа перавышаць 1,5 працэнта іх колькасці. Асабісты склад будзе складацца з вайскоўцаў, дзяржслужачых і рабочых. Мы супраць. Мы лічым, што УСУ сёння ёсць чым займацца на фронце!», — напісала Герашчанка.

Глядзіце таксама

Падобнага меркавання прытрымліваюцца аналітыкі выдання Страна.ua. Выданне сцвярджае, што ў законапраекце аб ваеннай паліцыі ўводзіцца магчымасць даносіць на ўхілістаў і дэзерціраў за грошы. А таксама ўрывацца ў кватэры парушальнікаў ваеннага заканадаўства.

«Артыкул №9 законапраекта змяшчае норму, па якой ваенная паліцыя можа «ажыццяўляць супрацоўніцтва з фізічнымі асобамі, у тым ліку на дагаворных умовах, выконваючы ўмовы добраахвотнасці і канфідэнцыйнасці гэтых адносін, матэрыяльна і маральна заахвочваць асоб, якія аказваюць дапамогу ў папярэджанні, выяўленні, спыненні крымінальных правапарушэнняў».

Выданне мяркуе, што гаворка у гэтым артыкуле вядзецца пра ўхілістаў.

Таксама, як зазначылі аналітыкі, у законапраекце ваенным паліцыянтам хочуць даць права ў асобных выпадках пранікаць у жыллё парушальнікаў заканадаўства аб ваеннай службе. 

«У неадкладных выпадках, звязаных з выратаваннем жыццяў людзей і маёмасці або з непасрэдным пераследам асоб, якія падазраюцца ва ўчыненні злачынства, у выпадках і на падставах, прадугледжаных законам, пранікаць у жыллё або іншае валоданне асобы з неадкладным апавяшчэннем органа дасудовага расследавання і пракуратуры», — гаворыцца ў законапраекце.

«Я магу выказаць здагадку, што менавіта ваенная паліцыя будзе праводзіць аператыўна-вышуковыя дзеянні ў адносінах да ўхілістаў, якія не абнавілі свае ваенна-ўліковыя даныя, не сталі на ваенны ўлік, якія былі абвешчаныя ў вышук і не з'явіліся ў ТЦК», — заявіла адвакат Кацярына Анішчанка.

Глядзіце таксама

Народны дэпутат Аляксандр Бакумаў, супакойвае тых, хто робіць пабодныя высновы:

«Участак адказнасці [Ваеннай паліцыі будзе] вельмі невялікі — гэта толькі вайскоўцы. Тое, што ў інтэрнэце пішуць, быццам яны ў кватэры грамадзянскіх будуць заходзіць, — гэта поўнае трызненне… Ніякага дачынення да ваеннаабавязаных, гэта значыць да мужчын, якія проста ідуць па вуліцы, яны не змогуць мець».

Намеснік старшыні праваахоўнага камітэта Рады Максім Паўлюкпракаментаваў магчымасць прыняцця нормы аб тым, што ваенная паліцыя можа ўрывацца ў жыллё грамадзян.

«Канстытуцыя прадугледжвае недатыкальнасць жылля, але ў выключных выпадках праваахоўныя органы маюць права парушыць гэта», — сказаў ён, але дадаў, што гэта норма застаецца дыскусійнай.

Тым часам Мінабароны Украіны заклікала Раду як мага хутчэй прыняць закон аб ваеннай паліцыі.

«Стварэнне ваеннай паліцыі крытычна важнае для забеспячэння правапарадку ва Узброеных сілах Украіны. У прыватнасці, у частцы захавання стандартаў NATO і развіцця сістэмы, якая забяспечвае справядлівасць і эфектыўную абарону правоў вайскоўцаў», — растлумачылі ў ведамстве.

Як адзначаюць у Мінабароны, адным з іх прыярытэтаў з'яўляецца стварэнне ўсёй вертыкалі ваеннай юстыцыі: ваеннай паліцыі, ваеннай пракуратуры і ваенных судоў. Пакуль, аднак, гаворка вядзецца толькі пра ваенную паліцыю.