Вайна блізка: У Гомелі збілі беспілотнік, што «заблукаў» у час атакі на Украіну
СМІ Украіны са спасылкай на гомельскія паблікі паведамляюць, што над Гомелем збілі беспілотнік — верагодна, «Шахед», які «заблукаў» у часе атакі на Украіну. Гэта ўжо не першы такі інцыдэнт. І сімптаматычна, што такія рэчы адбываюцца ўсё часцей. Ідзе 1086-ты дзень шырокамаштабнай вайны ва Украіне, развязанай Расіяй пры саўдзеле рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
![Ілюстрацыйны малюнак Ілюстрацыйны малюнак](/img/v1/images/iran_drones.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1725806923&w=528)
Ілюстрацыйны малюнак
За мінулыя суткі ўздоўж усёй лініі фронту было зафіксавана 116 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 13 лютага.
На Пакроўскім кірунку УСУ спынілі 34 штурмы расіян. Расійскія войскі актывізаваліся на Новапаўлаўскім кірунку — правялі 17 атак. На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 11 атак непадалёк населеных пунктаў Тарэцк і Шчарбінаўка.
На Краматорскім кірунку зафіксавана сем боесутыкненняў у раёнах Часавага Яра і Васюкоўкі. На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі дзевяць разоў і восем штурмаў зафіксавана на Купянскім кірунку.
У аперацыйнай зоне ў Курскай вобласці Расіі УСУ за мінулыя суткі адбілі 18 атак праціўніка. Расіяне здзейснілі 19 авіяцыйных удараў, ужыўшы 28 КАБ.
* * *
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) паведамляе, што сілы абароны Украіны нядаўна прасунуліся паблізу Тарэцка, і ў Курскай вобласці на паўднёвы ўсход ад Суджы. Між тым фіксуецца прасоўванне расійскіх войскаў каля Пакроўска, Баравой, Северска, Курахава, а таксама паблізу Тарэцка і ў Курскай вобласці на захад ад Суджы.
Геалакацыйныя кадры ад 11 лютага паказваюць, што УСУ прасунуліся на паўночны захад і паўночны ўсход ад Фанасееўкі (на паўднёвы ўсход ад Суджы) падчас механізаванага штурму ў гэтым раёне. Кадры ад 12 лютага паказваюць, што расійцы прасунуліся да заходняй часткі Свердлікава (на захад ад Суджы) на заходнім (правым) беразе ракі Локня.
Расійскія «ваенкоры» сцвярджалі, што баі ішлі каля Нікольскага, Расійскай Канапелькі і Чаркаскай Канапелькі.
Геалакацыйныя кадры ад 12 лютага паказваюць, што расійцы прасунуліся ў паўднёвай частцы Макееўкі (на паўднёвы ўсход ад Баравой) у Луганскай вобласці.
У Данецкай вобласці расійскія войскі нядаўна прасунуліся на паўночны ўсход ад Северска, а ўкраінскія — прасунуліся да Тарэцка ў раёне Тарэцкай шахты (паўночная частка горада).
На Пакроўскім кірунку расійцы прасунуліся на паўднёвы захад ад Вадзянога Другога і ва ўсходняй частцы Пяшчанага, а УСУ атакавалі ўсходнія ўскраіны Волкавага (на поўдзень ад Пакроўска і на захад ад Пяшчанага), і адціснулі пуцінскія войскі да ўскраін Котліна.
Таксама расійскія войскі прасунуліся на Курахоўскім кірунку — на паўднёвы захад ад Дачнага.
* * *
У ноч на 13 лютага Расія запусціла супраць Украіны 140 беспілотных лятальных апаратаў (БпЛА) тыпу Shahed і дронаў-імітатараў, паведамляюць Паветраныя сілы УСУ.
Пацверджана збіццё 85-ці дронаў тыпу Shahed і беспілотнікаў іншых тыпаў. Яшчэ 52 беспілотнікі былі лакацыйна страчаныя без негатыўных наступстваў.
У Беларусі ў раёне горада Гомель у ноч на 13 лютага былі чутныя выбухі, а таксама фіксавалася ў небе падзенне палаючага аб'екта. Гэта адбылося на фоне чарговага расійскага ўдару дронамі па Украіне, паведамляе РБК-Украіна.
Як пішуць у гомельскіх сацсетках, пра падзенне абломкаў паветранай мэты або цэляў на зямлю распавялі жыхары Цэнтральнай і паўночна-ўсходняй часткі горада.
«Каля 00:32 над Гомелем адбылося збіццё лятальнага аб'екта. Падзенне па часе супала з масіраванай паветранай атакай Расіі тэрыторыі Украіны. Пад ударам у тым ліку суседняя Чарнігаўская вобласць», — гаворыцца ў публікацыі ТГ-канала «Флагшток — Гомельшчына».
Акрамя таго, гэтай ноччу ў сетцы паказалі кадры, на якіх з розных лакацый відаць вялікі яркі аб'ект і некалькі меншых, якія падаюць з неба ўніз і, верагодна, падпаленых. Гэта адбываецца ў Гомелі.
Расійскія медыя распавядаюць пра нібыта «прылёты» ў вёсках Раманавічы, Новая Беліца і ў Гомельскім мікрараёне Валатава.
У сеціве выказваюць здагадку, што некаторыя расійскія «Шахеды», «заблукалі», як гэта неаднаразова было раней, і апынуліся над Гомелем.
Глядзіце таксама
![Жыхары Хойніцкага раёну просяць выканкам абараніць іх ад беспілотнікаў «Мірнае неба». Жыхары Хойніцкага раёну просяць выканкам абараніць іх ад беспілотнікаў](/img/v1/images/3772944.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1729427085&w=660)
* * *
Тэмпы вытворчасці Расіяй ударных беспілотнікаў «Шахед» могуць знізіцца, гаворыцца ў справаздачы Інстытута вывучэння вайны (ISW). Кіраўнік Украінскага цэнтра процідзеяння дэзінфармацыі Андрэй Каваленка 12 лютага паведаміў, што ў 2024 годзе завод у расійскі асаблівай эканамічнай зоне «Алабуга» ў Рэспубліцы Татарстан выпусціў больш за 6000 беспілотнікаў «Шахед» і тысячы дронаў-прынад. Па даных ISW, са студзеня па верасень 2024 года на гэтым заводзе было выраблена 5760 беспілотнікаў «Шахед». Такім чынам, мяркуюць у Інстытуце, Справаздача Каваленкі сведчыць пра тое, што з кастрычніка да снежня 2024 года завод не змог вырабіць большую колькасць дронаў.
«Верагодна, завод спрабуе знайсці дастаткова матэрыялаў для падтрымання высокіх тэмпаў вытворчасці дронаў, бо Расія спадзяецца на Іран у пастаўках кампанентаў для беспілотнікаў, альбо спрабуе атрымліваць высокатэхналагічныя кампаненты з-за мяжы ў абыход заходніх санкцый», — мяркуюць у Інстытуце вывучэння вайны.
У ISW не выключаюць, што расійская абаронна-прамысловая база можа спрабаваць вырабляць кампаненты для беспілотнікаў унутры краіны з выкарыстаннем іранскіх вытворчых ліцэнзій. «Як варыянт, Расея можа даць прыярытэт вытворчасці беспілотнікаў-прынад для абыходу і перагрузкі ўкраінскай СПА, замест таго, каб засяродзіцца на больш дарагіх ударных беспілотніках «Шахед», — мяркуюць у ISW.
* * *
Расійская Федэрацыя будзе гатовая да вайны з NATO цягам пяці гадоў, гаворыцца ў справаздачы службы выведкі Міністэрства абароны Даніі (DDIS).
Дацкая выведка 11 лютага апублікавала рассакрэчаную выведвальную ацэнку, у якой падрабязна апісваецца расійская пагроза для Даніі і чальцоў NATO. Паводле высноваў, Расея можа быць гатовая пачаць поўнамаштабную вайну супраць Паўночнаатлантычнага Альянсу (NATO) цягам наступных пяці гадоў.
Як адзначаецца ў ацэнцы, Расія перабудоўвае свае ўзброеныя сілы, каб ваяваць з Альянсам на роўных. Крэмль робіць гэта пры фінансавай і матэрыяльнай падтрымцы з боку Кітая, Паўночнай Карэі і Ірана. Гатоўнасць РФ рызыкаваць вайной з NATO можа ўзрасці, калі еўрапейскія краіны не будуць адначасова нарошчваць свой вайсковы патэнцыял у адказ на расійскія намаганні ў развіцці патэнцыялу.
Брытанскі Міжнародны інстытут стратэгічных даследаванняў (IISS) 12 лютага паведаміў, што ў 2024 годзе Ўсе краіны Еўропы выдаткавалі на абарону 457 мільярдаў долараў, тады як Расія самастойна выдаткавала 462 мільярды долараў.
«Цяпер Расія пазбягае дзеянняў, якія маглі б задзейнічаць артыкул 5 Альянсу — абавязацельствы па ўзаемнай самаабароне, — але можа пайсці на яшчэ большыя рызыкі, калі ўбачыць, што суадносіны сіл змяняецца на яе карысць», — гаворыцца ў справаздачы дацкай выведкі.
У ацэнцы DDIS адзначаецца, што калі Расія будзе лічыць NATO аслабленым у вайсковым або палітычным плане, яна можа з большай гатоўнасцю напасці на Еўрапейскага чальца NATO. Асабліва рызыка гэтага ўзрастае, калі Расія будзе сумнявацца ў вайсковай падтрымцы Еўропы з боку ЗША.
У Службе выведкі таксама мяркуюць, што спыненне або замарожванне вайны ва Украіне на выгадных для Расеі ўмовах, вызваліць істотныя вайсковыя рэсурсы, якія Крэмль прыцягне ў іншай будучыні вайсковым канфлікце.
* * *
![_rosi__13_ljutoho_2025.jpg _rosi__13_ljutoho_2025.jpg](/img/v1/images/_rosi__13_ljutoho_2025.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1739435568&w=528)
* * *
Пасля размоў Дональда Трампа з Уладзімірам Пуціным і Уладзімірам Зяленскім, а таксама заяў Крамля аналітыкі Інстытута вывучэння вайны прыйшлі да высновы, што Пуцін не зацікаўлены ў якіх-небудзь кампрамісах падчас будучых мірных перамоваў.
Як паведамляецца, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп 12 лютага правёў двухбаковыя тэлефонныя размовы з кіраўніком Расіі Уладзімірам Пуціным і прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Трамп заявіў 12 лютага, што абмеркаваў з Пуціным вайну ва Украіне, і што яны дамовіліся, што іх адміністрацыі «неадкладна» пачнуць перамовы.
У афіцыйным паведамленні Крамля аб гэтай размове сцвярджаецца, што Пуцін падкрэсліў неабходнасць «ліквідацыі першапрычын» вайны, і што Пуцін «пагадзіўся з Трампам», што «доўгатэрміновага ўрэгулявання можна дасягнуць шляхам мірных перамоваў».
«Расійскія афіцыйныя асобы выразна вызначылі «першапрычыны» вайны як нібыта парушэнне NATO абавязанняў не прасоўвацца на ўсход у раёнах паблізу расійскай мяжы, што сведчыць аб тым, што Крэмль застаецца адданым ідэі навязваць сваю волю і інтарэсы бяспекі Злучаным Штатам і Еўропе і не зацікаўлены ў кампрамісе ў гэтым патрабаванні», — адзначаюць у ISW.
У той жа час прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў і намеснік старшыні Рады бяспекі Расіі Дзмітрый Мядзведзеў наўпрост адхілілі прапанову Зяленскага абмяняць акупаваную ўкраінскую тэрыторыю на тэрыторыю, якую ўтрымліваюць украінскія войскі ў Курскай вобласці, падчас будучых мірных перамоваў.
«Заявы Мядзведзева і Пяскова яшчэ больш пацвярджаюць ацэнку ISW, што Пуцін не зацікаўлены ў якіх-небудзь кампрамісах падчас будучых мірных перамоваў і будзе прытрымлівацца толькі таго мірнага пагаднення, якое задаволіць усе яго максімалісцкія патрабаванні па Украіне», — кажуць у ISW.
* * *
Украіна ўсё яшчэ можа стаць чальцом NATO у будучыні. Для гэтага неабходна выканаць усе ўмовы Паўночнаатлантычнага Альянсу, заявіў міністр абароны Швецыі Пол Ёнсан.
«Я не думаю, што сяброўства ў NATO як такое будзе выключана для Украіны», — заявіў Ёнсан перад сустрэчай міністраў абароны краін-чальцоў альянсу NATO у Брусэлі.
Раней Дональд Трамп заявіў, што лічыць сяброўства Украіны ў Паўночнаатлантычным альянсе малаверагодным і непрактычным. У той жа час міністр абароны Рустэм Умераў заявіў, што пазіцыя Кіева па ўступленні ў NATO застаецца нязменнай: Украіна хоча і будзе краінай Альянсу. «Вы чулі гэтыя заявы апошнія 33 гады, таму трэба прывыкаць да любых заяваў», — сказаў Умераў пасля пасяджэння «Рамштайн» па дапамозе Украіне ў штаб-кватэры NATO у Бруселі.