970-ты дзень вайны. Над Ельскам збілі расійскі "Шахед". Ракетны ўдар па Крывым Розе
Украінскія беспілотнікі атакавалі «найбуйнейшы ў Расіі завод па вытворчасці выбухоўкі». Таксама УСУ ўдарылі па аэрадроме ў Ліпецкай вобласці. Распавядаем пра галоўныя падзеі чарговага дня поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.
Гэтай ноччу над Ельскам збілі расійскі "Шахед" — "Беларускі Гаюн"
Уначы з 19 на 20 кастрычніка ў Беларусь з Украіны заляцелі не менш за 3 расійскія дроны-камікадзэ тыпу «Шахед».
Арыентавана ў 01:25 дрон быў збіты сіламі СПА УС РБ над Ельскім раёнам Гомельскай вобласці, паведамляе «Беларускі Гаюн».
Расія ў ноч на 20 кастрычніка нанеслі ракетны ўдар па Крывым Розе
Параненыя не менш як 17 мясцовых жыхароў, паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай ваеннай абласной адміністрацыі Сяргей Лысак.
Паводле яго звестак, 14 пацярпелым спатрэбілася дапамога медыкаў. Восем чалавек у стане сярэдняй цяжкасці шпіталізаваны. Акрамя таго, у Крывым Рогу пашкоджаны атэль, магазін, адміністрацыйны будынак, навучальная ўстанова, сем шматкватэрных дамоў і каля паўтара дзесятка аўтамабіляў, у тым ліку тры пажарныя машыны, тры аўтамабілі паліцыі і карэта хуткай. Тэхніка экстраных службаў, верагодна, пацярпела з-за таго, што ў момант, калі спецыялісты ўхілялі наступствы першага абстрэлу, ВС РФ нанеслі паўторны ўдар, удакладняе Дзяржаўная служба па надзвычайных сітуацыях.
У выніку расійскага ўдару 37 тысяч спажыўцоў засталіся без доступу да электраэнергіі
Расійская армія раніцай 20 кастрычніка нанесла ўдар па адным з энергетычных аб'ектаў Сумскай вобласці.
У выніку доступу да электраэнергіі часова пазбавіліся больш за 37 тысяч спажыўцоў са 104 населеных пунктаў рэгіёну.
110 украінскіх дронаў над Расіяй
Па сцвярджэнні міністэрства абароны РФ, 43 дроны былі збітыя над тэрыторыяй Курскай вобласці, 27 — Ліпецкай, 18 — Арлоўскай, восем — Ніжагародскай, сем — Белгарадскай, шэсць — Бранскай, адзін — Маскоўскай.
Украінскія беспілотнікі атакавалі «найбуйнейшы ў Расіі завод па вытворчасці выбухоўкі»
Расійскія тэлеграм-каналы са спасылкай на мясцовых жыхароў паведамляюць аб выбухах у раёне "Завода імя Я. М. Свярдлова" — прадпрыемства ў Дзяржынску Ніжагародскай вобласці. Інфармацыю перадае Бі-бі-сі.
Як піша тэлеграм-канал SHOT, відавочцы распавялі аб выбухах і белым дыме ў раёне завода. Усяго было чуваць каля 10 выбухаў з інтэрвалаў за некалькі хвілін. Паводле папярэдніх звестак, сродкі СПА збілі некалькі паветраных цэлей.
"Завод імя Я. М. Свярдлова" вырабляе выбуховыя рэчывы. З 2023 года прадпрыемства знаходзіцца пад санкцыямі ЕЗ, ЗША і Вялікабрытаніі.
Пазней у СБУ распавялі аб удары па «найбуйнейшаму ў Расіі заводу па вытворчасці выбухоўкі».
Крыніцы Украінскай службы Бі-бі-сі ў Службе бяспекі Украіны (СБУ) пацвердзілі факт удару па заводзе імя Свярдлова ў Дзяржынску Ніжагародскай вобласці.
«На гэтым заводзе супернік вырабляе выбухоўку, авіяцыйныя і артылерыйскія снарады, авіяцыйныя бомбы, у тым ліку КАБы, баявыя часткі кумулятыўных супрацьтанкавых кіраваных ракет, баявыя часткі для ракетных комплексаў», – паведаміла крыніца Бі-бі-сі.
Былы мэр расійскгаа Уладзівастока, асуджаны да 15 гадоў калоніі, падпісаў кантракт з Мінабароны Расіі
Ігар Пушкароў ён адправіцца на вайну ва Украіне, перадае "Медуза". У красавіку 2019 года Цвярскі суд Масквы прыгаварыў Пушкарова да 15 гадоў калоніі строгага рэжыму і штрафу ў памеры 500 мільёнаў рублёў.
Яго прызналі вінаватым у атрыманні асабліва буйнога хабару, злоўжыванні паўнамоцтвамі і камерцыйным подкупе.
УСУ ўдарылі па аэрадроме ў Ліпецкай вобласці
Па паведамленні Генеральнага штаба Узброеных сіл Украіны, ВСУ нанеслі ўдар па аэрадроме «Ліпецк-2». Аб нападзе ўкраінскіх беспілотнікаў і працы СПА пісаў ноччу ў сваім тэлеграм-канале ліпецкі губернатар Ігар Артамонаў.
«Мэтай былі склады боекамплекта, месцы захоўвання гаруча-змазачных матэрыялаў і авіяцыйнай тэхнікі. Вядома, што на аэрадроме базуюцца самалёты Су-34, Су-35 і МіГ-31 паветрана-касмічных сіл ворага», — гаворыцца ў паведамленні.