Вайна Расіі супраць Украіны: Місія МАГАТЭ ва Украіне, іранскія беспілотнікі і расстрэл эвакуацыйнай калоны

Зяленскі заявіў, што «акупанты могуць зрабіць толькі дзве рэчы: збегчы або здацца ў палон»

photo_2022_08_30_12_33_19.jpg

Уладзімір Зяленскі ў традыцыйным вечаровым відэазвароце параіў жыхарам Крыма: «Калі ласка, трымайцеся як мага далей ад расійскіх вайсковых аб'ектаў, не знаходзіцеся паблізу расійскіх баз і вайсковых аэрадромаў і паведамляйце спецыяльным службам Украіны ўсю вядомую вам інфармацыю пра акупантаў, каб вызваленне Крыма адбылося хутчэй».

Украінскі кіраўнік падкрэсліў, што ў расійскага войска няма і не будзе ніякай бяспечнай базы: «Нашы абаронцы будуць знішчаць усе склады і штабы акупантаў, іх тэхніку, дзе б яны ні размяшчаліся. Пад Севастопалем — значыць, пад Севастопалем. Пад Луганскам — значыць, пад Луганскам. Гэта ўкраінская зямля, і акупанты могуць зрабіць толькі дзве рэчы: збегчы або здацца ў палон. Іншых опцый мы ім не пакідаем».

Украінскія ўлады сёння ўдзень паведамілі, што распрацоўваюць эвакуацыйныя маршруты для крымчан. «Зразумела, што для Украіны жыццё грамадзян — безумоўны прыярытэт. Таму мы ўжо распрацоўваем эвакуацыйныя маршруты для жыхароў акупаванага Крыма, якія хочуць пакінуць паўвостраў на час актыўнай дэакупацыі. Пакуль жа просім усіх трымацца як мага далей ад вайсковых аб'ектаў” , — сказаў Падаляк.

Эксперты МАГАТЭ прыбылі ў Украіну, каб наведаць ЗАЭС.

Місія МАГАТЭ ў складзе 14 чалавек збіраецца трапіць на Запарожскую АЭС у сераду, 31 жніўня.

А сёння, 30 жніўня, Зяленскі сустрэўся ў Кіеве з гендырэктарам МАГАТЭ Рафаэлем Гросі. Украінскі прэзідэнт заявіў, што Украіна зацікаўленая ў тым, каб місія МАГАТЭ трапіла на Запарожскую АЭС, і падкрэсліў неабходнасць поўнай дэмілітарызацыі станцыі.



Позна ўвечары стала вядома і пазіцыя расійскага боку. «Кіраўнік часовай адміністрацыі» захопленай часткі Запарожскай вобласці Яўген Баліцкі заявіў, што праграма місіі МАГАТЭ на Запарожскай АЭС разлічаная на адзін дзень: «Яны павінны за адзін дзень паглядзець працу станцыі. Тыя элементы, якія яны скажуць, у працэсе магчыма паглядзець. Пакуль заяўлена —азнаёміцца з працай станцыі».

Вашынгтон пацвярджае, што Іран ажыццявіў пастаўку беспілотнікаў Расіі

Пра гэта заявіла прэс-сакратар Белага дома Карын Жан-П'ер: «Па нашай ацэнцы, Расія атрымала ў жніўні ад Ірана БПЛА серыі Mohajer-6 і Shahed. На расійскія транспартныя самалёты пагрузілі абсталяванне БПЛА на аэрадроме ў Іране, затым яны вылецелі з Ірана ў Расію. Гэта мы бачым, такія нашы ацэнкі». 



У жніўні Украіна атрымала рэкордны месячны аб'ём замежнай фінансавай дапамогі — 4,6 мільярда долараў. У гэтую суму ўвайшлі грантавыя сродкі ў памеры 3 мільярды, прадастаўленыя ЗША праз Сусветны банк. «Чакаем у верасні паступлення ад ЗША 1,5  мільярда долараў  грантавай дапамогі — гэта апошні транш, і таксама чакаем у верасні і пачатку кастрычніка атрымання макрафінансавай дапамогі з боку ЕС», — сказаў міністр фінансаў Украіны Марчанка.

Зяленскі ж адзначыў, што аднаўленне Украіны пасля заканчэння вайны будзе каштаваць каля 600-800 мільярдаў долараў.

Генштаб УСУ ў вячэрняй зводцы паведаміў пра няўдалыя спробы наступу расіян на шэрагу кірункаў.

Расіяйская ваенная авіяцыя не залятае ў зону паразы сістэм СПА Украіны больш за тры месяцы. Пра гэта паведаміў у эфіры тэлемарафона спікер камандавання паветраных сіл УСУ Юрый Ігнат.

На поўдні Украіны УСУ ў ноч на аўторак, 30 жніўня, знішчылі блізу 160 расійскіх салдат, 60 адзінак тэхнікі, а таксама нанеслі ўдары па трох мастах у Херсонскай вобласці, паведамляе аператыўнае камандаванне «Південь».



У Запарожскай вобласці расіяне расстралялі эвакуацыйную калону. Мэр Мелітопаля Іван Фёдараў распавёў, што ў панядзелак, 29 жніўня, рускія выпусцілі з захопленай Васільеўкі вялікую колькасць аўтамабіляў мірных грамадзян, што спрабавалі эвакуявацца ў Запарожжа. Але ледзь машыны апынуліся ў шэрай зоне, расіяне адкрылі па іх агонь. Абстрэл вёўся з адлегласці 50-100 метраў. Са слоў Фёдарава, рускія захопнікі робяць усё, каб людзі не хацелі з'язджаць з акупаваных тэрыторый, каб выкарыстоўваць іх у якасці закладнікаў.



Паводле korrespondent.net, www.unian.net