Місія МАГАТЭ адправілася на Запароскую АЭС
Місія МАГАТЭ адправілася на Запароскую атамную электрастанцыю, якая знаходзіцца пад расійскай акупацыяй. Яе ўзначаліў кіраўнік Міжнароднага агенцтва атамнай энергетыкі Рафаэль Гросі.

Паводле яго слоў, місія прыбудзе на Запароскую АЭС ужо на гэтым тыдні.
«Мы павінны абараніць бяспеку найбуйнейшага ва Украіне і Еўропе ядзернага аб'екта. Ганаруся тым, што кірую гэтай місіяй, якая прыбудзе на ЗАЭС на гэтым тыдні», — паведаміў Гросі.
Пры гэтым у самой арганізацыі паведамілі, што асноўнымі мэтамі місіі з'яўляюцца:
* ацаніць фізічную шкоду;* вызначыць функцыянальнасць сістэм бяспекі і аховы;* ацаніць умовы персанала;* выкананне тэрміновых мерапрыемстваў па забеспячэнні бяспекі.
25 жніўня Дзяржаўная інспекцыя па ядзерным рэгуляванні Украіны заявіла аб абясточванні ЗАЭС — адбылося адключэнне апошняй з чатырох паветраных ліній, праз што шосты энергаблок станцыі адключыўся ад энергасеткі.
26 жніўня два энергаблокі ЗАЭС пасля прыпынку зноў падключаны да сеткі і вырабляюць электраэнергію для патрэбаў Украіны.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адзначыў, што МАГАТЭ і іншыя міжнародныя арганізацыі павінны дзейнічаць значна хутчэй, чым зараз.

Кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Марыяна Гросі заявіў, што гатовы асабіста ўзначаліць місію на станцыі ў найбліжэйшыя дні, каб дапамагчы стабілізаваць сітуацыю з ядзернай бяспекай. Пазней у СМІ з'явілася інфармацыя, што ў групу ўвайшлі, акрамя Гросі, яшчэ 13 экспертаў з пераважна нейтральных краін. У прыватнасці, гэта эксперты з дружалюбных Украіне Польшчы і Літвы, а таксама прадстаўнікі дружалюбных Расіі Кітая і Сербіі.