Which side are you on? Культпратэст на тры краіны

Амерыканскія, украінскія і беларускія музыкі выпусцілі сумесны трэк у падтрымку свабоднай Беларусі.

Праект Slavalachia, які аб’яднаў фолк-музыкаў з Беларусі, Украіны і ЗША выпусціў свой першы сінгл і кліп на трох мовах Which side are you on? у знак салідарнасці з барацьбой супраць дыктатуры і рэпрэсій. Амерыканцы добра знаёмы з нашай культурай, яны былі ў Беларусі і Заходняй Украіне у студзені 2020 па запрашэнню беларускага спевака Сержука Доўгушава і прадзюсара Надзеі Ількевіч. Пад час паездкі музыкі вандравалі і рыхтавалі выступ да фестываля Sprava, які быў перанесены на 2021 год.

Сучасная сітуацыя, якая разгортваецца зараз не магла не крануць музыкаў, таму, нягледзячы на пандэмію і адлегласць яны вырашылі падтрымаць Беларусь пратэстнай песняй.

Песня Which side are you on? была абрана не выпадкова, яна была напісана ў 1931 годзе жонкай актывіста Сэма Рыса, які адстойваў правы шахцёраў на поўдні штата Кентукі. Яна сімвалізуе барацьбу за свабоду, заклікае да дзеяння і з'яўляецца гістарычнай спадчынай рэгіёну Апалачы.  

Ад ідэі да гатовага музычнага трэка і кліпа было ўсяго 10 дзён. У здымках, запісы, пост-прадакшне прынялі ўдзел беларускія культурныя дзеячы: рэжысёр мантажу Варфаламей Курага, кампазітар Дзмітрый Фрыга. Здымкі праходзілі ў Львове, Мінску, Каламбусе і Атэнс (Агаё). Аўтарскі тэкст на беларускай і ўкраінскай мовах напісаў паэт Алесь Плотка.

Slavalachia — гэта міжкультурны праект, у якім аб'ядноўваюцца музычныя традыцыі Беларусі, Украіны і Апалачанскага рэгіёну ЗША з мэтай эксперыменту і стварэння новай рэвалюцыйнай культуры.

Удзельнікі праекта: Беларусь — лідар гурта Vuraj, музыка, этнограф, Сяржук Доўгушаў Украіна — Львоўскі фолк гурт Torban ЗША — фолк гурт са штата Агаё Hill Spirits
Паводле прэс-рэліза